29 студзеня ў вёсцы Заляшаны на Беласточчыне адзначылі 80-ю гадавіну спалення населенага пункта атрадам польскага антыкамуністычнага падполля, якім камандаваў капітан Рамуальд Райс, мянушка «Буры». У Заляшанах ад пажару, куль і атрыманых ран загінулі 16 чалавек. Ахвяры атраду «Бурага», агулам 79 чалавек, з вёсак Заляшаны, Зані, Шпакі, Вулька Выганаўская і Канцавізна, а таксама фурманы, забітыя ў лесе каля Пухал-Старых, былі прызнаныя мучанікамі і кананізаваныя Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой у 2020 годзе.
На жалобнай урачыстасці ў Заляшанах быў старшыня польскага Сейму Уладзімеж Чажасты, які, выступаючы перад крыжам у цэнтры вёскі, падкрэсліў, што гэтае злачынства мае прыкметы генацыду.
Некалькі гадоў таму перад гэтым крыжам на калені стаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Пра тагачасныя падзеі і іх сучаснае значэнне з журналістамі Валянцінай Лаеўскай і Юры Калінам размаўляе Яраслаў Іванюк.
Яраслаў Іванюк: Чажасты і Дуда – гэта палітыкі з супрацьлеглых палітычных лагераў. Гэта, аднак, зусім не азначае, што ў польскім грамадстве існуе згода, калі гаварыць пра ацэнку тых падзей. Ці такая згода, на вашу думку, наогул магчымая ў перспектыве?
Валянціна Лаеўская: Думаю, што такая згода немагчымая, бо заўсёды будуць людзі, якім дзеянні «Бурага» ці прынамсі яго ідэі будуць падабацца. Бо ёсць людзі, якія лічаць, што любымі сродкамі трэба дасягаць нейкіх мэтаў. І тут ужо не так важна, слушныя яны ці не. Ці тымі сродкамі, якімі змагаўся «Буры», увогуле можна было дасягнуць якой-небудзь мэты? Гэта сумнеўна, але гэта справа веры, а не нейкай рэальнай, рацыянальнай ацэнкі.
Пазітыўна тое, што ахвяр памінаюць розныя палітыкі, хаця мы ведаем, што ёсць палітыкі, якія абсалютна ніколі не прыедуць у Заляшаны і не схіляць галаву перад пакутным крыжам у Заляшанах ці ў іншых месцах гэтай трагедыі. Аднак пазітыўна, што ёсць і такія палітыкі, якія ўсё ж прыязджаюць. Гэта важна для нас як для грамадзян Польшчы, што наша ўлада бачыць тое, што адбылося ў Заляшанах, і адэкватна ацэньвае дзеянні Рамуальда Райса «Бурага».
Яраслаў Іванюк: Яшчэ да нядаўняга часу я сказаў бы, што людзі з правага боку палітычнай сцэны, такія, як прэзідэнт Анджэй Дуда, ніколі ў Заляшаны не прыедуць. Аднак прэзідэнт Дуда прыехаў.
Учора Уладзімеж Чажасты сказаў, што ў Сейме будзе распрацоўвацца закон пра кампенсацыі для сем’яў ахвяр Рамуальда Райса «Бурага». Гэта крок у добрым напрамку? Бо гэтым законам даўно займаўся былы дэпутат Яўген Чыквін, але тады гэта не атрымалася.
Юры Каліна: Мы ўсе ўчора былі ў Заляшанах, я таксама слухаў выказванні старшыні Чажастага. На маю думку, яны былі вельмі моцныя і вельмі важныя: там, каля гэтага пакутнага крыжа. Ён адназначна сказаў, што гэта было злачынства, амаль генацыд нашага народу, і што польская дзяржава павінна завяршыць працэс ушанавання нявінных ахвяр «Бурага».
Пра кампенсацыі гаворыцца ўжо шмат гадоў – не ведаю, дзесяць, можа пятнаццаць. Якраз Яўген Чыквін гэтым займаўся, калі быў дэпутатам польскага Сейма. Тады гэта не атрымалася па розных прычынах, найперш таму, што большасць у Сейме не хацела, каб закон аб кампенсацыях быў прыняты.
Старшыня Чажасты сказаў, што гэты закон будзе разглядацца на бліжэйшым пасяджэнні Сейма. Гэта добра. Я сказаў бы, што гэта, магчыма, завяршыла б увесь працэс ушанавання ахвяр.
слухайце аўдыёфайл