Кракаў — другі горад у Польшчы пасля Варшавы, які абмежаваў магчымасць заязджаць у цэнтр самых старых і не экалагічных транспартных сродкаў. Правілы былі ўведзеныя ў сярэдзіне 2025 года, а з 1 студзеня 2026 года нормы сталі яшчэ больш жорсткімі.
У Зону чыстага транспарту (Strefa Czystego Transportu - SCT) маюць свабодны ўезд толькі тыя транспартныя сродкі з бензінавым рухавіком, якія адпавядаюць стандарту Euro 4 або ім менш за 21 год. Дызельныя аўто павінны адпавядаць крыху больш строгім правілам (бо яны і забруджваюць мацней, чым машыны на бензін). Для легкавых аўтамабіляў прыняты стандарт Euro 6 або год выпуску – 2014 і пазней.
Новыя правілы падабаюцца, зразумела, не ўсім. Жыхарам Кракава, у прынцыпе, усё роўна, паколькі яны не плацяць. А вось тыя, хто прыязджае ў горад на працу або вучобу, часта выказвае сваё шчырае абурэнне новай аплатай. З вуліц нават пачалі знікаць табліцы, якія інфармуюць пра мяжу зоны. А саму Зону чыстага транспарту назвалі ўжо “зонай транспартных чыстак”. Пры гэтым, па словах дэпутата гарадской рады Кракава Лукаша Вантуха (Łukasz Wantuch), галоўная прычына ўвядзення зоны – зусім не паляпшэнне экалогіі, а камфорт жыхароў і фінансы.
— Для мяне важнейшая перавага гэтай зоны — зусім не паляпшэнне экалогіі. На самой справе, экалагічная карысць будзе мінімальнай. Для мяне самае важнае – абмежаванне колькасці аўтамабіляў, якія прыязджаюць з суседніх населеных пунктаў. Кожны дзень у Кракаў прыязджае з прыгараду чвэрць мільёна аўтамабіляў. З-за гэтага коркі ў горадзе становяцца ўсё горшымі, знайсці месца для паркоўкі ўсё цяжэй. Таму для мяне зона чыстага транспарту — гэта спосаб абмежаваць прыток аўтамабіляў з суседніх муніцыпалітэтаў. І таму я яе падтрымліваю. Я асабіста лічу, што людзі, якія едуць з-за межаў Кракава ў цэнтр горада, а не толькі праязджаюць праз яго, павінны плаціць, як у Лондане.
У Лондане сапраўды аплата за ўезд у цэнтр горада вельмі высокая. І, трэба прызнаць, там вельмі мала прыватных машын, пераважна людзі карыстаюцца грамадскім транспартам. Калі я была ў знаёмай, якая жыве пад Лонданам, яна сказала, што ніколі не ездзіць на машыне ў горад, паколькі гэта вельмі дорага.
— Так павінны быць і ў нас. У нас ёсць грамадскі транспарт, у нас ёсць цягнікі. Суседнія населеныя пункты таксама маглі б нешта зрабіць, каб палепшыць якасць грамадскага транспарту. Прыгарадны транспарт дрэнны, таму што суседнія муніцыпалітэты не хочуць плаціць. Калі б яны выдзелілі больш грошай, мы маглі б пусціць прыгарадныя аўтобусы кожныя 5 хвілін. Я лічу, што Кракаў павінен падумаць пра сябе і абмежаваць прыток аўтамабіляў з суседніх гмін. Так, як у Лондане – павінна быць плата для людзей з-за межаў Кракава.
Дарэчы, гэта палепшыць таксама экалогію ў Кракаве, які часта пакутуе ад забруджанага паветра.
— Калі гаворка ідзе пра смог у Кракаве, дык трэба сказаць, што ў нас практычна не засталося старых вугальных катлоў, у горадзе (менавіта яны з’яўляюцца ў першую чаргу прычынай забруджвання паветра – рэд.). Але нас усё яшчэ “атручваюць” суседнія гміны. Такім чынам, зона чыстага транспарту не будзе мець на якасць паветра вялікага ўплыву, таму што гэтыя правілы вельмі ліберальныя. Напрыклад, ад аплаты цалкам вызваленыя жыхары Кракава. Але гэта будзе мець значны ўплыў на змяншэнне колькасці аўтамабіляў, што палегчыць перамяшчэнне па горадзе.
Жыхароў Кракава гэтыя новыя правілы не датычаць. І нават не трэба мець прапіскі ў горадзе, дастаткова плаціць у ім падаткі, каб атрымаць права на бясплатны ўезд у зону.
— Для мяне жыхар Кракава — гэта той, хто плаціць падаткі ў Кракаве. Нават той, хто жыве ў прыгарадзе, але плаціць падаткі ў Кракаве, гэта — жыхар Кракава. На жаль, многія людзі жывуць і працуюць у Кракаве, дзеці тут ходзяць у школу, але плаціць падаткі ў прыгараднай мясцовасці. З гэтым трэба разабрацца. Каб плаціць падаткі ў Кракаве, трэба толькі падаць адну заяву ў падатковую інспекцыю. Падаткі трэба плаціць там, дзе знаходзіцца цэнтр вашага жыцця. Такім чынам, калі хтосьці працуе ў Кракаве, ён павінен плаціць падаткі ў Кракаве. За кожнага такога чалавека мы атрымліваем не менш за 2500 злотых у год. І даход ад гэтага падатку — найважнейшы артыкул бюджэту. Такім чынам, Кракаву прыходзіцца змагацца за абарону сваіх інтарэсаў.
Мэта новаўвядзення – між іншым клопат пра здароўе людзей. Па горадзе ездзіць каля паўмільёна аўтамабіляў, якія належаць жыхарам гэтага горада. Але штодзённа ў Кракаў прыязджае таксама шмат людзей з прыгарадаў, і менавіта іх датычыць аплата. Зона чыстага транспарту ахоплівае прыкладна 60% тэрыторыі Кракава.
нг