Маршам і ганаровай вартай ля помніка Кастусю Каліноўскаму ў вёсцы Мастаўляны на Беласточчыне беларусы Польшчы ўшанавалі 163-ю гадавіну пачатку паўстання 1863 года на беларускіх землях і 188-ю гадавіну з дня нараджэння беларускага героя. 15-градусны мароз не спужаў удзельнікаў мерапрыемства.
Грамада прачылата «Лісты з-пад шыбеніцы», усклала кветак і запаліла свечкі. Удзельнікі маршу з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі да былой сядзібы Каліноўскіх і памятных табліцаў.
Анатоль Міхнавец у Мастаўляны прыяжджае ў гэтую пару здаўна.
Анатоль Міхнавец: Я прыехаў у Польшчу ў 2006 годзе па праграме Каліноўскага, і з таго часу, за рэдкім выключэннем, амаль заўсёды 1 або 2 лютага прыязджаў у Мастаўляны, бо 1 лютага 1863 года на землях Літвы і Беларусі пачалося паўстанне: быў абвешчаны маніфест з заклікам да жыхароў земляў Вялікага Княства Літоўскага далучыцца да змагання. А 2 лютага – дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага. Таму мы заўсёды стараліся быць тут у гэтыя дні.
Раней тут не было ні помніка, нічога. Мы хадзілі на месца, дзе знаходзілася сядзіба Каліноўскіх, запальвалі знічы, прамаўлялі, прывозілі людзей. Для ўсіх беларусаў гэтае месца – святое, надзвычай важнае для нашай гісторыі. Я лічу, што тут павінен узнікнуць мемарыяльны комплекс і што 1 і 2 лютага тут заўсёды павінны быць людзі, якія будуць узгадваць тыя падзеі і постаць Кастуся Каліноўскага. Менавіта таму мы сёння тут – прыехалі прадстаўнікі руху «Каліноўцы».
Яраслаў Іванюк: У клубе гістарычнай рэканструкцыі «Інвіктус» – адна жанчына і некалькі мужчын. Такія ж прапорцыі былі і ў 1863 годзе?
Кацярына Ваданосава, клуб «Інвіктус 1863»: Насамрэч, не зусім так. Менавіта гэта я і імкнуся паказаць. Бо жанчыны, нават калі яны не ішлі ў лясы ваяваць, а такія выпадкі таксама былі, а заставаліся дома, бралі на сябе не толькі ўсю гаспадарку, але і лагістыку паўстання. Ніхто, акрамя жанчын, не мог падвозіць паўстанцам ежу, фураж, правіянт, лісты, а часам нават зброю.
У гэтым плане вельмі важную ролю адыгрывалі крыналіны – вынаходніцтва сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Пад імі можна было схаваць нават пісталеты ці карэспандэнцыю.
Я хачу паказаць, што ніякае паўстанне, ніякая доўгатэрміновая вайсковая аперацыя, а паўстанне 1863 года было менавіта такой аперацыяй, немагчымая без удзелу жанчын.
Гісторык Юры Меляшкевіч: Сёння беларусам і Беларусі асабліва патрэбна ведаць пра спадчыну Кастуся Каліноўскага. Калі мы гаворым пра тую Беларусь, якая марыць пра свабоду, роўнасць, справядлівасць, пра нацыянальнае адраджэнне, – то гэтай Беларусі Каліноўскі неабходны.
Любая іншая Беларусь, якая будуецца на прынцыпах нянавісці, зла і разбурэння, не знойдзе ў Каліноўскім свайго апірышча. Гэта надзвычай важная постаць, і даследаванне, вывучэнне, ушанаванне і папулярызацыя яго спадчыны – ключавая задача для фармавання беларускай ідэнтычнасці.
Я лічу, што адзін з найважнейшых тэкстаў, які сёння можна знайсці на беларускіх паліцах, – гэта раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Я знайшоў яго, калі знаходзіўся ў СІЗА, на паліцы турэмнай бібліятэкі. На жаль, змог прачытаць толькі першую частку – другую нехта вырваў і забраў з сабой у іншую камеру.
Я зразумеў, што нават у турме гэтыя словы, гэтыя вобразы, гэтая аптымістычная і маральная сіла надзвычай патрэбныя чалавеку.
Яраслаў Іванюк: Магчыма, менавіта таму кніга была выдаленая са школьнай праграмы. А былыя палітвязні – не толькі вы, але і іншыя, у тым ліку Аляксандр Фядута, – гавораць пра «Каласы пад сярпом тваім» як пра сучасную беларускую нацыянальную ідэю.
Юры Меляшкевіч: Я цалкам падтрымліваю гэтыя словы і выразна бачу сэнс і значэнне гэтага твора.
Ён настолькі пазітыўна ўплывае на ментальнае здароўе чалавека, які знаходзіцца ў цяжкіх умовах, але марыць пра свабоду, што, напэўна, гэта найлепшы твор, які я сустрэў на ўсіх турэмных паліцах за ўвесь час зняволення.
Рэпартаж падрыхтаваў Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыёфайл