Беларуская Служба

Экспертка: Не павінна быць згоды дзяржавы на нармалізацыю алкаголю ў грамадскай прасторы 

04.02.2026 08:21
Агнешка Сікора распавядае, як алкаголь руйнуе сем’і, чаму рэклама небяспечная і навошта дзяржаве выразна паказаць: гэта праблема, а не норма.
Аўдыё
  • Экспертка: Не павінна быць згоды дзяржавы на нармалізацыя алкаголю ў грамадскай прасторы 
.    .
Алкаголь. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Felix Wolf/pixabay.com/CC0 Public Domain

 Алкаголь — крыніца сацыяльных трагедый. За яго нармалізацыяй стаяць зламаныя лёсы маладых людзей, якія з дзяцінства сутыкнуліся з гвалтам, залежнасцю і бездомнасцю. Заснавальніца Фундацыі Po Drugie Агнешка Сікора распавядае, як алкаголь руйнуе сем’і, чаму рэклама небяспечная і навошта дзяржаве выразна паказаць: гэта праблема, а не норма.

Фундацыя Po Drugie працуе з моладдзю і маладымі дарослымі, якія апынуліся пад пагрозай або ўжо пацярпелі ад бяздомнасці. Вельмі часта карані іх жыццёвай драмы — у праблемах, звязаных са злоўжываннем алкаголем у сям’і. Пра тое, ці павінна Польшча жорстка абмяжоўваць прысутнасць алкаголю ў публічнай прасторы, Першая праграма Польскага радыё паразмаўляла з заснавальніцай Фундацыі Po Drugie Агнешкай Сікорай.

— Я лічу, што перш за ўсё мы павінны быць мудрымі і разважлівымі. Абмежаванне продажу алкаголю, інфармаванне пра яго шкоднасць і выразны сігнал грамадству, што дзяржава бачыць праблему і не падтрымлівае распаўсюджванне алкаголю, — надзвычай важныя. Мы павінны рабіць усё, што служыць людзям і робіць грамадства здаравейшым, шчаслівей і бяспечней.

Ваша фундацыя падтрымлівае маладых людзей, якія апынуліся пад пагрозай бездомнасці. Як часта прычынай іх сітуацыі становіцца алкаголь у сям’і?

— Мы бачым самы чорны бок алкаголю — той, што звязаны з найвялікшымі драмамі. Сярод нашых падапечных ёсць людзі з фетальным алкагольным сіндромам — ФАС. Гэта вынік ужывання алкаголю маці падчас цяжарнасці. Гэта стан, які немагчыма вылечыць і наступствы якога нельга сцерці. Гэтыя людзі ўсё жыццё плацяць цану за рашэнні, прынятыя іншымі. Гэта балюча і несправядліва. Каля 80% нашых падапечных выраслі ў дамах, дзе алкаголь быў часткай небяспечнай рэальнасці — гаворка ідзе пра залежнасць. У такіх сем’ях часта прысутнічаў гвалт. Нават сам факт, што дзіця бачыць п’янага бацьку або маці, — гэта форма гвалту. Многія з гэтых дзяцей пазней траплялі ў прыёмныя сем’і або ў інтэрнаты.

Ці дапамагаеце вы таксама маладым людзям, якія ўжо самі маюць залежнасць?

— Так, вельмі часта. Тыя, хто вырас у алкагольных сем’ях, пераймаюць гэтыя мадэлі. Гэта парадаксальна: людзі, якія найбольш пакутавалі з-за алкаголю блізкіх, з часам самі трапляюць у алкагольную залежнасць. У нас ёсць выпадкі, калі першы кантакт з алкаголем адбываўся ў дзевяць ці дзесяць гадоў, і напой ім давалі бацькі. Гэта сапраўдныя драмы. Пазней, калі ім спаўняецца васямнаццаць ці дзевятнаццаць, яны апынаюцца на вуліцы і становяцца бяздомнымі. Таму, працуючы з моладдзю без даху над галавой, мы бачым самы драматычны вынік алкагольнай праблемы.

У Сейме цяпер абмяркоўваюцца прапановы аб поўнай забароне рэкламы алкаголю. Раней яна не ахоплівала піва. Ці сапраўды гэта праблема?

— Вельмі небяспечна нармалізаваць алкаголь і паказваць яго як нешта «вясёлае» і абавязковае для кожнай вечарыны, свята ці адпачынку. Гэта шкодна. Таксама дрэнна, што ў крамах ёсць «дзіцячае шампанскае». Мы з маленства вучым, што без алкаголю няма свята, калі дзецям на іх 5-ыя - 6-ыя народзіны купляем  «дзіцячае шампанскае». Гэта фармуе шкодныя ўстаноўкі, мы павінны імкнуцца да іншага вобразу, а не да карцінкі ў якой алкаголь нешта файнае.

Некаторыя эксперты заклікаюць забараніць рэкламу безалкагольных напояў, якія выглядаюць як піва. Ці такія прапановы вартыя ўвагі?

—Мне здаецца, што так, і тут прыклад з дзіцячым шампанскім таксама добры. Мы працуем з людзьмі, якія змагаюцца з залежнасцю, і тэрапеўты часта раяць ім не ўжываць нават безалкагольныя аналагі. Яны могуць быць трыгерам. Чалавек можа доўгі час быць цвярозым, выпіць «нулёўку», а потым вярнуцца да звычайнага піва. Таму такая рэклама таксама нармалізуе алкаголь.

Наколькі складана дапамагаць маладым людзям, для якіх гэты «чорны сцэнар» ужо стаў рэальнасцю?

— Гэта заўсёды вельмі цяжка. Мы маем справу з мноствам праблем адначасова: траўмамі, стратамі, недахопам падтрымкі. Патрэбная доўгая праца — сацыяльная, педагагічная, псіхалагічная, тэрапеўтычная. Мы павінны паказаць маладым, што яны могуць падняцца. Але было б значна лягчэй, калі б у іх жыцці так часта не з’яўляўся гэты паскудны алкаголь.

Слухайце аўдыё! 

эж