Беларуская Служба

За 3000 км ад Расіі: чаму сярод таджыкаў усё яшчэ распаўсюджана руская мова

05.02.2026 18:01
Фірузі Хаіт, журналіст партала Azda.tv, расказвае, на чым трымаецца залежнасць Таджыкістана ад Расіі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ф.Хаіт пра русский мир у Таджыкістане.
 .
Сцяг Таджыкістана.Pixabay.com

Адлегласць паміж Расіяй і Таджыкістанам па аўтамагістралі — 2500-3000 км — праз тэрыторыю Казахстана і Узбекістана або Кыргызстана. Аднак і тут, у цэнтры Азіі, адчуваецца «русский дух» — і захоўваецца «русский мир». І гэта не толькі спадчына, якая засталася Таджыкістану з часоў СССР. Гэта геапалітычная праблема. Для Беларусі яна актуальная дзякуючы агульнай граніцы з Расіяй. Аднак нават адсутнасць такой граніцы не гарантуе ад разбуральных уплываў з боку імперскай Расіі.

У студыю Польскага радыё прыйшоў Фірузі Хаіт, журналіст таджыкскага партала Azda.tv. Ён жыве і працуе ў Польшчы. Сюды ён эмігрыраваў праз Беларусь. А на бацькаўшчыне з 2016 года сядзіць у турме (прыгавораны да пажыццёвага зняволення) яго бацька Махмадалі Хаіт, намеснік старшыні Партыі ісламскага адраджэння, забароненай рэжымам прэзідэнта Эмамалі Рахмона.

Мы гутарым з Фірузі ў Варшаве пра агульную пагрозу для Таджыкістана і Польшчы — пра «русский мир». Гэта не пагроза, а рэальная агрэсія супраць Украіны і Беларусі, а супраць Украіны, як ні дзіўна, — у тым ліку з боку тых таджыкаў, якія сталі... салдатамі «русского мира». Гучыць дзіўна, жудасна? Аднак гэта рэчаіснасць, на якую нам расплюшчвае вочы Фірузі Хаіт.

— Падлічана, што цяпер на баку Расіі ваюе больш за 10 000 таджыкаў. Нядаўна праект «Хачу жыць» апублікаваў, наколькі я памятаю, імёны больш як 3 000 грамадзян Таджыкістана, з якіх каля 500, магчыма, ужо загінулі. Напрыклад, ва Узбекістане бываюць сітуацыі, калі за ўдзел у вайне (Расіі супраць Украіны. — Рэд.) чалавека саджаюць у турму. У Кыргызстане таксама ёсць такія выпадкі. А ў Таджыкістане — не. Наш генеральны пракурор выразна і адназначна заявіў, што ўсе гэтыя таджыкі, якія маюць падвойнае грамадзянства, павінны служыць у арміі (РФ. — Рэд.). Але ёсць і іншыя сітуацыі: падчас рэйдаў на мігрантаў (у Расіі. — Рэд.) затрымлівалі тых, у каго няма расійскага пашпарта, і адпраўлялі на вайну. Можна сказаць, што такім чынам таджыкская ўлада — рэжым прэзідэнта Эмамалі Рахмона падтрымлівае Расію. Акрамя таго, у абыход санкцый на карысць Расіі дзейнічалі тры таджыкскія банкі. Яны належаць сваякам Рахмона і набліжаным да яго. «Душанбэ Сіцібанк» належыць сям’і сына Эмамалі Рахмона — Рустама Алі, іншыя банкі таксама знаходзяцца ва ўласнасці сваякоў прэзідэнта. Так улады (Таджыкістана. — Рэд.) і аказваюць падтрымку (Расіі. — Рэд.).

За што ж ваююць тыя таджыкі, які пайшлі на вайну на баку Расіі супраць Украіны?

— Некаторым, напрыклад, абяцаюць расійскае грамадзянства, і з-за гэтага яны ідуць на вайну. Некаторым даюць грошы — каля 200 000 расійскіх рублёў. Сярод іх можа быць і невялікая меншасць тых, хто ідэйна ваюе за Расію, проста таму, што таджыкі гадамі жылі ў Расіі і працавалі там. З-за гэтага, як яны самі кажуць, і ідуць ваяваць за яе... Расія з’яўляецца галоўным рынкам працы для Таджыкістана. Каля 2 мільёнаў таджыкаў цяпер працуюць менавіта ў Расіі. Яны ў пэўнай ступені, можна сказаць, інтэграваліся там, таму і ўзнікае такая сітуацыя.


Фіруз Хаіт.
Фота: Viktar Korbut / Polskie Radio Фірузі Хаіт. Фота: Viktar Korbut / Polskie Radio

У 2014 годзе колькасць насельніцтва Таджыкістана складала 8,2 млн чалавек. Большая частка з іх таджыкі (79,9 %), узбекі (15,3 %), рускія (1,1 %) і кіргізы (1,1 %). Інакш кажучы, у Таджыкістане амаль такая ж колькасць насельніцтва, як у Беларусі.

І хаця таджыкі не так дэнацыяналізаваны, як беларусы, наадварот, — яны ганарацца сваёй старажытнай іранскай мовай — мясцовым варыянтам фарсі (персідскай), распаўсюджанай таксама ў суседніх Афганістане і Іране, а калісьці і ў Бухары і Самаркандзе, што цяпер уваходзяць у склад Узбекістана.

І ўсё ж, руская прысутнасць у Таджыкістане большая, чым працэнт рускіх па нацыянальнасці ў складзе насельніцтва.

— У Таджыкістане ёсць рускія школы, рускі ўніверсітэт. Руская мова, можна сказаць, другая мова ў нашай краіне. Але большасць насельніцтва карыстаецца менавіта таджыкскай мовай, і ўлады таксама выкарыстоўваюць таджыкскую мову. Хаця некаторыя размаўляюць і па-руску — больш за ўсё моладзь, асабліва тая, што жыве ў сталіцы — Душанбэ. Гэта значыць, што калі мы прыедзем у Душанбэ, то там часцей за ўсё гучыць таджыкская мова. Пры гэтым людзі ўмеюць размаўляць і па-руску.

Ці можна сказаць у такім выпадку, што Таджыкістан з’яўляецца часткай «русского мира»?

— Ну, у пэўным сэнсе, магчыма... Паколькі ўлады краіны цесна супрацоўнічаюць з Расіяй. Таджыкскія ўлады, напрыклад, запрашаюць настаўнікаў з Расіі ў нашы рускія школы. У школах у нас абавязковая руская мова як прадмет — адзін або два ўрокі на тыдзень.

Як і ў Беларусі, рашэнне аб змяншэнні залежнасці ад Расіі залежыць не ад народа, а ад дыктатарскага рэжыму прэзідэнта краіны.

— Пакуль існуе гэтая ўлада, гэта немагчыма. Калі прыйдзе новая ўлада — магчыма... Каля 2 мільёнаў таджыкаў жывуць і працуюць у Расіі і дасылаюць грошы на радзіму. Гэтыя грашовыя пераводы з Расіі складаюць прыкладна 40–49 працэнтаў ВУП Таджыкістана. Гэта вельмі вялікая, велізарная сума.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Сяргей Навумчык: У 1995 годзе Лукашэнка і Масква нанеслі наймацнейшы ўдар па беларускай нацыі

19.05.2025 16:54
Сяргей Навумчык ставіць трагедыю рэферэндуму 1995 года ў адзін рад з нападам Гітлера і чарнобыльскай катастрофай.

Іэн Гарнэр: Пад выглядам выхавання патрыётаў у Расіі гадуюць фашыстаў. Гэта закранае і Беларусь

29.01.2026 16:01
У Варшаве выйшла кніга Іэна Гарнэра з Інстытута салідарнасці і мужнасці імя В. Пілецкага Za Putina. Mroczny portret faszystowskich ruchów młodzieżowych w Rosji.