Беларуская Служба

Неўзабаве пачнуць дзейнічаць правілы, згодна якім дзеці павінны ездзіць на самакатах у шлемах

04.02.2026 16:26
Для дзяцей і падлеткаў да 16 гадоў шлем стане абавязковым. 
        .
Празмерная хуткасць на электрасамакатах можа прывесці да сур'ёзнай аварыі. Фота: Pixabay/Surprising_Media

Трэцяга сакавіка ўступяць у сілу змены ў польскіх Правілах дарожнага руху, якія закранаюць карыстанне электрасамакатамі. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі хоча зменшыць колькасць аварый з удзелам дзяцей - паведамляе Forsal.

Галоўная навіна — павышэнне мінімальнага ўзросту. Да гэтага часу электрасамакатамі маглі карыстацца дзеці ад 10 гадоў пры наяўнасці правоў на ровар. Паводле статыстыкі, у кожнай трэцяй аварыі з удзелам гэтых транспартных сродкаў фігуравалі дзеці 7–14 гадоў. З 3 сакавіка 2026 года ездзіць па дарогах змогуць толькі падлеткі ад 13 гадоў. Малодшым дазволяць катацца толькі ў жылых зонах і пад наглядам дарослых.

Яшчэ адна змена ўступіць у сілу 3 чэрвеня: для дзяцей і падлеткаў да 16 гадоў шлем стане абавязковым. Гэта датычыцца не толькі электрасамакатаў, але і ровараў ды іншых сродкаў асабістага перамяшчэння. За адсутнасць шлема прадугледжаны штраф 100 злотых, адказнасць будуць несці апекуны.

МУС таксама плануе ўзмацніць кантроль. Паліцыя можа атрымаць спецыяльныя дынамометры — прылады для праверкі максімальнай хуткасці і магутнасці электрасамакату. Такія прылады выкарыстоўваюцца ў Нідэрландах, Бельгіі і Ірландыі. Адзін з іх — Dynostar — ужо тэставалі ў Познані і Кракаве. Прылада дазваляе выяўляць транспарт, які перавышае дапушчальныя параметры і стварае небяспеку на дарозе.

Кошт аднаго дынамометра складае ад 11 да 18 тысяч еўра. Пакуль што рашэнне пра масавыя закупкі ў Польшчы не прынята, але МУС не выключае іх у будучыні.

нг