Беларуская Служба

Ад каранёў да самаўсведамлення: як скласці свой радавод

10.02.2026 06:03
Беларуска ніводнага разу не наведвала архіваў, але склала свой радавод да XIV стагоддзя. Яна ўпэўненая, што свой радавод пры жаданні можа скласці кожны.
Аўдыё
  • Ад каранёў да самаўсведамлення: як скласці свой радавод
.
..

 — Юля, ты прапанавала тут беларускай супольнасці вельмі цікавую тэму — пра тое, як скласці свой радавод. Але, наколькі я памятаю, у цябе эканамічная адукацыя. Ці даўно ты цікавішся тэмай радаводу?

— Так у жыцці здараецца, што часам не самыя лепшыя падзеі падштурхоўваюць да нейкіх важных рэчаў. Вось і ў мяне так здарылася. Пайшла ў лепшы свет мая любімая бабуля, якая ў тым ліку мяне гадавала, і я задумалася над тым, што вельмі мала ведала пра продкаў, пра яе сям’ю, і вырашыла, што варта больш часу надаваць гісторыі сваёй сям’і. Вось так я і пачала свае расследаванні, пошукі.

— Якімі былі твае першыя крокі ў гэтым расследаванні?

— Канешне, напачатку я трохі блукала ў сваіх пошуках, гэта было даволі складана. Але ў мяне былі сябры, якія займаліся генеалогіяй, я хадзіла да іх па парады, хаця большасць рабілася навобмацак, інтуітыўна. Я разумела, што трэба стасавацца з іншымі сваякамі, знаходзіць кантакты. Даводзілася нават мець зносіны з малазнаёмымі сваякамі, каб знайсці нейкую інфармацыю. І вось так і пайшло: цёці, стрыечныя бабулі і г.д.

— Як шмат часу давялося патраціць, каб аднавіць генеалагічнае дрэва?

— Сур’ёзна над гэтым я пачала працаваць у 2019 годзе і шмат часу гэтаму прысвячала, а цяпер ужо менш. Даводзілася і наймаць людзей, якія працавалі ў архівах. Вельмі шмат інфармацыі можна знайсці ў інтэрнэце — метрычныя кнігі, інвентары і г.д. Сядзела вечарамі і начамі, і так падоўгу.

— І да якога стагоддзя ўдалося знайсці свае карані?

— Па Ліхадзіеўскіх-Глінскіх — XIV стагоддзе, а па сялянскіх продках — XVII–XVIII стагоддзі.

— Ты сама, не маючы адпаведнай адукацыі, знайшла свае карані аж да XIV стагоддзя. Значыць, гэта рэальна зрабіць?

— Так, рэальна. І дзякуючы цудоўным людзям з генеалагічнай супольнасці, дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі ты можаш запісацца ў спецыялізаваны чат і задаваць там шматлікія пытанні. А ўсё астатняе залежыць ад твайго імпэту і жадання.

— Што было самым цікавым падчас гэтых пошукаў і самым складаным?

— Складаным было чытаць метрычныя кнігі па-польску. Па-першае, гэтыя царкоўныя пісары маюць почырк, як у лекараў. Па-другое, цяпер я ў Польшчы, і мне мова даецца прасцей. А самым цікавым было, калі я знайшла кнігу пра род Ліхадзіеўскіх. Гэта было настолькі нечакана — я нават расплакалася. Гэта быў нейкі цуд. І дзённік майго прадзеда — гэта таксама было вельмі важна. Здаецца, што банальна размаўляць са сваімі роднымі, але гэта можа даць табе вельмі шмат у тваіх пошуках. Знаходзяцца і дакументы, і фотаздымкі. Я нават знайшла пасведчанне аб нараджэнні маёй прабабулі.

— А што цябе матывавала на такі няпросты пошук?

— Гэта цікава. З пашырэннем ведаў пра сваіх продкаў да цябе прыходзіць усведамленне і разуменне многіх рэчаў. Я, да прыкладу, зразумела, чаму мой дзядуля так заўсёды цягнуўся ў сваю родную вёску. Яму гэта было вельмі важна, нягледзячы на надвор’е ці здароўе. Ён заўсёды хацеў у сваю Слабаду і паміраць там хацеў. У гэтай Слабадзе яго продкі 300 гадоў жылі, і гэтая зямля яго клікала. Маё стаўленне да гэтых мясцін таксама змянілася, бо ўжо разумееш, наколькі ты туды прарос, што гэта твая зямля, тваё месца.

— Пошук свайго радаводу: наколькі ён змяніў цябе, ці адчуваеш ты гэта?

— Я б не сказала, што ён мяне змяніў, але прыходзіць адчуванне гісторыі, яе сутнасці. А каб змяняў — гэта, напэўна, пра іншае. Шукайце сваіх продкаў — гэта неверагодна захапляльна і вельмі шмат дае для ўсведамлення таго, кім вы ёсць. 

Павел Залескі

Здымкі з уласнага архіва Юлі

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы