Беларуская Служба

Фігурыст Ілья Малінін робіць тое, што раней спецыялісты называлі немагчымым

12.02.2026 13:11
Найбольш уражваюць яго скачкі.
          .
Адзін са скачкоў Ільі Малініна падчас выступлення на алімпіядзе ў Мілане.PAP/EPA/NEIL HALL

«Я нават не ведаю, як мы будзем гэта называць. Ці ёсць увогуле такое слова ў польскай мове?» — разважаў каментатар Польскага тэлебачання Пшэмыслаў Бабяж падчас спаборніцтваў фігурыстаў. І не дзіўна: тое, што робіць Ілля Малінін, выходзіць за межы чалавечага ўяўлення – піша выданне Onet.

21-гадовага амерыканца называюць «богам», «геніем» і «Арманам Дзюпланцісам фігурнага катання». За апошнія два сезоны ён выйграе амаль усе спаборніцтвы, у тым ліку чэмпіянаты свету і фіналы Гран-пры. Яму належыць і сусветны рэкорд у адвольнай праграме.

Найбольш уражваюць яго скачкі. У фігурным катанні іх шэсць, і самым складаным лічыцца аксель — адзіны, які выконваюць з разгонам тварам наперад і прызямленнем спінай. Таму, напрыклад, трайны аксель — гэта тры з паловай абароты ў паветры.

Чацвярны аксель доўгі час лічыўся амаль немагчымым. Яго спрабаваў выканаць японец Юдзуру Ханю, але першым у гісторыі гэта зрабіў Малінін у 2022 годзе. Цяпер ён ужо выконвае камбінацыю з чацвярнога акселя і трайнога тулупа, а на трэніроўках спрабаваў і скачок з пяццю абаротамі.

Міжнародны саюз фігурнага катання нават уключыў у правілы табліцу ацэнак для пяціабаротных скачкоў, аднак пакуль забараніў іх у кароткай праграме і як сольны элемент у адвольнай.

Спецыялісты раней лічылі, што пяць абаротаў — за межамі фізічных магчымасцяў чалавека. Але трэнеры кажуць: Малінін мае ідэальныя для гэтага параметры — вельмі стройную фігуру, моцны выкід уверх і выключную тэхніку ў паветры.

нг