Беларуская Служба

Палякі ўсё часцей карыстаюцца «правам быць забытым» і знікаюць з Сеціва 

16.02.2026 19:04
У 2025 годзе грамадзяне Польшчы падалі амаль 24,2 тысячы запытаў супраць прыкладна 13,8 тысячы ў 2024-м.
Ілюстрацыйнае фотаImage by Thomas Ulrich from Pixabay/CC0

Палякі ўсё актыўней дабіваюцца выдалення інфармацыі пра сябе з інтэрнэту. Пра гэта паведамляе выданне Rzeczpospolita са спасылкай на справаздачу Google Transparency 2025. За год колькасць зваротаў з патрабаваннем выдаліць спасылкі з пошукавай сістэмы Google вырасла больш чым на тры чвэрці.

Гаворка ідзе пра еўрапейскае «права быць забытым», якое дазваляе патрабаваць выдалення з вынікаў пошуку матэрыялаў, што парушаюць прыватнасць або змяшчаюць недакладную інфармацыю. Польшча займае сёмае месца ў ЕС паводле колькасці такіх запытаў. Найчасцей просяць выдаліць ілжывыя звесткі з сацыяльных сетак, навінавых сайтаў, рэкрутынгавых платформаў і бізнес-рэестраў. Каля паловы зваротаў Google задавальняе.

У 2025 годзе грамадзяне Польшчы падалі амаль 24,2 тысячы запытаў супраць прыкладна 13,8 тысячы ў 2024-м. Больш за 90% заяў паступае ад прыватных асоб, аднак расце доля кампаній, дзяржаўных устаноў і палітыкаў, якія карыстаюцца такой магчымасцю. 

Выданне адзначае, што праблема абвастраецца з развіццём штучнага інтэлекту: непраўдзівыя матэрыялы, у тым ліку з незаконным выкарыстаннем выявы, хутка распаўсюджваюцца і тыражуюцца алгарытмамі. Гэта ўсё часцей закранае бізнес і вядомых прадпрымальнікаў.

На закон, які мусіў імплементаваць у Польшчы еўрапейскі Акт аб лічбавых паслугах (DSA) і ўзмацніць адказнасць платформаў, прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі наклаў вета.

эж