«Мы дапамагаем жывёлам – ахвярам вайны ва Украіне, у першую чаргу кошкам і сабакам, пакінутым людзьмі, якія ўцяклі ад вайны або загінулі», так гаворыцца ў заяўцы на збор дапамогі, якую апублікавалі ў Сеціве Фонд «Klub Heban» і Войцех Тохманам, вядомы польскі рэпарцёр і аўтар кнігі «Дэльфіны і Вельзевул», у якой распавядае пра лёс жывёл і людзей у ахопленай вайной Украіне. Кніга выйдзе ў маі 2026 года ў выдавецтве Wydawnictwo Literackie.
З 1 студзеня бягучага году фонд ужо сабраў 100 тысяч злотых на лячэнне, вакцынацыю, стэрылізацыю/кастрацыю і кармленне жывёл, эвакуяваных з ахопленых вайной тэрыторый. Польскае радыё для Замежжа паразмаўляла з Войцехам Тохманам пра тое, як склалася, што вядомы рэпарцёр і пісьменнік ангажаваўся ў дапамогу ўкраінцам, якія пакутуюць ад расійскай агрэсіі, і чаму менавіта засяродзіўся на ратунку жывёл?
— Як усё пачалося? Не выпадкова. Так атрымалася, што я апублікаваў свае тры кнігі, ва Украіне, падчас паўнамаштабнага ўварвання, а менавіта, «Jakbyś kamień jadła (Наеўшыся камянёў)» пра Боснію і Герцагавіну, «Dzisiaj narysujemy śmierć» (Сёння малюем смерць) пра генацыд у Руандзе і «Pianie kogutów, płacz psów» (Спеў пеўня, плач сабакі) пра наступствы генацыду «Чырвоных Кхмераў» у Камбоджы. Перакладчык кніг на ўкраінскую мову Андрэй Бондар запрасіў мяне прыехаць у Кіеў і Львоў – дзе ўжо шалела так званая «вялікая вайна» – на прэзентацыю згаданых кніг. Я пагадзіўся і паехаў, думаючы, што еду выключна, каб прадставіць кнігі чытачам ва Украіне. Я не думаў, што буду пісаць пра тую вайну, бо ва ўкраінцаў, на маю думку, ёсць свае выдатныя пісьменнікі. Я паехаў, правёў там дзве сустрэчы, за якія нават атрымаў невялікі ганарар. У такіх сітуацыях я звычайна пакідаю грошы на месцы. Паколькі я сам даглядаю жывёл, у мяне ёсць сабакі, у мяне ёсць кот, жывёлы мне дарагія, таму я спытаў у Андрэя, ці можа ён адвезці мяне ў прытулак для жывёл. Я хацеў там пакінуць сродкі.
Так і сталася, кажа наш суразмоўца. Перакладчык Андрэй адвёз яго ў прытулак «Сірыюс» у Фёдараўцы пад Кіевам.
— Гэта, напэўна, адзін з найбуйнейшых прытулкаў, калі не самы вялікі, у Еўропе, у ім больш за 3500 бяздомных жывёл. Андрэй браў там сабаку яшчэ да вайны і добра іх ведаў. Там я ўбачыў, што патрэбы велізарныя, што ідзе вайна, а сітуацыя абвастраецца. Праз некалькі тыдняў я арганізаваў першую дапамогу гэтаму прытулку, а праз два-тры месяцы я прывёз у Фёдараўку першыя пяць тон корму для сабак. Пасля я стаў больш дапамагаць. Тыя першыя 5 тон ежы сёння здаюцца невялікай лічбай, бо з таго часу, ужо больш за два гады, з дапамогай донараў мы прывезлі ва Украіну шмат корму, я думаю, блізу 100 тон, і мы прафінансавалі шмат іншых рэчаў, у асноўным лячэнне жывёл, эвакуяваных з перадавой, з зон смерці.
На сённяшні дзень, як вы маглі б ацаніць маштаб праблемы? Гэта тычыцца сабак, ці іншых жывёл таксама?
— Гэтая вайна, як і любая іншая, жорсткая і бязлітасная, сее смерць і разбурэнні. Людзі, я кажу пра мірных жыхароў, уцякаюць з раёнаў, дзе падыходзіць фронт. Адныя ўцякаюць раней, іншыя ў апошнюю хвіліну, што, псіхалагічна апраўдана. Яны ўцякаюць у паніцы, калі прыязджаюць урадавыя эвакуацыйныя брыгады або валанцёры, і забіраюць гэтых людзей у больш бяспечнае месца. Хоць трэба сказаць, што цяпер нідзе ва Украіне не ёсць бяспечна, але прыфрантавыя раёны асабліва небяспечныя. У паніцы людзі часта пакідаюць сваіх жывёл, сваіх хатніх гадаванцаў, такіх як сабакі ці каты, але мы таксама эвакуявалі сельскагаспадарчых жывёл. Людзі пакідаюць шыншыл, папугаяў і розных жывёл. Я ўдзельнічаў у шматлікіх эвакуацыях у Данбасе і Купянске, у Харкаўскай вобласці, калі мы яшчэ маглі дабрацца. Людзі таксама кідалі авечак, кароў, коней. Ёсць няўрадавыя арганізацыі, якія ратуюць гэтых жывёл з фронту. Але ў асноўным гэта былі хатнія гадаванцы – сабакі і каты.
Польскі валанцёр супрацоўнічае з некалькімі ўкраінскімі арганізацыямі: 12 Вартових, Порятунок тварин Харків / Animal rescue Kharkiv, Нікопольський Притулок Для Тварин «Шанс На Життя».
— У іх ёсць свае ратавальнікі, якія выязджаюць у вельмі небяспечныя зоны. Наколькі яны небяспечныя, і пішу пра гэта ў сваёй кнізе. Я суправаджаў гэтых ратавальнікаў у розных эвакуацыях. Мы часта знаходзілі сабак і катоў у вельмі дрэнным стане, таму што, як і ўсюды, людзі розныя. Некаторыя разумныя нават у такіх цяжкіх сітуацыях, а іншыя неразумныя і проста пакідаюць сваіх сабак, напрыклад, на ланцугу, або катоў зачыненых у дамах – у пастцы. Калі прыехаць своечасова, гэтыя кошкі і сабакі можна ўратаваць. Часта жывёлы маюць траўмы, напрыклад, ад аскепкаў. Там аскепкамі можа быць што заўгодна. Кавалак шкла, кавалак металу або кавалак дрэва. Калі бомба ці ракета падае, яна раніць усё. Апроч таго, часта гэтыя жывёлы галодныя, хворыя, замёрзлыя. Яшчэ жывёлы там множацца, пастаянна, бо іх не стэрылізуюць.
Па сутнасці, пакуль працягваецца гэтая вайна, праблема мае характар бяздоннай ямы, падкрэслівае спадар Войцех Тохман.
— Мы спрабуем дапамагаць, збіраючы грошы ў Польшчы праз фонд «Klub Heban», каб хоць неяк мінімізаваць маштаб праблемы. Мы эвакуюем жывёл з зоны смерці ў пункты стабілізацыі ў Краматорску і Харкаве. Там ёсць ветэрынарныя клінікі, якія аказваюць першую дапамогу, часта хірургічную. Жывёл лечаць, стэрылізуюць і вакцынуюць.
Ці гэтых жывёл потым адпраўляюць на адаптаванне ва Украіну ці Заходнюю Еўропу. Як выглядае дапамога?
— У Заходняй Еўропе, у тым ліку ў Польшчы, шмат было выпадкаў адаптавання жывёл, але я гэтым не займаюся. Я займаюся зборам грошай на лячэнне, на першы і другі этапы. Першы этап – гэта пошук і эвакуацыя жывёл з зон смерці, а другі этап – гэта лячэнне. У гэты час жывёл таксама трэба карміць, пажадана добрай ежай. Калі сабаку ці кату даюць дрэнную ежу падчас лячэння, ён будзе доўга хварэць. Мы збірае там грошы на такой платформе, як zrzutka.pl/Ocalamy. 100% сабраных грошай ідзе непасрэдна на кармленне і лячэнне жывёл, выратаваных з прыфрантавых раёнаў. Потым згаданыя мной арганізацыі ладзяць уладкаванне жывёл у людзей ва Украіне, часцей за ўсё ў Заходняй Украіне, але таксама ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе. Я гэтым не займаюся, мы збіраем грошы на лячэнне.
У сваіх допісах вы часта выкарыстоўваеце словазлучэнне «ваенныя жывёлы». Гэта проста сцвярджэнне, што ідзе вайна, ці вы маеце на ўвазе нешта большае?
— Гэта, напэўна, першая вайна, дзе да жывёл ставяцца так субʼектна. Ёсць людзі, якія ратуюць жыцці жывёл, рызыкуючы ўласным жыццём, пад кулямі і беспілотнікамі. Кожны дзень адбываюцца такія эвакуацыі. Чаму людзі гэта робяць? Мне падаецца, што яны не хочуць быць бездапаможнымі падчас вайны. Яны хочуць быць актыўнымі. Калі я не магу выратаваць сваю краіну, бо ў мяне няма такой моцы, калі я не магу выратаваць жыцці салдат, калі я не магу выратаваць жыцці дзяцей, – я раблю тое, што магу. Я ратую жывёл! Трэба памятаць, што за гэтым стаіць цэлы ланцужок людзей. Некаторыя ратавальнікі едуць на перадавую, а іншыя знаходзяцца за лініяй фронту, кіруючы рознымі пунктамі, дзе гэтыя жывёлы чакаюць сваёй чаргі на лячэнне ці ўладкаванне з прытулку. Гэта велізарная група чулых, шчодрых і добрых людзей. Таксама тут у Польшчы.
У Польшчы ў мінулым годзе Фонд сабраў больш за паўмільёна злотых на лячэнне жывёл ва Украіне, кажа спадар Войцех Тохман.
— Гэта таксама зʼяўляецца праявай прынцыповасці. Людзі паказваюць, што кожнае жыццё мае значэнне. Кожны заслугоўвае, каб жыць, заслугоўвае на выратаванне. Гэта тычыцца як людзей, так і жывёл, якіх мы прыручыл, і таму мы, людзі, нясем адказнасць за іх, у гэтым сэнсе жывёлы і людзі роўныя. Я зразумеў, што гэтыя гісторыі трэба запісаць. Я казаў спачатку, што не думаю, што буду пісаць кнігу, але калі я сустрэў выратавальнікаў, калі я пачуў іх сведчанні, калі сам стаў сведкам розных вельмі кранальных выпадкаў і падзей, я падумаў, што, як рэпарцёр, я не магу трымаць гэтыя гісторыі ў сакрэце. Таму я напісаў кнігу «Дэльфіны і Вельзевул», якая выйдзе ў маі.
Вы згадалі, што былі падчас эвакуацый жывёл. Што адчуваецца падчас і пасля такой акцыі?
— Пасля вяртання з эвакуацыі, адчуваецца выключна стомленасць, бо такая аперацыя доўжацца гадзінамі. Таксама адчуваецца страх, бо пачынаеш разумець, дзе быў. Калі мы блізка да фронту, не думеш пра страх. Ён, верагодна, паралізаваў бы нас. Толькі пазней, калі я прыязджаю ў Харкаў, ці ў Кіеў, дзе больш бяспечна, я разумею, дзе быў і што мне пагражала. Разам з тым ёсць і пэўнае задавальненне ад таго, што мы выратавалі больш сабак і больш катоў, што мы таксама ратуем чалавечнасць. Асабліва крута і вельмі натхняюць сітуацыі, калі мы вяртаем гадаванцаў людзям, якія пакінулі іх у сваіх дамах, калі ўцякалі ад фронту. Мы сваёй працай паказваем, што кожнае жыццё мае значэнне, нават у такія жахлівыя часы – Пуціна, Трампа, Украіны, Газы. Гэта мяне ўражвае. Гэта нешта асаблівае, бо ёсць так шмат людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтай справе як ва Украіне, так і за яе межамі. Гэта вельмі добра.
Калі нехта хацеў бы дапамагчы і падтрымаць дзейнасць Фонд «Klub Heban», яны ладзяць збор сродкаў на паратунак жывёл з прыфрантавых раёнаў ва Украіне на платформе zrzutka.pl/ocalamy, там ёсць апісанне збору сродкаў, інфармацыя пра тое, каму і як дапамагаюць.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч