Вайна ва Украіне працягваецца чатыры гады. Асабліва цяжкім часам і на фронце, і для мірных жыхароў з’яўляецца зіма. Гэтай зімой агрэсар асаблівым чынам прычыніўся да знішчэння крытычнай інфраструктуры, пакідаючы насельніцтва без абагрэву.
Каб крыху спрасціць змаганне са штодзённымі выклікамі зімой у розных месцах стаяць намёты ці кантэйнеры, у якіх можна падзарадзіць тэхніку ці, напрыклад, пагрэцца цёплай гарбатай. Больш за месяца таму такі Пункт нязломнасці адчынілі беларусы.
Ініцыятаркамі сталі беларускія актывісткі Алена Жаркевіч і Ірына Шчасная разам з украінскай актывісткай Яраславай Самойленка.
Першая і галоўная мэта – гэта даць магчымасць сагрэцца і падзарадзіць прылады. Але гэта і магчымасць паказаць сваю салідарнасць з украінскім народам, паказаць, што рэжым і беларусы – гэта рознае, гаворыць Ірына Шчасная:
- Наш Пункт нязломнасці – гэта давер. Калі прыходзяць кіяўляне, бачаць цяпло, нашую ўвагу, і раней яны не мелі да нас даверу, то ў іх мяняецца погляд. Большасць людзей кажа, што яны даўно разумеюць, што рэжым і звычайныя беларусы – гэта не адно і тое ж. Мы працуем, па-першае, каб людзі маглі сагрэцца і падзарадзіць, але і каб паказаць, што беларусы – гэта не ворагі, а блізкія людзі, якія могуць быць побач у самыя цяжкія часы. А гэтая зіма вельмі цяжкая, з выпрабаваннямі. Таму, калі мы яднаемся разам, то, мне здаецца, гэта сусветны выклік таму злу, які адбываецца на нашых землях.
Валанцёрка кажа, што Пункт нязломнасці – гэта таксама месца размоваў і пра бытавы клопат, і пра вайну, і пра беларуска-ўкраінскія стасункі.
Украінскі бок паведамляў, што не засталося ніводнай электрастанцыі, якая тым ці іншым чынам не пацярпела б ад расіян. Кіеў, як і шматлікія іншыя населеныя пункты, гэтай зімой змагаецца з холадам у жылых памяшканнях. Калі казаць пра адключэнні электраэнергіі і праблемы з абаграваннем у дамах, то шмат залежыць ад раёна, кажа Ірына Шчасная:
- Камусьці вельмі цяжка, хтосьці жыве яшчэ больш менш. Але вось у Дарвенскім раёне бабулі расказвалі, што ў кватэрах +4. Усе расказвалі адно і тое ж. У каго ёсць газавыя пліта, яна ўключаецца, гэта 3-4 коўдры, гэта абавязкова па ўсяму целу раскладзеныя бутэлькі з гарачай вадой, каб спаць. Мяне вельмі ўразілі словы бабулі, якую я праважала з пункту. Яна сказала: «Божа, за што гэта ўсё нам. Мы ж нармальна жылі, у нас, у Кіеве, усё было. За што мне, сталаму чалавеку, такія выпрабаванні».
Ірына Шчасная
Ірына дзеліцца сваімі назіраннямі аб тым, што кіяўляне думаюць пра заканчэнне вайны:
- Незалежна ад узросту людзі кажуць, што патрэбна перамога, што трэба біць маскаля, іншага выйсця няма. Людзі не хочуць здаваць сваю краіну. Як кажуць, Украіна перад усім. Ёсць і салідарнасць. Думаю, рускія хацелі выклікаць непаразуменне ў грамадстве, але, на маю думку, людзі толькі больш аб’ядналіся.
Штодзённасць праходзіць паміж трывогамі і адбоямі, кажа валанцёрка. Большасць гараджан ужо не звяртае ўвагі на сігналы паветранай трывогі, бо няма сіл кожны раз хадзіць у сховішча.
Ірына прызнае, што асабліва цяжка назіраць за дзецьмі, якія прыходзяць у Пункт нязломнасці. Гэта дзеці, якія замест сонейка і цацак малююць ракеты і танкі:
- У нас уся палатка ў малюнках. Яны адлюстроўваюць вайну вачамі дзяцей. І гэта страшна. Ведаеце, у нас шмат салодкасцяў. Прыходзяць дзеці і я пытаюся, чым іх пачаставаць, а яны кажуць, што гарачай гарбатай, а не салодкім. Малым дзецям холадна, яны хочуць найперш сагрэцца. Гэта страшна. Я не ведаю, як гэта перадаць. Я не думала, што такое бывае, пакуль не пабачыла сама.
Ірына ў Кіеве знаходзіцца з пачатку студзеня. Пункт дзейнічае дзякуючы падтрымцы беларусаў, у тым ліку замежжа, дзякуючы самім украінцам. Дапамога патрэбная пастаянна, і пакуль не бачна перспектывы, калі такое месца можа перастаць быць патрэбным. Часам, чарга па гарбату стаіць такая, што ўсе разам узятыя валанцёры ледзьве спраўляюцца.
Падтрымаць беларускі пункт нязломнасці можна праз Валанцёрскі Цэнтр Сустрэча.
14 лютага цэнтр паведаміў, што побач быў адкрыты другі намёт, бо першы ўжо не цягне такую колькасць людзей. Цяпер у валанцёраў ёсць два пункты, каб было больш прасторы і каб можна было прыняць больш людзей.
ав
Поўная размова - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё