Беларуская Служба

Ад бутэрброда на вакзале да прафесійнага цэнтра дапамогі мігрантам. Вайна супраць Украіны – гэта беспрэцэдэнтны ўрок для дабрачынных арганізацый

23.02.2026 19:00
Пачатак поўнамаштабнай расійскай вайны супраць Украіны і тысячы бежанцаў на мяжы паставілі перад «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі новыя задачы.
Аўдыё
  • Пачатак поўнамаштабнай расійскай вайны супраць Украіны і тысячы бежанцаў на мяжы паставілі перад «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі новыя задачы
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Alexandra_Koch/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пачатак поўнамаштабнай вайны супраць Украіны (24 лютага 2022 года) стаў выпрабаваннем для дабрачынных арганізацый, якія апынуліся перад абліччам крызісу беспрэцэдэнтнага маштабу. Жэшаў – горад у паўднёва-ўсходняй Польшчы, які стаў адным з ключавых транспартны вузлоў для бежанцаў, таксама хутка стаў цэнтрам дапамогі.

Дырэктар «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі ксёндз Пётр Патырала (Piotr Potyrała) успамінае гэты драматычны момант, як час выключнай мабілізацыі. «Я выдатна памятаю раніцу 24 лютага 2022 года, калі прыйшла навіна, што пачалася поўнамаштабная вайна супраць Украіны», кажа святар:

- Я памятаю, што ў мяне тады была запланаваная сустрэча за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Жэшава, але я яшчэ не паспеў з’ехаць з горада, а ўжо быў прымушаны вярнуўся, бо тэлефон званіў – званок за званком. Тэлефанавалі розныя людзі і ўстановы, якія хацелі далучыцца да дапамогі, якую арганізоўвала «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі, а таксама іншыя аддзяленні «Карытас Польшча». Гэтага проста нельга было ні з чым параўнаць, хоць мы, як «Карытас», маем вялікі вопыт у аказанні дапамогі ў рамках маштабных аперацыяў, напрыклад, падчас буйных паводак і міжнародных катастроф. Аднак тое, што адбылося пасля 24 лютага, было проста беспрэцэдэнтным.

Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны «Карытас» рабіла пэўныя захады, каб, напрыклад, арганізаваць як мага больш месцаў для магчымых бежанцаў, але хутка стала відавочна, што ейныя магчымасці ў дадзеным моманце – гэта кропля ў моры патрэб, успамінае ксёндз Патырала:

- Адразу пасля пачатку вайны, калі тысячы людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці, чакалі ў холадзе на польска-ўкраінскай мяжы, «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі распачаў акцыю па дастаўцы харчовых прадуктаў, у тым ліку, бутэрбродаў тым, хто перасякаў мяжу. Да гэтых намаганняў далучыліся тысячы людзей з Падкарпацкага ваяводства, усёй Жэшаўскай дыяцэзіі, парафіяльных і школьных колаў «Карытас», парафій і г.д. Вельмі хутка падобная патрэба ўзнікла на чыгуначным вакзале ў Жэшаве, дзе мы таксама забяспечвалі бежанцаў гарачай ежай.

У сувязі са сваім размяшчэннем Жэшаў стаў ключавым транспартным вузлом для бежанцаў, а значыць і цэнтрам іх падтрымкі:

- Жэшав, пасля Пшэмысля, быў тым горадам у Польшчы, які першым сутыкнуўся з хваляй украінскіх бежанцаў. Вядома, першая дапамога была сканцэнтравана ў Пшэмыслі, побач з якім размяшчаецца памежны пераход, але пасля яго, гэта Жэшаў быў і застаецца першым буйным адміністрацыйным цэнтрам, дзе многія ўкраінцы хацелі застацца або адтуль арганізаваць паездку далей на захад, ці то Польшчы, ці Еўропы. І гэтым людзям таксама патрэбна была дапамога.

У сядзібе «Карытас» у Жэшаве быў неадкладна створаны Цэнтр крызіснай дапамогі, які тады наведвалі да 300 чалавек у дзень. Бежанцы, якім атрымалася ўзяць з сабой толькі невялікі багаж, атрымлівалі ў цэнтры ежу, сродкі гігіены, адзенне, бялізну, коўдры, падгузнікі, дзіцячыя цацкі і іншыя рэчы. Гэта была важная падтрымка не толькі для саміх бежанцаў, але і для польскіх сем'яў, якія іх прынялі.

Як падкрэслівае ксёндз Патырала, такая маштабная дапамога стала магчымай дзякуючы велізарнаму заангажаванню валанцёраў і шчодрасці розных донараў, як з Польшчы, так і з-за мяжы, якія далучыліся да гэтых намаганняў. «Дзякуючы гэтай незвычайнай мабілізацыі дапамога была хуткая і эфектыўная», – успамінае дырэктар «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі:

- З часам мы таксама арганізавалі іншыя формы дапамогі, у тым ліку, вельмі неабходную псіхалагічную падтрымку. Мы працаўладкавалі псіхолага-бежанца з Украіны, а потым у жніўні 2022 года мы рэарганізавалі цэнтр і ператварылі яго ў Цэнтр дапамогі мігрантам і бежанцам, які працуе па сённяшні дзень. Такія цэнтры былі створаны ва ўсіх ваяводствах і дыяцэзіях Польшчы. У цяперашні час у 16 ваяводствах працуе 20 цэнтраў.
За першы год у цэнтры «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі дапамогу атрымалі больш за 32 000 бежанцаў з Украіны.

Гэтая дапамога ўключала розныя формы падтрымкі, не толькі на тэрыторыі Польшчы, успамінае ксёндз Патырала:

- Мы таксама адпраўлялі гуманітарную дапамогу ва Украіну. У першую чаргу, гэта былі прадукты харчавання, бытавая хімія, генератары, паўэрбанкі і вопратка. Мы хочам, каб яе сапраўды атрымалі людзі, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Гэта было магчымае дзякуючы супрацоўніцтву з «Карытас Польшча» і « Карытас Украіна», а таксама з польскімі святарамі і місіянерамі, якія працуюць ва Украіне і дапамагаюць размеркаваць нашую дапамогу на месцы – перадаць яе тым, каму яна найбольш патрэбная.

За чатыры гады расійскай вайны супраць Украіны формы дапамогі бежанцам змяніліся, бо і памяняліся іхныя патрэбы – ад спантанных акцый па раздачы харчовых пакетаў на мяжы і вакзалах да стварэння прафесійных структур доўгатэрміновай падтрымкі, канстатуе дырэктар «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі:

- Цяпер усё выглядае інакш, бо і колькасць людзей, якія прыбываюць з-за мяжы, значна меншая, але ім усё роўна патрэбная падтрымка. Напрыклад, тое, што мы прапануем і што зараз патрэбнае бежанцам з Украіны, якія знаходзяцца ў нас у Польшчы, гэта таксама пераклад дакументаў, прафесійныя курсы, курсы польскай мовы, заняткі па прафарыентацыі, псіхалагічная падтрымка і розныя формы дапамогі для дзяцей.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў Цэнтры дапамогі мігрантам і бежанцам Жэшаўскай дыяцэзіі псіхалагічнай дапамогай скарысталіся каля 800 чалавек, больш за 1 160 – заняткамі па прафарыентацыі, больш за 560 – курсамі польскай мовы, 60 – прафесійнымі курсамі, 137 – перакладам дакументаў і 100 – лагапедычнай дапамогай і інтэграцыйнымі мерапрыемствамі для дзяцей.

- На сённяшні дзень, з моманту запуску Цэнтра дапамогі мігрантам і бежанцам, «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі аказала дапамогу каля 8 150 чалавек з Украіны, не ўлічваючы больш за 30 000 чалавек, якія атрымалі тут маштабную падтрымку ў гэты першы год пасля пачатку вайны.

Хваля бежанцаў стала для дабрачынных арганізацый у Польшчы беспрэцэдэнтным урокам, кажа святар:

- Мы вучыліся аказваць гэтую дапамогу, таму што гэта быў зусім новы досвед. Спачатку яна мела неадкладны, крызісны характар, а потым пераўтварылася ў Цэнтр дапамогі мігрантам і бежанцам (...) Вядома, была таксама асаблівая ўвага з боку СМІ, таму гэта быў для нас велізарны і новы досвед – для нашых супрацоўнікаў і валанцёраў. Маштаб праблем і дапамогі быў неверагодны. Гэта таксама дапамагло нам зрабіць высновы і атрымаць вопыт, якім мы карыстаемся зараз у працы Цэнтра дапамогі мігрантам і бежанцам.

– кажа дырэктар «Карытас» Жэшаўскай дыяцэзіі ксёндз Пётр Патырала(Piotr Potyrała).

Нягледзячы на змену характару патрэб бежанцаў – ад неадкладнай, крызіснай дапамогі да прафесійнай і псіхалагічнай падтрымкі, арганізацыя даказала сваю здольнасць адаптавацца да новых выклікаў. Гэты досвед не толькі дапамог тысячам людзей, але і дазволіў зрабіць правільныя высновы і скарэктаваць спосаб працы.

Анна Задрожна

Войцех Тохман: Украінцы ратуюць жывёл, рызыкуючы ўласным жыццём, бо не хочуць быць бездапаможнымі падчас вайны

18.02.2026 09:10
Вядомы польскі рэпарцёр распавёў пра тое, як ангажаваўся ў дапамогу Украіне і чаму засяродзіўся на ратаванні жывёл у час вайны, у першую чаргу хатніх гадаванцаў, пакінутых на лініі фронту.

Звыш 200 палітвязняў утрымліваюцца за кратамі за салідарнасць з Украінай

23.02.2026 17:37
«Вясна» згадвае гісторыі палітычнага пераследу беларусаў за дапамогу і падтрымку Украіны.