Чатыры гады таму раніцай увесь свет даведаўся пра поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну. Для адных гэта стала поўнай нечаканасцю, іншыя ясна разумелі, што гэта раней ці пазней наступіць. Многія палякі не верылі, што расіяне на гэта пойдуць, улады Польшчы загадзя не рыхтавалі праграм маштабнай дапамогі і прыняцця ваенных уцекачоў. Але палякі адкрылі свае дамы перад украінцамі, пачалі пастаўляць таксама дапамогу ва Украіну і працягваюць гэта рабіць дагэтуль.
Калі чатыры гады таму пачалося поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну, у дапамогу вельмі хутка ўключыўся дабрачынны фонд Humanosh. Фонд супрацоўнічае са швейцарскімі і польскімі ўстановамі, разам яны дастаўляюць ва Украіну неабходныя рэчы. Гэта як гуманітарная дапамога для жыхароў, у тым ліку ў шэрай зоне, так і дапамога для войска. Гаворыць заснавальніца Фонду Humanosh Катажына Скопец (Katarzyna Skopiec).
– З пачатку вайны яны збіраюць практычныя рэчы, проста швейцарцы вельмі практычныя і паслядоўныя. Гэта аўтамабілі і шыны для арміі, спартыўная вопратка, што вельмі карысна ў ваенны час, бо тут нікому не патрэбныя бальныя сукенкі. А тут, у Польшчы, мы вельмі цесна супрацоўнічаем з Варшаўскай школай эканомікі (Szkoła Główna Handlowa). Напрыклад, гэтая ВНУ перадала праз нас камп’ютары ва ўніверсітэты Харкава і Кіева. Акрамя таго, мы перавозім туды ўсё неабходнае, усё, што мы збіраем тут, у Польшчы. А калі казаць пра медычную дапамогу, то з пачатку вайны мы ездзілі з медыкамі ў «шэрую зону», каб падтрымаць людзей, якія былі кінутыя, бо не хацелі эвакуявацца па розных прычынах, такіх як узрост ці страх. Мы не ацэньваем і не асуджаем, а проста прымаем іх як пацыентаў разам з лекарамі, якія падарожнічаюць з фондам, з нашымі фельчарамі і з Пятром Скоўпцам, маім мужам, які па прафесіі фармацэўт і можа сам даваць медычныя парады.
Без актыўнай дзейнасці розных фондаў і людзей добрай волі ўкраінскай дзяржаве было б значна цяжэй вытрываць у гэтай вайне. Дзякуючы ім, улады Украіны могуць больш сілаў кінуць на барацьбу з агрэсарам, – адзначае госць нашага эфіру.
– Украінская дзяржава занятая, у першую чаргу, войскам і вайной. Таму людзі, якія не маюць патрэбы ў неадкладнай дапамозе, пакінутыя на волю лёсу. Нядаўна мы былі ў Сахноўшчыне, дзе, дзякуючы нашым медыкам, дапамогу атрымалі 260 пацыентаў. Мы супрацоўнічаем з фондам «Горад дабра» ў Харкаве, які ў першую чаргу дапамагае салдатам лякарствамі і неабходнымі рэчамі, якіх не хапае. Мінулым разам гэта былі цёплыя шкарпэткі, адзенне, коўдры, спальныя мяшкі, ліхтарыкі. А зараз мы вязем вялікі абагравальнік, які можа абагрэць 400 квадратных метраў. Гэта падарунак для вайскоўцаў ад нямецкай кампаніі. Ёсць спецыяльныя намёты, куды людзі могуць прыйсці, каб пагрэцца, і медыкі змогуць імі скарыстацца. Пры неабходнасці, мы таксама перавозім параненых, але таксама прывозім хворых, якія вяртаюцца ва Украіну. Мы стараемся аказваць толькі тыя паслугі, якія трапляюць канкрэтна па адрасе прызначэння.
З самага пачатку вайны дапамогу Украіне аказвае таксама дэпутат муніцыпалітэту Кракава Лукаш Вантух (Łukasz Wantuch). Паводле яго падлікаў, ён быў ва Украіне ўжо сто разоў. Перш за ўсё ён возіць туды камп’ютары. Апошнім часам дэпутат збіраў грошы на маніторы для ваенных – аператараў беспілотнікаў. На ягоную думку, неабходна дастаўляць тое, што на пэўна будзе патрэбнае. Часта тэхніку ён возіць сам, а іншым разам высылае праз украінскую «Новую пошту».
– Гэтыя патрэбы велізарныя. Асабіста я лічу, што самыя неабходныя рэчы – камп’ютары і ноўтбукі. Па-першае, яны патрэбныя для дыстанцыйнага навучання, па-другое, яны дазваляюць захоўваць сувязь, а па-трэцяе, кожная вайна калі-небудзь скончыцца, а тэхніка дапаможа ў аднаўленні. Вось чаму мы перадалі ва Украіну каля дзвюх тысяч камп'ютараў, а таксама сто лазерных прынтараў. Мы купілі прынтары ў Германіі і адпраўляем іх у розныя школы, бібліятэкі, бальніцы і гэтак далей. Часцей за ўсё мы перасякаем мяжу і адпраўляем пасылкі па «Новай пошце», гэта хутчэй, танней і найбольш эфектыўна. Але час ад часу мы таксама ездзім у іншыя месцы. Я абʼездзіў усю Украіну, ад Херсона і да Чарнобыля. Часцей мы ездзім у такія раёны, як Херсон, Краматорск, Славянск ці Сумы, паколькі найбольш патрэбная дапамога ва ўсходняй Украіне.
Людзі стомленыя вайной, не толькі ва Украіне. У Польшчы назіраецца свайго роду прывыканне да жахаў вайны. Хтосьці слушна заўважыў, што палякі рыхтаваліся да спрынту, а атрымалі марафон, які ім прыходзіцца бегчы разам з украінцамі. Патрэбныя ўсё большыя страсенні, каб разбудзіць у людзях жаданне падтрымкі. Такім страсеннем сталі моцныя маразы на фоне разбурэння расіянамі ўкраінскай інфраструктуры, – заўважае Катажына Скопец.
– Цяпер, калі былі маразы ў Кіеве, вярнулася жаданне дапамагаць. Кожны раз, калі ў Украіне адбываецца нешта цяжкае, для нас гэта невялікі бонус, бо вяртаецца жаданне падтрымаць украінцаў. Таксама Каталіцкая царква вельмі дапамагла, людзі адгукнуліся на заклік кракаўскага біскупа збіраць на генератары. Сумна, што палякі не памятаюць, што Другая сусветная вайна ў Польшчы таксама доўжылася каля пяці гадоў. У Аўстрыі яна працягвалася яшчэ даўжэй, амаль восем гадоў. Вайна ў Сірыі працягваецца ўжо трынаццаць ці чатырнаццаць гадоў. На жаль, войны – гэта частка нашага жыцця, і нам патрэбная ўстойлівасць. Мы не павінны забываць, што вайна працягваецца і што на самой справе ўкраінцы абараняюць нас, палякаў, ад Расіі.
Польскае радыё таксама ўключылася ў дапамогу Украіне, збіраючы патрэбныя рэчы. Фонд Humanosh прадставіў спіс прадметаў, якія неабходныя на дадзены момант украінцам. Гэта як вопратка для пераселеных далей ад лініі фронту жыхароў, так і прадукты харчавання, ліхтары, пледы, спальныя мяшкі, батарэйкі ды іншае.
нг