Беларуская Служба

Пасол Латвіі ў Польшчы: Беларусь — наша суседка, на граніцы з якой ёсць праблемы

26.02.2026 16:02
Раймандс Янсанс расказвае пра адносіны Латвіі з Польшчай і Беларуссю ў мінулым і ў нашы дні.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Р.Янсанс пра Польшчу, Латвію і Беларусь.
          .
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Польшча Раймандс Янсанс.Viktar Korbut

У 2026 годзе Латвія адзначае 35-годдзе аднаўлення незалежнасці (у 1940 годзе краіна была анексавана Савецкім Саюзам — практычна праз год пасля таго, як СССР і Германія падзялілі Польшчу). З верасня 2025 года пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Польшча займае Раймандс Янсанс (Raimonds Jansons). Ён пачаў сваю дыпламатычную кар’еру ў 1993 годзе, па адукацыі — юрыст.

Наша гутарка адбылася па запрашэнні пана пасла ў пасольстве Латвіі ў Варшаве, размешчаным у маляўнічым кутку польскай сталіцы — раёне Саска Кэмпа, дзе з даваенных часоў знаходзяцца дыпламатычныя прадстаўніцтвы многіх краін свету.

— Я пачаў працаваць тут у канцы жніўня. Уявіце: я прыбыў 25 жніўня, а ўжо 28 жніўня прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс наведаў з рабочым візітам Варшаву і наша пасольства. Прэзідэнт Латвіі знаходзіўся тут па запрашэнні прэзідэнта Польшчы для правядзення кансультацый. Польшча і Латвія — вельмі важныя партнёры. Сёння Латвія і Польшча з’яўляюцца натуральнымі партнёрамі. Абедзве краіны ўваходзяць у Еўрапейскі саюз і НАТА, і, безумоўна, мы таксама з’яўляемся рэгіянальнымі партнёрамі. Гістарычна гэта партнёрства асабліва моцнае ў ваеннай сферы. Як вядома, у 1920-х гадах усходняя Латвія — Латгалія была фактычна вызвалена ад бальшавікоў дзякуючы супрацоўніцтву латвійскай і польскай армій. Помнікі ва ўсходняй Латвіі нагадваюць пра гэтыя гістарычныя падзеі. Кожны студзень там праходзяць памятныя мерапрыемствы, на якіх прадстаўнікі Латвіі і Польшчы збіраюцца разам, каб ушанаваць і ўспомніць гэтыя падзеі.

Варта напомніць, што ў 1921-1939 гадах частка цяперашняй дзяржаўнай граніцы Латвіі і Беларусі была граніцай Латвіі і Польшчы. У Латгаліі гістарычна пражываюць палякі. Да нядаўнага часу частка з іх гаварыла таксама на беларускай мове.

Раймандс Янсонс падкрэсліў, што Польшча і Латвія пастаянна ўзгадняюць пазіцыі па многіх пытаннях знешняй палітыкі і эканомікі, у тым ліку ў адносінах да Беларусі.

— Мы заўсёды кансультуемся з польскім МЗС, напрыклад, па пытаннях пакетаў санкцый, якія цяпер зацвярджаюцца Еўрапейскім саюзам, уключаючы спісы асоб, унесеных у санкцыйныя спісы. Усе гэтыя пытанні каардынуюцца паміж нашымі краінамі, што адыгрывае важную ролю. Працягваецца ваеннае і палітычнае супрацоўніцтва, а таксама, безумоўна, усё, што звязана з культурай і адукацыяй.

Раймандс Янсанс, у прыватнасці, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання Варшаўскага ўніверсітэта.

— У Варшаўскім універсітэце ёсць кафедра агульнага, жэставага мовазнаўства і балтыстыкі, дзе вывучаюцца літоўская і латышская мовы. У снежні мінулага года я ўдзельнічаў у мерапрыемстве, прысвечаным 35-годдзю заснавання гэтай кафедры. Мы вельмі рады і задаволены тым, што дзякуючы гэтаму веданне латышскай мовы таксама падтрымліваецца і папулярызуецца.

Напомнім, што ў мінулым продкі беларусаў гаварылі на балцкіх дыялектах, мовах. А ўсходняя Латвія — Латгалія і нават некаторы час Рыга і Курзэме, або Курляндыя — заходняя Латвія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. З таго часу ў краіне засталіся сляды польскай і беларускай прысутнасці.

Праўда, многія беларусы ў Латвіі цяпер гавораць па-руску. Зрэшты, беларусы — пераважна рускамоўныя і ў Беларусі. Аднак многія з іх заражаны ідэалогіяй «русского мира»: і ў Беларусі, і ў Латвіі, зрэшты, ёсць такія і ў Польшчы.

У Латвіі некаторыя рускамоўныя нават не хацелі атрымліваць латвійскае грамадзянства, бо не хацелі вывучаць латышскую мову, без якой немагчыма атрымаць пашпарт гэтай краіны. Як латвійская дзяржава спраўляецца з гэтай праблемай?

— Што мы бачым за апошнія тры дзесяцігоддзі? Працэнт неграмадзян пастаянна змяншаўся. А людзей, якія падаюць заяўкі на атрыманне латвійскага грамадзянства і атрымліваюць яго, становіцца ўсё больш. З часам інстытут неграмадзян, які існаваў у пачатку 1990-х гадоў і існуе да гэтага часу, страчвае сэнс. Ён меў сэнс у пачатку 1990-х гадоў, калі трэба было аднавіць грамадзянства Латвіі і даць магчымасць усім жадаючым стаць грамадзянамі Латвіі. Працэс атрымання грамадзянства быў адносна просты: чалавек павінен быў пражываць пэўны час у Латвіі і здаць моўны экзамен. Сёння латвійская дзяржава разглядае гэтых людзей як частку насельніцтва краіны і заўсёды ўлічвала інтарэсы ўсіх меншасцей і жыхароў Латвіі незалежна ад іх паходжання або мовы.

А што адбываецца у адносінах Латвіі і Беларусі, улічваючы выклікі апошняга часу з беларускага боку граніцы?

— Беларусь — наш сусед, і ў кантэксце геаграфіі краіну-суседку сабе не выбіраюць. Тое самае датычыць і Расіі і расійскага народа — яны былі і будуць нашымі суседзямі. У гэты момант, вядома, калі гаворка ідзе пра афіцыйныя адносіны з рэжымам, важна адзначыць, што ў апошнія гады вельмі важнай праблемай была наша граніца, а таксама незаконная міграцыя праз яе. Тое самае, што цяпер адбываецца ў Польшчы, мы назіралі і ў сябе: мы працавалі над умацаваннем мяжы, будавалі ахоўныя ўмацаванні і развівалі інфраструктуру. Паводле апошніх даных, у мінулым годзе было каля 11 тысяч незаконных перасячэнняў граніцы Латвіі, галоўным чынам з Беларусі або Расіі. Гэта вельмі вялікая лічба. І, як мы ведаем, гэтыя людзі часта нават не ведаюць, куды канкрэтна хочуць трапіць. Спецыяльныя падраздзяленні знаходзяцца напагатове, правяраюць і ахоўваюць граніцу, не дазваляючы сітуацыі выйсці з-пад кантролю. Што да афіцыйных адносін, хоць яны абмежаваныя, мы працягваем падтрымліваць прысутнасць на практыцы: наша дыппрадстаўніцтва функцыянуе, аказвае неабходную консульскую дапамогу, выдае праязныя дакументы і вырашае іншыя практычныя пытанні.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мірослаў Янковяк: У Латгаліі амаль не засталося носьбітаў беларускіх гаворак

09.10.2025 16:01
Выйшла кніга польскага дыялектолага Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego.