Усяго ў Італіі ўдзельнічалі 2871 спартсмен з 92 краін у 116 дысцыплінах. Нарвегія пераканаўча перамагла ў медальным заліку, заваяваўшы рэкордны 41 медаль, у тым ліку 18 залатых, апярэдзіўшы ЗША, якія выйгралі 33 медалі, у тым ліку 12 залатых.
Польшча заняла 21-е месца. Палякі заваявалі чатыры медалі – тры сярэбраныя і адзін бронзавы. Тры з гэтых медалёў заваяваў 19-гадовы скакун з трампліна Кацпер Тамасяк – сярэбраны медаль у індывідуальным скачку на звычайным трампліне, бронзавы медаль на вялікім трампліне і сярэбраны медаль у дуэце з Паўлам Вонсекам. Акрамя таго, Уладзімір Семiрунны, які нарадзіўся ў Екацерынбургу, але ўжо год выступае за Польшчу, заняў другое месца ў канькабежным забегу на 10 тысяч метраў.
Кіраўнік польскай алімпійскай місіі, былы выдатны канькабежац Конрад Нядзведскі, падсумаваў спаборніцтвы ў Італіі наступным чынам:
- Гэта былі паспяховыя гульні. Вельмі шмат эмоцый, вельмі шмат спартыўнай барацьбы. Крыху драм, на жаль, не ўдалося гэтага пазбегнуць. Гэта былі эмацыйныя гульні, на якіх было шмат нечаканасцей і непрадбачаных рэчаў. Вельмі прыгожыя спартыўныя арэны, добразычлівыя людзі, адкрытыя, гатовыя дапамагчы. Я буду добра ўспамінаць гэтыя гульні.
Двухразовы алімпійскі віцэ-чэмпіён па скачках з трампліна Кацпер Тамасяк прызнаўся, што слава, якую прынеслі яму тры медалі, заваяваныя ў Італіі, азначае дадатковую нагрузку:
- Не ўтойваю, што я ўжо ўсім гэтым крыху стомлены. Але ў нас з трэнерамі быў такі план, каб як мага хутчэй разабрацца з усімі па-за спартыўнымі падзеямі, а потым мець крыху час на адпачынак. Сёння апошні такі дзень, а потым адпачынак.
Павал Вонсек, які разам з Кацперам Тамасякам выйграў срэбра ў дуэтах па скачках з трампліна, сказаў, што шлях да медаля быў нялёгкім:
- У спорце няма лёгкага шляху. Кожны па свойму праходзіць цяжкі шлях, каб здабыць медаль. Я ўдзячны ўсім тым, хто мяне падтрымліваў у гэты цяжкі час, за тое, што дадавалі мне сілы, што я справіўся і не паддаўся. Такі поспех, як алімпійскі медаль, з’яўляецца ўзнагародай за ўсе цяжкія моманты.
Старшыня Польскага алімпійскага камітэту Радаслаў Пясевіч кажа, што самым шчаслівым днём на працягу двух тыдняў алімпійскіх гульняў быў дзень, калі польская зборная здабыла першы медаль:
- Тады ў мяне з сэрца зваліўся камень. У гэты дзень напярэдадні я быў у алімпійскай вёсцы ў Прэдаццы, сустрэўся са спартоўцамі, я сказаў тады, што сёння мы здабудзем першы медаль, і што гэта будзе бронза. І што здабудзе яго Кацпер. Ён заваяваў сярэбраны. Я быў вельмі шчаслівы. Ён яго заваяваў, будучы самым маладым спартоўцам.
Медалісты атрымаюць сур’ёзную фінансавую падтрымку. Яны забяспечылі сабе права на алімпійскую пенсію пасля сыходу на пенсію, а таксама значную дзяржаўную субсідыю.
Міністэрства спорту і турызму апублікавала ў сацыяльных сетках інфаграфіку, на якой паказаны ўзнагароды Тамасяка, Вонсека і Семіруннага. Кожны з іх будзе атрымліваць штомесячную спартыўную стыпендыю ў памеры 15 427,26 злотых на працягу наступных двух гадоў.
Акрамя таго, кожны прызёр атрымаў грашовую прэмію. Вонсек і Семірунны атрымаюць па 78 241,68 злотых за свае індывідуальныя сярэбраныя медалі. Мультымедаліст Кацпер Тамасяк атрымае ад урада Польшчы суму ў 163 500,12 злотых.
Варта таксама адзначыць, што Польскі алімпійскі камітэт (PKOl) падрыхтаваў асобныя ўзнагароды. За свае індывідуальныя сярэбраныя медалі Тамасяк і Семірунны атрымаюць 400 000 злотых, 200 000 злотых у крыптавалюце, карціну, ваўчар на адпачынак і ювелірныя вырабы коштам да 2000 злотых. Бронзавы медаль Тамасяка таксама гарантаваў яму дадатковыя 300 000 злотых і 150 000 злотых у крыптавалюце.
Праз чатыры гады зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць у Францыі. Праз 34 гады пасля спаборніцтваў у французскім Альбервілі алімпійскі сцяг вярнуўся ў сэрца Альпаў. Ён прыбыў з Мілана разам з французскімі спартсменамі, якія дасягнулі гістарычны поспех на Італьянскіх гульнях. Францыя заняла шостае месца ў медальным заліку з рэкорднай колькасцю медалёў. Яны выйгралі ашаламляльныя 23 медалі, на дзевяць больш, чым на папярэдніх гульнях.
ав
слухайце аўдыё