Было сабрана больш за 10 мільёнаў злотых на пакупку генератараў для Кіева ды іншых украінскіх гарадоў. Пра тое, што спрычынілася да гэтага поспеху, Польскаму радыё распавяла адна з ініцыятарак рэдактарка сайта Sestry.eu Ёанна Мосей.
Пры канцы студзеня ў Польшчы фонд «Stand with Ukraine» у супрацы з шэрагам іншых грамадскіх арганізацый, сярод якіх Еўрамайдан-Варшава, Фонд Дэмакратыі, партал Sestry.eu, фонд «Адкрыты дыялог», фонд «Польскі круглы стол бізнесу» ды ініцыятыва «Дапамога прадпрымальнікам», пачаў збор сродкаў на набыццё генератараў для Кіева. У той час украінская сталіца была паралізаваная расійскімі тэрарыстычнымі атакамі на энергетычную інфраструктуру пры тэмпературы паветра ў -20 градусаў Цэльсія.
Першапачатковай мэтай арганізатараў было сабраць 400 000 злотых на 100 генератараў для Кіева. Гэтая сума была сабраная цягам 28 гадзін. Пазней арганізатары некалькі разоў павялічылі суму, спачатку да двух мільёнаў, потым да трох. Пры канцы агульная сума ахвяраванняў перавысіла дзесяць мільёнаў злотых, дзякуючы падтрымцы больш за 77 000 донараў.
Першы транспарт генератараў сустракаў асабіста мэр Кіева Віталь Клічко, які падзякаваў польскай грамадскасці за салідарнасць. «У той час, калі Расія зрабіла ўсё магчымае, каб замарозіць людзей у Кіеве,знішчыўшы нашу крытычна важную інфраструктуру, пакінуўшы жыхароў без цяпла, вады і электрычнасці, вашыя генератары маюць вырашальнае значэнне для таго, каб горад перажыў зімні перыяд і выжыў», – сказаў кіеўскі галава.
На дадзены момант, польскі бок перадаў у Кіеў ды іншыя гарады Украіны 230 генератараў, здольных, напрыклад, ацяпляць шпіталі або цэлыя жылыя кварталы.
Гэтая акцыя стала велізарным поспехам, насуперак заявам у сацыяльных сетках, што палякі стаміліся дапамагаць Украіне, распавядае галоўная рэдактарка сайта Sestry.eu, аднаго з ініцыятараў кампаніі «Цяпло з Польшчы для Кіева» Ёанна Мосей.
— Сітуацыя складаная. З аднаго боку, вядома, цяжэй, і гэта натуральна. Ідзе чацвёрты год вайны, усе стаміліся, тыя, хто можа сабе гэта дазволіць, і цяжка пастаянна мабілізаваць людзей для збору сродкаў. З іншага боку, месяц таму, 16 студзеня, мы паспяхова запусцілі вялікую кампанію «Цяпло з Польшчы для Кіева», і яна паказала, што ў нас зноў ёсць вялікая сіла, моц і салідарнасць. І калі ўсё пачалося і нават перасягнула нашы чаканні, што гэта будзе настолькі грандыёзна, настолькі выдатна, як снежны ком, спачатку многія валанцёры, многія невялікія арганізацыі, падобныя да гэтай, якія дапамагаюць, крыху зайздросцілі таму, што ўсе ахвяруюць на гэтыя генератары і забываюць пра іх кампаніі. Цяпер, праз месяц, я бачу, што, на шчасце, наша акцыя прынесла дадатковы эфект. Людзі забыліся пра генератары, бо колькі яшчэ можна цягнуць адну тэму, і замест гэтага пачалі ахвяраваць сродкі на іншыя зборы, зноў узгадалі, што трэба дапамагаць.
Падчас збораў, Вам даводзіцца часта размаўляць з палякамі, якая атмасфера ў гэтых размовах? Што цікавіць людзей? Што іх пераконвае?
— Я думаю, што ў гэты момант, маючы на ўвазе нашу канкрэтную кампанію, верагодна, зіма і мінусавая тэмпература сапраўды пераканалі людзей. Гэта мабілізавала нас, і гэта быў момант, калі мы ўбачылі, як холадна на вуліцы. Кожны з нас мог вярнуцца ў цёплы дом і падумаў, што сотні тысяч людзей ва Украіне не маюць магчымасці вярнуцца ў цёплы дом, таму што ў іх у кватэры тэмпература 5-7 градусаў Цэльсія ці нават ніжэй. Гэта мабілізавала нас, і, я думаю, іншых палякаў таксама. Яшчэ мы зразумелі, што ідзецца пра чарговае ваеннае злачынства, генацыд. Мы ўсе бачылі кадры, як у людзей лопаюць трубы, ледзяшы вісяць у іх дамах. Я не магу ўявіць сабе, як мы спалі бы пры тэмпературы два градусы Цэльсія, людзі спяць у куртках, як быццам мы былі бяздомнымі і даводзіцца спаць на вуліцы. Я думаю, што часам нам патрэбныя моцныя эмоцыі, каб зноў нешта кранулася ў сэрцы. Гэтыя эмоцыі абудзіў холад як зброя масавага знішчэння.
Ці не цяжэй Вам цяпер размаўляць пра дапамогу Украіну?
— Цяжэй, але, магчыма, мы ўсе жывем у сваіх уласных справах, і людзі, з якімі я размаўляю, неяк усё яшчэ прыязныя, усё яшчэ зацікаўленыя. Большасць з іх не падтрымлівае Украіну штодня, але гэтая кампанія мабілізавала іх. З іншага боку, мяркуючы па каментарах, якія людзі пакідалі на сайце Pomagamy, дзе мы збіралі ахвяраванні, было шмат каментароў, калі людзі казалі: «Я ахвярую кожны дзень на дапамогу для жывёлаў, я ахвярую кожны месяц для войска, для ўзброеных сіл Украіны, невялікія сумы, але я падтрымаю і вашу кампанію». Такія людзі ўсё яшчэ ёсць, відавочна, хай маштаб і меншы. Ёсць такое, што мы прызвычаіліся да сітуацыі, бо чалавечы род вымер бы, калі б мы ўвесь час знаходзіліся ў баявой гатовасці. На жаль, цяпер толькі ўкраінцы павінны быць увесь час у напружанасці, а мы можам сабе дазволіць забыцца пра кепскае. Але ёсць таксама шмат людзей, якія ўсё яшчэ памятаюць пра Украіну і мабілізуюць іншых сваёй адданасцю.
Супольнасць няўрадавых арганізацый у Польшчы, людзі, якія дапамагаюць, едуць ва Украіну, якія ў вас адносіны, ці ёсць супрацоўніцтва? Па вашым вопыце, ці больш супрацоўніцтва, ці вы робіце сваё паралельна да іншых?
— Я думаю, што супрацоўніцтва існуе, у сувязі з маёй дзейнасцю, гэта значыць вядзеннем ўэб-сайта «Сестры», мы таксама пастаянна пішам пра такіх людзей, пра валанцёраў, пра тых, хто возіць дапамогу, таму што наша місія пастаянна паказваць добрыя прыклады, таму што людзям патрэбны нейкі прыклад для пераймання. Хай гэтыя людзі ў асноўным невялікая група, але яны ведаюць адзін аднаго, супрацоўнічаюць, дапамагаюць адзін аднаму, падтрымліваюць адзін аднаго ў зборы сродкаў.
Украіна, якая замярзала з-за расійскіх абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры, парушыла сэрцы тысяч палякаў. У Польшчы вялізарным поспехам стала грамадзянская акцыя ««Цяпло з Польшчы для Кіева». Было сабрана больш за 10 мільёнаў злотых на пакупку генератараў для Кіева ды іншых украінскіх гарадоў.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч