Паводле апытання UCE Research для выдання Onet, з усіх суседніх народаў чэхі — самыя падобныя да палякаў. На чэхаў указалі 30,2% апытаных. На другім месцы — славакі (21,7 працэнта), на трэцім — літоўцы (10,6 працэнта). Пазней ідуць украінцы (8,8%). Найменш падобнымі да палякаў апытаныя назвалі немцаў, беларусаў і расіян. Амаль 9,4 працэнта лічаць, што ніводны з суседніх народаў не падобны да палякаў, а 11,1 працэнта не маюць меркавання на гэты конт.
Нягледзячы на ментальную блізкасць да чэхаў і славакаў, у стратэгічных пытаннях палякі арыентуюцца на канкрэтныя мэты. Апытанне паказвае, што бяспека з’яўляецца для іх безумоўным прыярытэтам у адносінах з суседзямі — яе назвалі ключавой амаль 70 працэнтаў рэспандэнтаў.
Далей ідуць эканамічныя пытанні і тэмы, звязаныя з сыравінай. Эканоміку адзначылі 40,8 працэнта апытаных, энергетыку — 29,5 працэнта, сельскую гаспадарку і харчовую бяспеку — 20,9 працэнта. Такія сферы, як міграцыя (16,9 працэнта), ахова навакольнага асяроддзя і клімат (13,9 працэнта), а таксама інфраструктурнае і транспартнае супрацоўніцтва (13,9 працэнта), пакуль не ўспрымаюцца як прыярытэтныя.
Традыцыйныя сферы, што звычайна фарміруюць блізкасць паміж народамі, — гісторыя і гістарычная памяць (12,9 працэнта), а таксама культура і адукацыя (10 працэнтаў) — апынуліся ў канцы спісу.
нг