Пытанне выкарыстання экранаў у дашкольных установах стала прычынай гарачай дыскусіі ў адукацыйным асяроддзі. Міністэрства нацыянальнай адукацыі падтрымлівае забарону на выкарыстанне лічбавых прылад у дашкольных адукацыйных установах, але адначасова ўносіць змены ў палажэнні рэгламенту па гэтым пытанні, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Выданне нагадвае, што яшчэ ў студзені намесніца міністра адукацыі Катажына Любнаўэр абвясціла, што дашкольныя ўстановы будуць прасторай без экранаў. Гаворка ідзе пра поўную забарону на ўсе лічбавыя і экранныя прылады. Аднак аказалася, што пазіцыя міністэрства па гэтым пытанні змянілася. Пра гэта намесніца міністра адукацыі абвясціла падчас нядаўняй сустрэчы з настаўнікамі ў гарадку Горліцы на поўдні Польшчы.
— Мы крыху змянілі гэтае палажэнне. У цяперашні час гаворка ідзе пра абмежаванне выкарыстання экранаў у дашкольных установах, — заявіла Катажына Любнаўэр.
Прэс-сакратар Міністэрства нацыянальнай адукацыі Эвеліна Гарчыца паясніла, што ведамства ўкараняе змены пасля кансультацый з настаўнікамі і сацыяльнымі партнёрамі.
— Настаўнікі адзначылі, што палажэнне аб забароне экранаў, прапанаванае ў першапачатковым праекце, выклікае некаторыя сумневы на практыцы. Узніклі пытанні аб яго тлумачэнні. Напрыклад, аб тым, як ставіцца да інтэрактыўных дошак, якія былі набыты ў многіх установах у рамках праектаў ЕС і выкарыстоўваюцца падчас заняткаў, — заявіла прадстаўніца Мінадукацыі.
Прыхільнікі поўнай забароны асцерагаюцца, што на практыцы згаданая папраўка будзе азначаць, што, нягледзячы на рэформу, сітуацыя ў многіх установах не памяняецца — экраны надалей будуць шырока выкарыстоўвацца.
аз