Кожны хацеў бы быць спакойным і жыць спакойна, але здараецца, што такі ўраўнаважаны на першы позірк чалавек раптам выбухае. І ўсе навокал здзіўлены – а што здарылася?
А прычына ў тым, што спакой не заўсёды бывае добрым для нашага здароўя, ён можа быць таксічным, аб чым распавяла на Першым канале Польскага радыё псіхолаг, псіхатэрапеўт Яанна Фліс (Joanna Flis).
— Спакой пажаданы, кожны з нас любіць такую разнавіднасць камфорту пры эмоцыях, якія мы адчуваем – каб эмоцыі не ўплывалі на прыняцце рашэнняў, каб яны прыносілі эмацыянальную бяспеку. Але вельмі часта мы блытаем гэты здаровы спакой, які вынікае з раўнавагі, з падаўленнем сваіх пачуццяў, з іх ігнараваннем. Гэта значыць, бываюць стратэгіі, якія нагадваюць спакой, але на практыцы яны робяць гэтыя эмоцыі ўсё больш моцнымі і, насуперак вонкаваму спакою, усё больш уплываюць на тое, як мы паводзім сябе і як мы ўспрымаем свет.
— Людзі трымаюць у сабе эмоцыі, асабліва негатыўныя, паколькі лічыцца, што так сябе паводзіць добра выхаваны чалавек.
— Мы жывём у культуры, дзе часта чуем, і чулі ў дзяцінстве, што эмоцыі трэба кантраляваць, што нельга праяўляць эмоцыі, асабліва непрыемныя ці сацыяльна непрымальныя, што, напрыклад, не варта злавацца, а дзяўчатам зусім нельга злавацца. Такім чынам, мы выраслі ў культуры, якая пераканала нас, што калі мы будзем праяўляць непажаданыя пачуцці, мы можам страціць любоў, стаць пагрозай. Таму мы часта карыстаемся стратэгій падаўлення эмоцый, бо калі мы пакажам тое, што сапраўды адчуваем і перажываем, гэта можа быць не адобрана.
— А як праяўляецца такі таксічны спакой, які можа быць шкодны для чалавека і яго атачэння?
— Варта адзначыць, што пры здаровай нервовай сістэме мы адчуваем розныя эмоцыі, можам іх назваць і выразіць іх такім чынам, каб не крыўдзіць сябе ды іншых. Умовай з'яўляецца тое, што ў нас ёсць доступ да гэтых пачуццяў. Пры таксічным спакоі мы губляем доступ да эмоцый, якія лічым непрымальнымі, непажаданымі або страшным. Гэта звязана з эфектам замярзання або так званага адключэння ад нашай нервовай сістэмы. Часам нам здаецца, што гэта сімвалізуе глыбокую спеласць - не адчуваць гневу, калі мы павінны яго адчуваць, але часцей за ўсё гэта не мае нічога агульнага са сталасцю. Мы адрэзаны ад таго, што адчуваем, узнікае шмат незразумелых паводзін, імпульсаў і перакананняў. Напрыклад, з'яўляецца шмат пасіўнай агрэсіі. Раптам мы становімся саркастычнымі або забываем пра нейкія абяцаныя паслугі, забываем, што павінны былі зрабіць нешта своечасова. Раптам мы адчуваем патрэбу выказваць эмацыянальны холад, альбо адчуваем маральную перавагу і пачынаем асуджаць іншых, хто выказвае эмоцыі і адкрыта пра іх гаворыць. Вельмі часта мы таксама пачынаем надта кантраляваць іншых або быць перфекцыяністамі. Гнеў, які чалавек падавіў, часта прыводзіць да змены яго спосабу існавання ў свеце.
— Эмацыянальная сталасць не дае гарантыі спакою, затое яна дазваляе рэагаваць у адпаведнасці з нашымі каштоўнасцямі, нягледзячы на адсутнасць спакою.
— Часта мы не кантралюем таго, што адбываецца ў нашым жыцці. Свет хутка змяняецца, людзі могуць зрабіць шмат прыемных рэчаў, нашкодзіць нам або пераступіць нашы межы. Мы жывём у свеце, дзе раўнавага пастаянна парушаецца. І сталасць дазваляе нам, па-першае, заўважыць, што было парушана, і, па-другое, дзейнічаць так, як мы хочам, нягледзячы на тое, што гэта парушана. Такім чынам, калі я злуюся, я магу паводзіць сябе рашуча, але не агрэсіўна. І менавіта для гэтага патрэбная сталасць. Вядома, было б цудоўна, калі б мы ўсе жылі ў спакоі, міры і цішыні. Але, на жаль, свет выглядае інакш, таму варта папрацаваць над сваёй самарэгуляцыяй, каб, нягледзячы на адсутнасць спакою, мы ўсё яшчэ маглі жыць на сваіх умовах. Каб нашы эмоцыі не ўяўлялі для нас пагрозы. Яны павінны быць проста інфармацыяй, якая паступае ад нас да нас саміх пра тое, што з намі адбываецца.
— Гэта тычыцца дарослых асоб. А як навучыць дзяцей адчуваць эмоцыі здаровым чынам, каб не выхаваць пакаленне ветлівых, але абыякавых людзей?
— Дзеці вучацца ў нас выражаць свае пачуцці. Калі мы ствараем прастору, дзе дзеці могуць гаварыць пра свае пачуцці, калі мы дапамагаем ім знайсці спосабы выказаць іх прымальным чынам, тады дзеці вучацца, што праблема не ў тым, што яны адчуваюць. Праблема можа быць у тым, што яны робяць пад уплывам гэтага пачуцця напрыклад, рэчы, якія могуць крыўдзіць кагосьці. Мы, дарослыя, павінны дапамагаць дзецям знаходзіць спосабы выражаць свае пачуцці бяспечным чынам. Неабходна паглядзець, якія эмоцыі ў нашым доме свабодна прымаюцца, а, магчыма, ёсць эмоцыі, якія хаваюцца пад дыван або зусім нельга іх выражаць. Мой досвед паказвае, што калі бацькі працуюць над уласнай самарэгуляцыяй — гэта значыць, вучацца адказваць на пытанні «Што я адчуваю?», «Што гэта значыць?» і «Як я магу выказаць гэта інакш?», тады дзеці робяць тое ж самае. Яны бачаць, што мама кажа, што злуецца, але нічога не адбываецца, яе не перастаюць кахаць, няма пакарання, гэта значыць, што я таксама магу. Такім чынам, праца з дзіцячымі эмоцыямі часта азначае працу над нашай уласнай нервовай сістэмай, над нашымі ўласнымі перакананнямі адносна эмоцый. Нам часта здаецца, што гнеў — гэта дрэнна, што дзеці, напрыклад, не павінны сумаваць — якая ў іх прычына сумаваць? Такія эмоцыі, як бездапаможнасць, гнеў ці агіда прызначаны толькі для дарослых, і мы часта не адабраем гэтых эмоцый у дзяцей. А дзеці таксама маюць шырокія магчымасці рэагавання на навакольны свет, як і мы, дарослыя, і ім патрэбная такая ж здольнасць разумення яго складанасці, як і нам, дарослым.
нг