Беларускі палітык, журналіст, пісьменнік, былы палітвязень Павел Севярынец сёлета ўзначаліў Арганізацыйны камітэт адзначэння гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. Нягледзячы на тое, што гэта не круглая дата, святкаванне будзе вельмі маштабнае. Па словах нашага госця, івэнтаў будуць сотні. Шмат людзей у самых розных краінах ангажуюцца ў падрыхтоўку. Гэта будзе нават не Дзень Волі, а цэлы Тыдзень Волі.
— Сёлета Дзень Волі асаблівы. 25 сакавіка — гэта серада, таму ў некаторых гарадах яго пачынаюць адзначаць яшчэ ў суботу, 21 сакавіка, а заканчваюць 28-29 сакавіка. Такім чынам, замест Дня Волі мы маем цэлы Тыдзень Волі. Гэтая вясна асаблівая. Хістаюцца рэжымы — мы бачым, што адбывалася ў Венесуэле, што адбываецца ў Іране, штосьці падобнае чакае Кубу. Дыктатарскія рэжымы хістаюцца па ўсім свеце. Беларускі народ, якія трывае пад дыктатурай дзясяткі гадоў, адчувае павеў свабоды. Варта засведчыць сваю прагу да волі — як рашучасці, як свабоды. Я ўпэўнены, беларусы адштурхнуцца ад дна, выйдуць з занурэння і мы ўбачым больш бадзёрую карціну беларускага руху. Што важна, спаўняецца 30 гадоў, калі пачалася славутая менская Вясна’96 — гістарычная хваля руху, якая дала цэлае пакаленне змагароў.
З буйных мерапрыемстваў — шэсце і канцэрт у Беластоку, у Вільні — шэсце, мітынг, аўтапрабег з байкерамі, мемарыял на могілках Роса, набажэнствы, 28 сакавіка — шэсце і канцэрт у Варшаве. І таксама канцэрт Лявона Вольскага 25 сакавіка ў Варшаве.
— Вы апісваеце свае назіранні, што цяпер узровень самаарганізацыі беларусаў можна супастаўляць з вялікімі ўздымамі да 2020 года ў самой Беларусі. У чым канкрэтна вы бачыце гэтую змену? Раней беларусы-эмігранты старалася як мага хутчэй асімілявацца, ці цяпер інакш? Вы можаце зірнуць свежым вокам, паколькі нядаўна самі сталі эмігрантам.
— Мяне ўразіла якасць і колькасць мерапрыемстваў, якія чакаюцца на 25 сакавіка па ўсім свеце. Раней пра такое я нават марыць не мог. Напрыклад, у ЗША беларускія мерапрыемствы збіраюць сотні людзей, да 2020 года гэта была рэдкасць нават для Менску. Івэнтаў сотні, магчыма, нават тысячы, гэта дае карціну беларускай нацыі, якая паказвае, што ёсць такі светлы народ – беларусы, і рана ці позна гэтая плынь ахопіць і саму Беларусь.
— Можа, у рамках адзначэння гадавіны БНР, варта было б правесці працу над памылкамі, каб пазбегнуць у будучыні памылак. Каб не толькі святкаваць, але таксама зладзіць, напрыклад, дыскусіі з удзелам гісторыкаў, можа, сацыёлагаў, таксама палітыкаў. І прааналізаваць, што было зроблена не так.
— Для мяне праца над памылкамі пачалася ў 2020 годзе, усе пяць гадоў я думаў, што зрабілі не так, што можна было зрабіць яшчэ, і што буду рабіць, калі выйду з турмы. Гэта асэнсаванне патрэбнае дэмакратычным элітам і непазбежна гэтае пытанне паўстане. Без гэтага не будзе руху наперад.
нг