Пасля паўторнага адкрыцця архіваў Кракаўскай курыі журналісты «Rzeczpospolita» азнаёміліся з дакументамі, якія тычацца святароў-педафілаў, з якімі кантактаваў будучы Папа рымскі. Раней, у 2022–2023 гадах, журналісты таксама вывучалі для гэтай мэты архівы Інстытута нацыянальнай памяці.
— Абодва даследаванні паказваюць, што Вайтыла не пераводзіў святароў з парафіі ў парафію, калі даведваўся пра іх злачынную дзейнасць, а хутчэй, прымаў хуткія меры, як таго патрабуе царкоўнае права. Яго рашэнні, такія як адпраўка святара, падазраванага ў жорсткім абыходжанні з дзецьмі, на псіхіятрычную экспертызу ў 1969 годзе, — гэта было больш чым стандартныя дзеянні для таго часу, — сцвярджае «Rzeczpospolita».
Журналісты вывучылі, сярод іншага, дакументы святароў Эўгеніюша Сургента і Юзэфа Лоранца. У 1970-х гадах яны былі асуджаныя на пазбаўленне волі за сексуальны гвалт над дзецьмі.
— Дзеянні Вайтылы ў дачыненні да айца Сургента і айца Лоранца, калі ён даведаўся пра іх злачынствы, былі хуткімі і рашучымі: адхіленне ад выканання абавязкаў, загад пакінуць прыход і загад пражываць у вызначаным месцы да вырашэння справы. У абодвух выпадках рашэнні Вайтылы апярэджвалі дзеянні праваахоўных органаў. Калі міліцыя пачала расследаванне, абодва святары ўжо былі адхілены ад выканання абавязкаў Царквой і выдалены з месца, дзе было здзейснена злачынства, — паведамляе газета. Дадаецца, што калі яны былі вызвалены з турмы пасля адбыцця пакарання, іх не аднавілі на працы, а адправілі ў кляштары для пакаяння без права служыць імшу або слухаць споведзь.
яс