Беларуская Служба

Невядомая гісторыя: 107 гадоў таму ў Нясвіжы пачалося антыбальшавіцкае паўстанне

14.03.2026 06:03
Са зброяй у руках супраць чырвоных выступілі мясцовыя жыхары, у тым ліку вучні нясвіжскай гімназіі.
Аўдыё
  • Невядомая гісторыя: 107 гадоў таму ў Нясвіжы пачалося антыбальшавіцкае паўстанне
 .
Даваенны Нясвіж. Аўтобусны прыпынакNarodowe Archiwum Cyfrowe

Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра мала вядомую падзею з мінулага, якой 14 сакавіка спаўняецца 107 гадоў. У гэты дзень у 1919 годзе ў Нясвіжы мясцовае насельніцтва выступіла са зброяй у руках супраць бальшавікоў. У гісторыю гэтая падзея ўвайшла пад назвай Нясвіжскае паўстанне.

У снежні 1918 года нямецкія войскі, якія падчас Першай сусветнай вайны амаль дзесяць месяцаў акупавалі большую частку Беларусі, пачалі адступаць. Уладу ў Нясвіжы пачалі браць у свае рукі бальшавікі.

У лютым 1919 года пачалася польска-бальшавіцкая вайна. Неўзабаве Войска Польскае пачало выцясняць Чырвоную армію на ўсход. Даведаўшыся пра гэта, вучні нясвіжскай гімназіі аб’ядналіся ў падпольную арганізацыю. Было прынятае рашэнне ўзняць паўстанне і вызваліць горад ад бальшавікоў яшчэ да прыхода польскіх войскаў.

Арганізацыйны камітэт паўстання ўзначаліў настаўнік мясцовай гімназіі Мечыслаў Валністы. У першую чаргу паўстанцы пачалі збіраць зброю, якую гімназісты ў сакрэце забіралі з бацькоўскіх дамоў і збіралі ў навакольных вёсках. Такім чынам удалося сабраць каля 30 вінтовак і некалькі рэвальвераў. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што ў паўстанцаў не было ніякага плану змагання — усё было пастаўлена на стыхію.

Паводле крыніц, неўзабаве пра падрыхтоўку паўстання стала вядома бальшавікам, але прадпрыняць нейкіх крокаў яны не паспелі. Тым часам фронт набліжаўся да Нясвіжа, а ў ваколіцах горада пачалі з’яўляцца польскія конныя атрады, якія праводзілі дыверсіі ў тылах Чырвонай Арміі. У выніку 13 сакавіка бальшавіцкі полк быў з Нясвіжа накіраваны на фронт, а ў горадзе застаўся невялікі атрад і некалькі міліцыянераў.

На нясвіжскім рынку. Даваенны час. Narodowe Archiwum Cyfrowe На нясвіжскім рынку. Даваенны час. Narodowe Archiwum Cyfrowe

14 сакавіка 1919 года атрады Войска Польскага нечаканым налётам захапілі мястэчка Сіняўка ў 35 км ад Нясвіжа, а потым накіраваліся ў бок Клецка і Снова. З-за гэтага ў Нясвіжы і ваколіцах пайшлі чуткі нібы пра тое, што палякі ўдарылі на Бабруйск і Мінск. Людзі таксама гаварылі, што нібыта бачылі польскіх кавалерыстаў каля горада і чулі польскую мову. У сувязі з гэтым паўстанцы вырашылі дзейнічаць.

Ноччу з 14 на 15 сакавіка паўстанцы занялі самыя важныя будынкі горада і ліквідавалі мясцовы савет, арыштаваўшы міліцыянераў і раззброіўшы іх. Застаўшыся без войска, мясцовыя бальшавікі спрабавалі змагацца, аднак падчас перастрэлак загінула бальшавіцкае кіраўніцтва горада. Над ратушай паўстанцы ўзнялі польскі сцяг. Вайсковае камандаванне было даручанае Мечыславу Валністаму. На дарогах паўстанцы расставілі патрулі, а ў горадзе была створаная камендатура. Аднак далейшай абароны паўстанцы не арганізоўвалі і спадзяваліся на хуткае прыбыццё польскай арміі, не ведаючы, што палякі не збіраюцца ісці на горад.

У гэты час у Нясвіж вяртаўся савецкі полк, але адразу ж адступіў, бо ініцыятыва была ў руках паўстанцаў. Бальшавікі наладзілі тэлеграфную сувязь з Мінскам. Адтуль яны атрымалі загад нікуды не рухацца і чакаць бронецягнік разам з ротай салдат. Каля 17-й гадзіны 18 сакавіка рота з двума кулямётамі злучылася з бальшавіцкім палком і накіравалася на горад. Пасля перастрэлкі, якая працягвалася некалькі гадзін, у паўстанцаў закончыліся боепрыпасы і яны адступілі ў цэнтр Нясвіжа. У выніку адсутнасці дапамогі і хаосу кожны мусіў ратавацца самастойна.

Да раніцы панядзелка 19 сакавіка 1919 года паўстанне было канчаткова ліквідаванае.

Пасля заняцця горада ЧК арыштавала кіраўнікоў паўстання: настаўніка гімназіі Мечыслава Валністага, гарадскога чыноўніка Палікарпа Каляду, працаўніка радзівілаўскага палаца Юзафа Янушкевіча, мясцовага жыхара Канстанціна Шыдлоўскага і бухалтара радзівілаўскай адміністрацыі Станіслава Іваноўскага. Яны былі перавезеныя ў даўні кляштар бенедыктынцаў, у якім бальшавікі зрабілі турму, і 24 сакавіка расстраляныя ў лесе за горадам. Большую частку арыштаваных чырвоныя выпусцілі праз нейкі час — некаторых затрымалі на некалькі дзён, а іншых — на некалькі месяцаў.

Паводле гісторыкаў, паўстанне ў Нясвіжы мела выразна польскі характар.

Нясвіжская вуліца. Narodowe Archiwum Cyfrowe Нясвіжская вуліца. Narodowe Archiwum Cyfrowe

Пасля заканчэння польска-савецкай вайны, калі Нясвіж увайшоў у склад Польшчы, у горадзе ўсталявалі два помнікі ў памяць пра ахвяраў паўстання. Адзін з іх знаходзіўся ў цэнтры горада і быў знішчаны падчас Другой сусветнай вайны. Другі — гэта помнік на каталіцкіх могілках у Нясвіжы, усталяваны ў 1926 годзе на магіле арганізатараў паўстання за грошы, сабраныя вучнямі і настаўнікамі гарадской гімназіі. Пасля 1990 года помнік быў адрэстаўраваны. На ім высечаныя прозвішчы расстраляных, дата смерці і цытата польскага паэта Яна Каханоўскага: «A jeśli komu droga otwarta do nieba, tym, co służą ojczyźnie» («Калі каму і адкрытая дарога ў неба, то тым, хто служыць Айчыне»). Пасля 1944 года з магілы быў сцёрты надпіс «pomordowani przez bolszewików» (забітыя бальшавікамі).

Да Другой сусветнай вайны, калі Нясвіж уваходзіў у склад Польшчы, тэма паўстання была важнай часткай патрыятычнага выхавання моладзі ў горадзе.

Да верасня 1939 года ў актавай зале Нясвіжскай гімназіі імя Сыракомлі вісеў вялікі партрэт Мечыслава Валністага.

вс

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу