З 2011 года Еўрапейскае агенцтва па наркотыках (EUDA) аналізуе гарадскія сцёкавыя воды, каб атрымаць аб'ектыўныя дадзеныя аб рэальным спажыванні псіхаактыўных рэчываў у еўрапейскіх гарадах. Гэта больш надзейны спосаб даследавання, чым традыцыйныя метады — апытанні або дадзеныя аб продажах, якія, паводле адмыслоўцаў, недастаткова адлюстроўваюць рэальную сітуацыю.
Як паведамляе Gazeta Wyborcza, на гэты раз пробы сцёкавых вод аналізаваліся са студзеня па травень 2025 года. Былі правераны пробы, якія прадстаўляюць прыблізна 72 мільёны чалавек.
Сцёкавыя воды былі правераны на наяўнасць какаіну, МДМА (метылендыёксіметамфетамін), метамфетаміну, амфетаміну, кетаміну і каноплі.
Еўрапейскі рынак наркотыкаў здамінавалі сінтэтычныя рэчывы
Паводле вынікаў праверкі, ужыванне какаіну — другога па распаўсюджанасці наркотыку ў Еўропе пасля каноплі — зноў расце. Рост быў зафіксаваны ў 63 гарадах Еўропы. Традыцыйна найвышэйшы ўзровень ужывання какаіну назіраецца ў Заходняй і Паўднёвай Еўропе, але даследчыкі таксама выявілі сляды какаіну ў сцёкавых водах ва Усходняй Еўропе.
Сёлетні рэйтынг узначальваюць два брытанскія гарады: Мідлсбра і Брысталь. За імі Барселона, дзе за год ужыванне какаіну павялічылася на 185%. У сваю чаргу ўжыванне какаіну ў Кракаве павялічылася на 77%.
Шмат сведчыць пра тое, што еўрапейскі рынак наркотыкаў здамінавалі сінтэтычныя рэчывы. Гэтая тэндэнцыя відавочная як у даследаваннях сярод маладых людзей, так і ў павелічэнні колькасці канфіскацый на рынку і ў ліквідаваных службамі лабараторыях, якія ўсё часцей вырабляюць розныя наркатычныя рэчывы.
Трывожны рост метамфетаміну фіксуецца і ў Кракаве
У Цэнтральнай Еўропе відавочна расце спажыванне метамфетаміну. Тут рэйтынг узначальваюць Чэшскія Будзеёвіцы, а таксама пяць іншых чэшскіх гарадоў.
Высокая канцэнтрацыя гэтага моцнага наркатычнага рэчыва таксама была зафіксавана ў сцёкавых водах славацкіх гарадоў. Напрыклад, у П’ешцянах спажыванне павялічылася на 343% у параўнанні з мінулым годам. Таксама трывожны рост фіксуецца і ў Кракаве, дзе ўзровень метамфетаміну павялічыўся на 264%.
Дадзеныя за 2025 год таксама паказваюць падзенне папулярнасці экстазі, але не ў Кракаве, дзе ўжыванне МДМА павялічылася на 249%.
Паводле справаздачы ў Еўропе расце таксама спажыванне кетаміну. Паміж 2024 і 2025 гадамі рост быў зафіксаваны ў 47 з 68 правераных гарадоў. У кантынентальным рэгіёне ў рэйтынгу лідзіруюць Амстэрдам і Берлін.
Павелічэнне ўзроўню кетаміну таксама бачна ў сцёкавых водах Кракава – на 159% у параўнанні з папярэднімі гадамі.
аз