Напярэдадні Дня Волі, які беларусы ва ўсім свеце ўжо неўзабаве будуць адзначаць, у Гданьску ў суботу, 21 сакавіка, урачыста адкрылі памятны Крыж змагарам за свабодную і незалежную Беларусь.
Ва ўрачыстасцях на Гарнізонных могілках узялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай беларускай супольнасці, а таксама гарадскіх уладаў, паведаміў намеснік старшыні Таварыства «Хатка» Раман Шчэрбаў.
«Нарэшце мы завяршылі наш праект. Ён цягнуўся вельмі доўга — восем гадоў. Для нас гэта важная падзея: у Гданьску з’явілася годнае месца памяці, прысвечанае беларусам, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Беларусі, за беларускія ідэалы», — сказаў дзеяч.
Сярод удзельнікаў жалобнай урачыстасці быў фізік, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Пётр Зяліньскі — унук беларускага дзеяча міжваеннай Польшчы, лекара Станіслава Грынкевіча, які пасля арышту савецкімі карнікамі ўвосень 1944 года бясследна знік:
«Я фізік з Варшавы. Прыехаў на ўрачыстасць адкрыцця памятнага крыжа, падчас якой згадваліся лёсы больш як 100 беларускіх дзеячаў, забітых або зніклых падчас сталінскіх рэпрэсій ці вайны, месцы пахавання якіх невядомыя. Сярод іх і мой дзед — Станіслаў Грынкевіч, вядомы лекар, беларускі дзеяч і навуковец. Для мяне вялікі гонар удзельнічаць у адкрыцці гэтага памятнага месца».
Адметна, што сродкі на ўсталяванне беларускага помніка ў Гданьску збіралі талакой. Да гэтай ініцыятывы далучылася нават мясцовае камунальнае прадпрыемства «Гданьскія аўтобусы і трамваі», а архітэктарам помніка стаў Станіслаў Шыманьскі:
«Калі я атрымаў заданне запраектаваць крыж, то здзівіўся, што беларускі крыж мае толькі дзве папярочныя перакладзіны і не мае пахілай, характэрнай для праваслаўных крыжоў. Як жыхар Гданьска, вельмі цешуся, што ў гарадской прасторы, на Гарнізонных могілках, з’явілася важнае месца памяці і для беларусаў».
Матэрыял з урачыстага адкрыцця беларускага помніка ў Гданьску слухайце ў далучаным аўдыё!
эж