Беларуская Служба

Павал Севярынец: Беларуская Народная Рэспубліка — гэта не проста гісторыя, гэта перспектыва нашай будучыні

25.03.2026 06:02
На думку нашага госця, у будучыні значная частка арганізатараў Дня Волі ўвойдзе ў беларускі парламент, будзе кіраваць гарадамі, мястэчкамі ў Беларусі.
Аўдыё
  • Гадавіна абвяшчэння БНР. Гутарка з Паўлам Севярынцам.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота: shutterstock.com

Раніцай 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была першая самастойная дзяржава беларусаў. Сёлета адзначэнне гадавіны БНР (Дзень Волі) ладзіцца як ніколі маштабна, у сувязі з вялікай колькасцю беларусаў, якія жывуць паза межамі краіны. У самой Беларусі, на жаль, святкавання няма.

Тым не менш, па словах нашага госця, які ўзначаліў аргкамітэт адзначэння Дня Волі, гэта зменіцца, раней ці пазней святкаванне будзе і ў самой Беларусі. Размаўляем з беларускім палітыкам, пісьменнікам, былым палітвязнем Паўлам Севярынцам.

— Чым для Вас асабіста з’яўляецца Беларуская Народная Рэспубліка?

— Гэта як сцяг, узняты ўгару, светлая мара, вобраз, які вядзе нас праз усе выпрабаванні – войны, акупацыі, дыктатуры. Гэта тое, за што людзі гатовыя ахвяравацца жыццём, тое, што беларускі народ носіць у сэрцы стагоддзямі. БНР – вялікі знак, які ў сэрцы ўсіх свядомых беларусаў. А такіх свядомых беларусаў стала значна больш, іх зараз мільёны. Таму Беларуская Народная Рэспубліка – гэта не проста гісторыя, гэта перспектыва нашай будучыні. Рана ці позна дзеці будуць вывучаць, а бацькі будуць згадваць, як яны адзначалі 25 сакавіка. Дзеці будуць хадзіць у беларускія школы, гэта свята будзе адзначацца на афіцыйным узроўні.

— Ці пасля вымушанай эміграцыі Дзень Волі набірае новы сэнс? Ці можна зрабіць выснову, што свядомасць павялічваецца разам з эміграцыяй?

— Абсалютна так. Бог дапускае такія рэчы, каб мы ўсвядомілі сябе беларусамі. За мяжой роднай краіны гэта значна вастрэй адчуваецца. І таму сотні тысяч беларусаў мараць вярнуцца з перамогай у родную краіну. Нам не трэба ўладкоўвацца за мяжой, а думаць пра Беларусь.

— Вы гаворыце пра акно магчымасцяў, якое можа адчыніцца для Беларусі. Ці Вы маеце на ўвазе тыя геапалітычныя падзеі, якія адбываюцца ў свеце?

— І падзеі ў геапалітыцы, і настроі людзей, і подых вясны. Вельмі часта людзі памыляюцца са сваімі чаканнямі. У 2020 годзе ўсе чакалі, што вось-вось рэжым абрынецца. Да гэтага ніхто і прадумаць не мог, што сотні тысяч беларусаў выйдуць. А цяпер усе думаюць, што і Пуцін, і Лукашэнка трымаюцца моцна. Бог раз за разам абвяргае такія планы. А нам, адказным людзям, якія гатовыя весці за сабой іншых, трэба быць напагатове. І зараз той час, каб падрыхтавацца. Усё пачынаецца з такіх дзён, як Дзень Волі. Арганізатары сёлетняга Дня Волі – гэта людзі вельмі кампетэнтныя, вельмі адказныя, тэхналагічныя. У будучыні значная частка з іх увойдзе ў беларускі парламент, будзе кіраваць гарадамі, мястэчкамі ў Беларусі.

— А што Вы хацелі б пажадаць беларусам з нагоды Дня Волі?

— Дарагія беларусы! Дзень Волі для нас – не проста свята. Гэта дзень святы, калі мы марым пра свабоду, пра незалежную Беларусь. Магчыма, не ўсе могуць выйсці на вуліцу пад бел-чырвона-белым сцягам. Але той, хто можа выйсці – калі ласка, выходзьце! Ахвяруйце сродкі на падрыхтоўку такіх мерапрыемстваў, а хто не можа і гэтага – у Дзень Волі проста могуць больш усміхацца, гучней размаўляць па-беларуску, абдымаць сваіх сябраў, блізкіх і зараджацца надзеяй. Дзень Волі ў Беларусі абавязкова настане, мы зробім Беларусі вольнай і незалежнай. Жыве Беларусь!

Слухайце ўсю размову ў далучаным гукавым файле

Размаўляла Наталля Грышкевіч