Беларуская Служба

Сітуацыя на Блізкім Усходзе папсавала планы турыстаў і зрабіла адпачынак даражэйшым

29.03.2026 11:12
У выйгрышы можа быць польскі турызм. Цікавасць да адпачынку ў Польшчы расце. 
Аўдыё
  • Сітуацыя на Блізкім Усходзе папсавала планы турыстаў і зрабіла адпачынак даражэйшым
, ,
Пляж, адпачынак, летаstokpic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сітуацыя на Блізкім Усходзе папсавала планы турыстам, якія збіраліся на адпачынак у гэтым напрамку. Але і для тых, хто планаваў адпачынак у цалкам іншых, бяспечных краінах, цяперашняя геапалітычная сітуацыя будзе абазначаць вышэйшыя кошты адпачынку.

Гэта вынік вайны на Блізкім Усходзе, якая ўплывае на турыстычную індустрыю. Калі гаворка ідзе пра міжнародныя паездкі, усё часцей выбіраюцца бяспечныя і надзейныя напрамкі.

Прэс-сакратар Польскай турыстычнай палаты Катажына Турасеньска адзначыла, што палякі апошнім часам асцярожна ставяцца да браніравання.

— Гэта не рэвалюцыя, а хутчэй эвалюцыя паводзін турыстаў. Больш аналізу, большая роля бяспекі і паступовае, натуральнае зацікаўленне альтэрнатывай. У тым ліку адпачынкам у Польшчы.

Катажына Турасеньска кажа, што такія напрамкі, як Кіпр і Турцыя, надалей папулярныя.

— Гэта правераныя рэгіёны з праверанай турыстычнай інфраструктурай. Аднак трэба прызнаць, што сярод кліентаў турбюро паяўляецца большая ўвага да пытанняў бяспекі і больш дакладнае адсочванне інфармацый ад МЗС.

Міністэрства замежных спраў паслядоўна раіць устрымацца ад паездак у асобныя краіны Блізкага Усходу, у тым ліку Іран, Ізраіль, Ліван і Сірыю, а таксама ў асобныя часткі Азіі – Шры-Ланку, Непал і Мальдывы.

Міністр спорту Якуб Рутніцкі заявіў, што далейшых эвакуацыйных рэйсаў з Блізкага Усходу не плануецца. Таму кожны, хто вырашыць паехаць у разбураныя вайной рэгіёны, нягледзячы на папярэджанні Міністэрства замежных спраў, павінен ведаць, што ён будзе несці фінансавую адказнасць за сваё вяртанне.

— Цяжка забараніць людзям падарожнічаць у розныя часткі свету. Але цяпер, калі б адбылася нейкая складаная сітуацыя, то гэтыя людзі павінны разумець, што магчымыя вяртанні будуць звязаны з фінансавай адказнасцю.

Пасля паяўлення напружання на Блізкім Усходзе многія турбюро і самі турысты пачалі адмаўляцца ад выкупленых тураў. Упраўленне па канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў (UOKiK) нагадвае, што ў тых, хто забраніраваў адпачынак у рэгіёне, дзе сітуацыя стала небяспечнай, ёсць некалькі варыянтаў: яны могуць чакаць развіцця сітуацыі і рашэння арганізатара, альбо яны могуць дамовіцца з арганізатарам аб змене даты або пункта прызначэння. Турысты таксама могуць бясплатна адмовіцца ад дамовы да пачатку тура ў выпадку непазбежных і надзвычайных абставін, якія ўзніклі ў пункце адпачынку або ў яго непасрэднай блізасці.

Акрамя таго, з-за бягучай сітуацыі на Блізкім Усходзе былі актываваны выплаты з Фонду дапамогі турыстам. На палову сакавіка было пададзена больш за 2100 заявак на атрыманне дапамогі з фонду. Кліенты турбюро, якія адмянілі туры з-за канфлікту на Блізкім Усходзе, могуць падаць заяву на кампенсацыю.

Прэс-сакратар Даміян Зёмбер паведаміў, што, зыходзячы з пададзеных заявак, турысты чакаюць кампенсацыі ў памеры 34 мільёнаў злотых. Даміян Зёмбер гаворыць, што з пачатку канфлікту на Блізкім Усходзе Фонд дапамогі турыстам актываваўся трэці раз у сваёй гісторыі:

— Першы раз, калі Расія напала на Украіну, другі — калі Хамас атакаваў Ізраіль. Мы актывізуем фонд трэці раз. У цэлым негатыве ўсёй сітуацыі гэта добрая інфармацыя для турыстаў, таксама для турбюро. Мы ўжо адпрацавалі гэтую працэдуру з турыстамі і бюро.

Канфлікт на Блізкім Усходзе адаб’ецца на кішэні турыстаў. У сувязі са зменай прыярытэтаў пры выбары напрамкаў для замежнага адпачынку бяспечныя краіны пачалі падымаць цэны на туры.

Іншыя фінансавая пагроза — гэта рост цэн ужо нават выкупленых тураў у сувязі з ростам цэн на паліва. Такая магчымасць заўсёды прапісаная ў дамове з тураператарам.

Турбюро не можа павялічваць цану тура за 20 дзён ад даты адпачынку, але можа ўключыць у дагавор магчымасць павелічэння цаны. Тураператар мае права павялічваць цану толькі ў трох выпадках: калі транспартныя выдаткі павялічваюцца, напрыклад, з-за павышэння цэн на паліва; калі павялічваюцца падаткі або зборы на турыстычныя паслугі, такія як аэрапортавыя зборы; і калі павялічваюцца абменныя курсы, якія тычацца тура.

Калі тураператар павялічвае цану больш чым на 8%, дагавор можа быць скасаваны.

Некаторы час таму кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту Уілі Уолш заявіў Reuters, што ў выніку працяглай вайны на Блізкім Усходзе павышэнне цэн на авіябілеты непазбежнае.

ав

слухайце аўдыё