Выбітны эканаміст з вялікімі заслугамі для Польшчы, беларускі апазіцыянер і былы дарадца намесніка старшыні Еўрапарламента — вось так на працягу гадоў прадстаўляў сябе ў свеце бізнесу і палітыкі Іван Чурыловіч. Выданне Rzeczpospolita пацікавілася мужчынам, пасля таго як грамадская думка даведалася пра канфлікт паміж інвестарамі кампаніі Saule Technologies, заснаванай вядомым польскім фізікам Вольгай Малінкевіч.
Нагадваем, кампанія Малінкевіч планавала камерцыялізаваць рэвалюцыйныя вынаходкі ў галіне энергетыкі. Гаворка ідзе пра новае пакаленне фотаэлектрычных элементаў. У прыватнасці адзін з інвестараў абвінаваціў Чурыловіча ў тым, што ён маніпулюе старшынёй кампаніі Saule Technologies.
Між тым, аказваецца, што іншыя апазіцыйныя дзеячы мала што могуць сказаць пра чалавека, які пабудаваў сваю кар'еру ў Польшчы на легендзе пра мужнага беларускага актывіста. Таксама, паводле газеты, доктарская ступень Варшаўскага ўніверсітэта, якой ён хваліцца, — хлусня, а яго дадзеныя ў базе выглядаюць падазрона.
— Быццам ён наогул тут не вучыўся і не скончыў універсітэта. Выглядае, быццам бы, яго прозвішча проста ўпісалі (ў лік студэнтаў – рэд.), — паведамілі выданню ў Варшаўскім універсітэце.
Як паясняе газета, сам Чурыловіч пазбягае адказаў на накіраваныя яму пытанні, адносна адукацыі.
Таксама цікава, што ніхто не ведае, хто рэкамендаваў Чурыловіча Янушу Анышкевічу —міністру абароны Польшчы, калі той у 2004 годзе стаў намеснікам старшыні Еўрапарламента.
— Ён не быў папулярны, меў жорсткі падыход да людзей і працаваў у сваіх інтарэсах, — кажа ў размове з выданнем адзін з палітыкаў.
У 2016 годзе Іван Чурыловіч атрымаў узнагароду TVP Polonia «За заслугі перад Польшчай і палякамі за мяжой». Аднак таксама TVP не ведае, хто намінаваў яго на конкурс — і чаму ён тады выдаваў сябе ўжо не за «беларускага апазіцыянера», але «выбітнага актывіста ўкраінскага Майдана»?
— Усё, што я ведаю пра яго — гэта тое, што ён мне сказаў. У мяне не было ні падстаў, ні магчымасці праверыць гэта, — кажа былы віцэ-старшыня TVP Мацей Станэцкі.
Як Іван Чурыловіч апынуўся ў кампаніі Вольгі Малінкевіч? Менавіта яны пазнаёміліся на гала-канцэрце TVP Polonia ў 2016 годзе — абодва былі лаўрэатамі згаданай узнагароды.
Між тым, падчас журналісцкага расследавання высветлілася, што не толькі Rzeczpospolita правярае біяграфію таямнічага дарадцы заснавальніка Saule Technologies. Як стала вядома газеце, Іванам Чурыловічам цікавіцца таксама Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW).
аз