Forsal згадвае пра новыя правілы здачы іспытаў на правы кіроўцы – не будзе ўжо пляцоўкі для манеўраў. Міністэрства інфраструктуры анансавала істотныя змены. Дзеючая сістэма існавала 13 гадоў і, як адзначыў намеснік міністра Станіслаў Букавец (Stanisław Bukowiec), яна не цалкам адпавядае сучасным рэаліям. Законапраект змяненняў падрыхтаваны і неўзабаве будзе накіраваны на заканадаўчую працэдуру.
Найбольшыя змены закрануць тэорыю. Плануецца стварыць Цэнтр іспытаў пры міністэрстве замест існуючай камісіі. Колькасць пытанняў (цяпер каля 3,5 тысячы) будзе радыкальна скарочаная. Яны стануць адкрытымі і будуць лепш адлюстроўваць рэальныя сітуацыі на дарозе.
Сур’ёзная рэформа чакае і практычны экзамен на катэгорыю B. Пляцоўкі для манеўраў не будзе падчас іспытаў — цяпер менавіта на гэтым этапе экзамен правальваюць каля 40% кандыдатаў. Пляцоўка застанецца толькі для навучання падчас курсаў. Для іншых катэгорый (у тым ліку C і E) экзамен на пляцоўцы захаваецца.
Іншыя элементы практычнага экзамену істотна не зменяцца. Нягледзячы на прапановы экспертаў, пакуль не плануецца ўводзіць абавязковае навучанне вадзіць узімку, паводзіць сябе ў заносе або на аўтастрадах. Таксама сярод прапаноў, якія не былі адобраныя, быў дадатковы курс праз некалькі месяцаў пасля атрымання правоў.
нг