Беларуская Служба

Слухачка: Дзякуючы Вам змагла атрымаць асалоду ад музыкі Крамбамбулі

31.03.2026 16:24
Напярэдадні святочнага канцэрту Крамбамбуля ў Варшаве Беларуская служба Польскага радыё для замежжа правяла акцыю «Дорым квіткі на варшаўскі канцэрт Крамбамбулі». Пасля канцэрту мы паразмаўлялі з пераможцамі пра іх уражанні ды эмоцыі.
Аўдыё
  • Падводзім вынікі акцыі "Дорым квіткі на варшаўскі канцэрт Крамбамбулі"
Ілюстрацыйнае фотаScreenshot Facebook.com

25 сакавіка ў Варшаве адбыўся выступ гурта Крамбамбуля. Сярод гледачоў былі слухачы Беларускай службы Польскага радыё для замежжа.

Напярэдадні канцэрты наша служба правяла акцыю «Дорым квіткі на варшаўскі канцэрт Крамбамбулі», разыгрываючы ў сацыяльных сетках Instagram і Facebook некалькі білетаў на канцэрт. Трэба было націснуць лайк, падпісацца і пакінуць каментар пра сваю асацыяцыю з жыцця, якая звязаная з песнямі Крамбамбулі.

Карыстальніца Вбыкоўская з FB згадала, што «шмат якія песні Крамбамбулі сталі мэмамі», як напрыклад «Турысты», дзе зазначаецца, што «часцяком пасля адпачынку трэба зноў адпачываць». Карыстальніца Instagram Ма рІ напісала, што была пад уражаннем ад гучання беларускай мовы«як лёгка, з гумарам, з густам жыцця яна лілася ў песнях Крамбамбулі».

Нам удалося паразмаўляць падчас канцэрту і пасля з некаторымі пераможцамі. Дзякуючы Польскаму радыё, удалося трапіць на канцэрт другі раз за два гады, кажа карыстальніца Ма рІ.

— Я амаль два гады ў Варшаве, але гэта мая другая імпрэза за ўвесь. Першая была год таму, і цяпер сімвал беларускай культуры – Крамбабуля. Я радая, што не проста паўдзельнічала ў розыгрышу, але і перамагла. Дзякуючы Вам змагла атрымаць асалоду ад музыкі. Крамбамбуля ў мяне асацыюецца з гадамі маёй маладосці, калі я ўпершыню пачула гэты гурт. Мне сябры паставілі некалькі твораў, я была проста ў захапленні. Важнай для мяне з’яўляецца песня «Тры Чарапахі», якая стала сімвалам нашых пратэстаў і прагі да перамогі і волі. Хопіць чакаць насамрэч, мы ў 2020 годзе гэта сказалі, я спадзяюся, што гэтая словы здзейсняцца.

Карыстальнік FB Алесь зазначыў, што не спадзяваўся перамагчы, але быў прыемна ўражаны вынікам і ўдзячны за магчымасць наведаць канцэрт.

— Я вельмі люблю Беларускую службу Польскага радыё і хацеў павялічыць колькасць лайкаў, пашырыць аглядальнасць. Я не чакаў перамогі, але прыйшло паведамленне з квітком, дзякуй. Гэта файная ініцыятыва, прыцягвае ўвагу, таму што важна адсвяткаваць гэты дзень, асабліва ў таварыстве Лявона Вольскага, важна, каб была працягласць традыцыі, каб вяшчанне далей працягвалася.

Наста Быкоўская выказала падзяку за магчымасць адчуць сябе як 10 год таму ў Беларусі.

— Я ў Польшчы з 2023-га году, і ў першы раз па сапраўднаму пайшла на канцэрт. Для мяне ўсё прайшло як параўнанне з тым, што было 10 год таму. Як 10 гадоў раней гучалі воклічы «Жыве Беларусь», луналі сцягі. Вельмі цікава было пабачыць, як змяніліся ўсе хто быў на сцэне. Пасля гэтага канцэрту, я хачу, каб з’явіліся песні Крамбамбулі ў варыянце караоке, што добра для вечароў, дзе беларусы збіраюцца, каб можна было спяваць разам.

На варшаўскім канцэрце Крамбамбулі беларусы шмат спявалі разам. Мы са свайго боку заклікаем слухаць нашыя перадачы, гэта была не апошняя падобная акцыя.

Юры Ліхтаровіч