Беларуская Служба

Польская медычная місія: Нягледзячы на нязначнае паляпшэнне, сітуацыя ў Газе застаецца крытычнай

08.04.2026 12:25
Ад пачатку вайны Ізраіля з ХАМАС, выкліканай нападам гэтай тэрарыстычнай арганізацыі на Ізраіль, загінула больш за 72 тысячы палестынцаў.
ГазаEPA/MOHAMMED SABER/PAP

Ад пачатку спынення агню паміж Ізраілем і ХАМАСам, дасягнутага ў лістападзе 2025 года пры пасярэдніцтве, у прыватнасці, Злучаных Штатаў, у Сектары Газа загінула каля 700 палестынцаў — паведамляюць мясцовыя медычныя ўстановы. У той жа час ад пачатку вайны Ізраіля з ХАМАС, выкліканай нападам гэтай палестынскай тэрарыстычнай арганізацыі на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, загінула больш за 72 тысячы палестынцаў.

Паводле дадзеных агенцтва ААН UNOSAT, якое спецыялізуецца на аналізе спадарожнікавых здымкаў і геапрасторавых дадзеных, 81% будынкаў у Сектары Газа атрымалі пашкоджанні або былі знішчаныя. Цяпер функцыянуе толькі каля паловы медычных устаноў, а людзі вымушаныя жыць у намётах — без доступу да вады і належных санітарных умоў.  Гуманітарная сітуацыя ў Сектары Газа працягвае заставацца катастрафічнай. Таму Польская медычная місія разам з мясцовым партнёрам адкрыла там клініку лячэння ран.

Дадаткова на Заходнім беразе напады радыкальных ізраільскіх пасяленцаў на палестынцаў адбываюцца амаль штодня, пра гэта  Марыюш Боркоўскі былы карэспандэнт польскіх СМІ на Блізкім Усходзе.

— Былы прэм’ер Ізраіля Эхуд Ольмерт у лісце да Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе заклікаў суд заняць пэўную пазіцыю і пачаць караць вінаватых. Ён таксама даў пісьмовы каментар брытанскаму выданню The Guardian. У ім былы прэм'ер наўпрост піша пра яўрэйскі, цытую, тэрарызм, які ўяўляе экзістэнцыяльную пагрозу. Для каго? Для Ізраіля.

І ён піша, што «маральная сіла была асновай нашых перамог. Без гэтай сілы мы насамрэч не маем права на існаванне». Ён гаворыць пра тое, што пагромы палестынцаў, якія цяпер адбываюцца на Заходнім беразе, а раней у іншай форме мелі месца ў Сектары Газа, нагадваюць яму пагромы яўрэяў у Трэцім Рэйху і падчас Другой сусветнай вайны.

— Нагадаю два факты, якія там адбываюцца. Першы: ізраільская арганізацыя па правах чалавека Yesh Din паведамляе пра 1746 выпадкаў — гэта дадзеныя тыднёвай даўніны — з якіх 600 завяршыліся забойствамі палестынскіх мірных жыхароў. Палестынскіх мірных жыхароў — як пажылых людзей, жанчын, так і трохгадовых, чатырохгадовых дзяцей. Найбольш шакуючым прыкладам быў выпадак, які здарыўся зусім нядаўна, калі заканчваўся святы для мусульман месяц Рамадан. Палестынская сям’я мірных жыхароў вярталася пашкоджаным аўтамабілем, іх спынілі пасяленцы — яўрэйскія каланісты, яны застрэлілі маці і бацьку, а потым, прыставіўшы рэвальверы да галоў трохгадовых і чатырохгадовых дзяцей, застрэлілі іх на месцы. Як адзначае гэтая ізраільская арганізацыя, тут падкрэслю, што менавіта ізраільская, не палестынская, не еўрапейская — ізраільскія салдаты і паліцэйскія, якія былі на месцы, нават не праверылі дакументы ў забойцаў. Карацей кажучы, канфлікт, які цяпер працягваецца, тое, што адбываецца ў Іране і вакол Ірана, цалкам зацямніў тое, што адбываецца на Заходнім беразе Ярдана і ў Сектары Газа. Сітуацыя драматычная — гуманітарная, медыцынская, харчовая. Карацей кажучы, нічога не палепшылася. Проста цяпер мы занятыя нафтай і тым, што адбываецца ў самім Іране і вакол яго.

Польская медычная місія разам з мясцовымі партнёрамі аказвае дапамогу ў Сектары Газа. Прадстаўнік місіі Якуб Бяліна-Бжазоўскі распавёў, што цяпер адбываецца ў гэтым рэгіёне.

—  Што да Сектара Газа, то сказаць, што нічога не змяняецца, напэўна, будзе перабольшваннем, бо за гэтыя паўгода нешта змянілася. Сітуацыя ўсё яшчэ складаная. Перш за ўсё штодня гінуць людзі, памятаем пра гэта, бо гэтае спыненне агню я б узяў у двухкоссі, гэта значыць мы гаворым пра спыненне агню, падчас якога ўжо загінула каля 700 палестынцаў, гэта значыць штодня гінуць прыкладна чатыры чалавекі. Гэта, па сутнасці, канфлікт меншай інтэнсіўнасці, а не спыненне агню ў літаральным сэнсе. Мы і далей маем справу з бамбардзіроўкамі, абстрэламі. Вядома, у зусім іншым маштабе, чым падчас найбольшай эскалацыі. Адбыўся пераход ад страшнай эскалацыі да этапу своеасаблівай гуманітарнай агоніі.

Ёсць пэўнае паляпшэнне сітуацыі. Мы ўжо не маем справы з голадам у літаральным сэнсе, але з недаяданнем. Гэта значыць палестынцы не маюць доступу да паўнавартаснай ежы. Нашы лекары ў Хан-Юнісе распавядалі мне, як пайшлі на мясцовы рынак. Яны кажуць, што там лягчэй купіць батончык Snickers ці Mars, чым гародніну або паўнавартасную ежу. Яны распавядалі мне пра жахлівыя цэны. Таму гэтыя людзі часта не ядуць, бо проста не могуць сабе гэтага дазволіць. Мы маем справу з месцам, дзе па розных ацэнках знішчана або пашкоджана 80- 90% будынкаў. Практычна іх цяпер не адбудоўваюць, бо Ізраіль не прапускае частку будаўнічых матэрыялаў на гэтую тэрыторыю, у сувязі з чым людзі спрабуюць адбудоўваць жыллё з руін. Нават разбор завалаў, калі ён і пачнецца, а пакуль што ён не пачаўся, паводле ацэнак ААН, доўжыўся б да 2032 года, а адбудова — гэта перспектыва пасля 2040 года. Аднак гэта пры ўмове, што ўсё гэта пачнецца, а пакуль што нічога не сведчыць пра тое, што гэта адбудзецца.  Нічога не сведчыць пра тое, што Ізраіль ці іншыя міжнародныя акторы зацікаўлены ў вяртанні да нармальнага жыцця.

Якуб Бяліна-Бжазоўскі з Польскай медычнай місіі распавёў пра клініку лячэння ран, якую арганізацыя адкрывае разам са сваім мясцовым партнёрам.

— Мы ўжо прымаем пацыентаў, клініка была адкрыта 1 сакавіка, працуе пры бальніцы «Насер» у Хан-Юнісе. Гаворка ідзе пра самыя розныя раны — ад тых, што ўзнікаюць у выніку абстрэлаў або бамбардзіровак,  да такіх, як пролежні. Гэта таксама сведчыць пра тое, што мы ўжо ў пэўнай ступені адышлі ад рэжыму выключна неадкладнай дапамогі, які дзейнічаў раней. Раней нашы лекары працавалі ў іншай бальніцы ў Дэйр-эль-Балах і прымалі толькі тых, хто трапляў туды непасрэдна пасля абстрэлаў. Цяпер гэта толькі частка пацыентаў. Мы ўжо можам займацца не толькі самымі неадкладнымі выпадкамі. Гэта таксама паказвае, што сітуацыя, нягледзячы ні на што, не з’яўляецца настолькі катастрафічнай, як раней, але адначасова праз гэта яна прыцягвае значна менш увагі — як у Польшчы, так і ў міжнароднай супольнасці. Як я ўжо казаў, гэтая агонія будзе працягвацца, і, як адзначаў пан Боркоўскі, Газа з кожным месяцам усё больш становіцца месцам, непрыдатным для жыцця. Тое, што мы спрабуем рабіць пастаянна, — гэта забяспечваць базавыя паслугі, элементарныя ўмовы, якія дазваляюць хаця б мінімальна годнае жыццё. Бо памятаем: там няма належнага доступу да санітарых выгод, да чыстай вады.  Большасць насельніцтва Газы —  ўнутрана перамешчаныя асобы. Яны не жывуць у сваіх дамах, а пераважна ў намётах. Умовы жыцця там сапраўды трагічныя.

Тое, што мы і іншыя арганізацыі на месцы спрабуем рабіць, — гэта забяспечыць хаця б самыя элементарныя ўмовы для выжывання, але гэтага ўсё роўна недастаткова, каб Газа стала хоць бы прымальным месцам для жыцця. Гэта сапраўды страшна. 

Пра сітуацыю на Блізкім Усходзе распавядалі Якуб Бяліна-Бжазоўскі з Польскай медыцынскай місіі і Марыюш Баркоўскі, былы карэспандэнт польскіх СМІ на Блізкім Усходзе.

pr/эж