За шэсць месяцаў польскія памежнікі праверылі амаль 1,3 мільёна чалавек на памежных пераходах з Германіяй і Літвой. Польскі бок плануе працягваць кантроль на мяжы, пакуль Германія не адмовіцца ад праверкі падарожных, якія перасякаюць нямецкую мяжу з Польшчы, паведамляе Rzeczpospolita.
Выданне нагадвае, што праверкі на мяжы з Германіяй і Літвой, уведзеныя ў ліпені мінулага года, прывялі да адмовы ва ўездзе амаль тысячы чалавек. Найчасцей гэта былі ўкраінцы, індыйцы, узбекі, беларусы і расіяне.Асноўная прычына адмовы — адсутнасць візы або падарожных дакументаў.
Сярод 29 асоб, у тым ліку палякаў, якіх палічылі непажаданымі ў Шэнгенскай зоне, былі, між іншым, асуджаныя злачынцы і асобы, якія ўяўлялі пагрозу грамадскай бяспецы.
Нягледзячы на тое, што памежны кантроль на мяжы з Літвой і Германіяй уяўляе сабой маштабную лагістычную аперацыю для польскіх службаў, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі абвясціла, што пакуль ад яго не адмовіцца.
Паводле ведамства, падаўжэнне кантролю да кастрычніка 2026 года, абумоўленае «вымернымі вынікамі ў барацьбе з кантрабандыстамі і гандлем людзьмі». Гэта таксама, як піша газета, «другое сіта» для кантрабанды людзей з Беларусі, у якой лідзіруюць у асноўным украінцы і грузіны.
Паводле выдання, аперацыя мае таксама стратэгічнае вымярэнне ў адносінах да Берліна. Такім чынам Польшча блакуе масавае вяртанне мігрантаў у Польшчу з Германіі. Праблема абвастрылася пасля 8 траўня мінулага года, калі Берлін абвастрыў міграцыйную палітыку, у тым ліку спыніў прыём заявак аб абароне ад замежнікаў, якія прыбываюць з іншых краін ЕС. У прыватнасці, пасля перасячэння польскай мяжы, іншаземцы ўжо не могуць легалізаваць свайго знаходжання ў Германіі.
аз