Паводле афіцыйных дадзеных, на пачатку 2026-га года ў Польшчы пражывала больш за 141 тысяча грамадзян Беларусі з дзейснымі відамі на жыхарства. Калі ўзяць пад увагу тых, хто пражывае ў Польшчы па візах, называецца лічба і больш чым 300 тысяч. Варта зазначыць, што сярод тых, хто прыехаў у Польшчу за апошнія гады, ёсць не толькі моладзь, але і людзі сталага веку, якія часта з-за палітычнага пераследу вымушаныя пакідаць краіну.
У Польшчы ім асабліва цяжка адаптавацца, зазначае дырэктарка Цэнтру беларускай салідарнасці Гэлена Нядзвецка.
— На жаль, дастаткова шмат людзей, якія прыехалі ў 2020-м годзе, але ў іх не атрымліваецца цалкам адаптавацца ў Польшчы. Хтосьці за гэты час знайшоў працу і страціў працу. Часамі шмат праблемаў бывае менавіта з кіраўніцтвам фірмы, дзе людзі працуюць, іх звальняюць па розных прычынах. Да нас у ЦБС вельмі часта прыходзяць людзі і просяць аказаць дамогу, таму што згубілі працу. А калі ўзяць людзей 50 плюс, ім увогуле складана знайсці нейкую працу. Пенсіянерам таксама.
У звязку з паўсталай сітуацыяй Цэнтр вырашыў дапамагчы беларусам сталага веку разабрацца з правіламі, якія дзейнічаюць на польскім рынку працы. У сераду 15 красавіка ў Цэнтры адбылася сустрэча з прадстаўнікамі варшаўскага Упраўлення занятасці — гэта дзяржаўная ўстанова, якая займаецца пытаннямі працаўладкавання ў Польшчы. Сустрэча арганізаваная ў адказ на патрэбы беларусаў, распавядае каардынатарка праекту Магда Пытлакоўска.
— Пажылыя людзі, на жаль, часта з'яўляюцца цалкам нябачнай групай, і не толькі сярод мігрантаў, але і ў грамадстве ў цэлым. Мігранты насамрэч уразлівыя да двайной дыскрымінацыі: па-першае, з-за свайго ўзросту, а па-другое, з-за свайго міграцыйнага статусу. Мы, як Цэнтр беларускай салідарнасці, даўно хацелі працаваць менавіта з гэтай групай, але гэта не так проста, бо нават крыніцы фінансавання паказваюць, што дыскрымінацыя існуе на розных узроўнях. Было вельмі цяжка знайсці фінансаванне для мерапрыемстваў, накіраваных выключна на пажылых людзей. На шчасце, праграма «Роўныя справы» фонду Баторыя дала нам такую магчымасць, за што мы вельмі ўдзячныя.
— Мы імкнемся ў першую чаргу інтэграваць нашых пажылых людзей між сабой і з польскім грамадствам. Яны сустракаюцца ў рамках Клуба для пажылых людзей. У іх таксама ёсць магчымасць удзельнічаць у курсах польскай мовы. Мы таксама праводзім для іх інфармацыйныя сустрэчы, такія як тая, на якой мы прысутнічалі сёння. Гэтыя сустрэчы ўключаюць сустрэчы з прадстаўнікамі розных ведамстваў і дзяржаўных устаноў у Польшчы, якія абмяркоўваюць даступныя ім магчымасці, такія як Упраўленне занятасці, магчымасці, якія яно прапануе замежнікам і пажылым людзям.
З якімі праблемамі на рынку працы сутыкаюцца беларусы ў Польшчы?
— На жаль, галоўная праблема палягае на тым, што беларусы, хоць і вельмі добра адукаваныя, з вялікім прафесійным досведам і багатым вопытам, які мог бы ўзбагаціць польскі рынак працы, часта працуюць ніжэй за сваю кваліфікацыю. Моўныя цяжкасці — не адзіная прычына. Часта гэта проста недастатковае знаёмства з польскім рынкам працы, цяжкасці з інтэграцыяй, якія вынікаюць з цяжкага вопыту ў Беларусі, або проста працэс адаптацыі, які складаны для кожнага мігранта. Таму, на нашу думку, вельмі карысным інструментам быў бы кансультант па працаўладкаванні. Я крыху рэзка называю чалавека інструментам, але мы хацелі б працягваць падтрымліваць беларусаў у пошуку працы, але працы, якая прыносіць задавальненне, а не проста нейкай працы ў Польшчы.
Патрэба ў падтрымцы ды інфармацыі ёсць, кажа адна з удзельніц сустрэчы Святлана.
— Мне неабходна было атрымаць кансультацыю па пытаннях працаўладкавання для пенсіянераў, бо я дапамагаю шукаць працу маім бацькам, і мы сутыкнуліся з несумленнымі кампаніямі, у мяне былі пытанні наконт таго, як знайсці новую працу і як правільна звольніцца са старога месца працы.
У Цэнтры беларускай салідарнасці прайшла інфармацыйная сустрэча з прадстаўнікамі Упраўлення па пытаннях занятасці для асоб пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Гэта першае з шэрагу спатканняў па пытаннях звязаных з адаптацыяй беларусаў у Польшчы.
Юры Ліхтаровіч