Беларуская Служба

Алена Гнаўк: Як выжыць чалавеку ў 70 гадоў пасля лукашэнкаўскай турмы ў чужой краіне і без сістэмнай падтрымкі?

16.04.2026 18:48
Пасля вызвалення і прымусовага выдалення з Радзімы, пенсіянерка сутыкнулася з новымі цяжкасцямі —  уладкаваннем жыцця ў Польшчы
Аўдыё
ПенсіянерыIvica Drusany/ Shutterstock

Алена Гнаўк — 68-гадовая актывістка з Пружанаў — правяла за кратамі амаль чатыры гады, з іх палову ў ШЫЗА і ПКТ. Яе судзілі чатыры разы, прызнавалі «экстрэмісткай», каралі за словы і перакананні. Прайшоўшы гэты цяжкі шлях, пасля вызвалення і прымусовага выдалення з Радзімы, пенсіянерка сутыкнулася з новымі цяжкасцямі —  уладкаваннем жыцця ў Польшчы, без сістэмнай падтрымкі з боку дэмакратычнай супольнасці Беларусі, але з надзеяй на выпраўленне складанай жыццёвай сітуацыі былых палівязняў-пенсіянераў, выкінутых рэжымам Лукашэнкі з Беларусі. Пра гэта ў размове Беларускай службы Польскага радыё з Аленай Гнаўк.

— Калі цябе са сцен турэмных выкідваюць у чужую краіну без грошай, без нічога — гэта як у чыстае поле. Як раней высылалі ў ссылку, — кажа жанчына. Паводле яе, гэты досвед агульны для многіх былых палітвязняў, асабліва людзей сталага ўзросту. —Першапачаткова выратаваннем стала дапамога беларусаў. Нашы людзі не далі нам прапасці, я ім вельмі ўдзячная, — адзначае яна. Аднак такая падтрымка носіць часовы характар, і ўжо праз некалькі месяцаў людзі застаюцца сам-насам з побытавымі праблемамі.

Асабліва складана даводзіцца пенсіянерам. Ва Уроцлаве, дзе цяпер жыве спадарыня Алена, сабралася невялікая супольнасць былых палітвязняў сталага ўзросту.

— Нас тут чацвёра жанчын-пенсіянерак, усе пасля калоній. Мы трымаемся разам, але гэта не вырашае праблем, — кажа яна.

Паводле Гнаўк, праблема мае сістэмны характар і пакуль не знаходзіць адказу.

— У нашай вядомай студзеньскай групе было 123 чалавекі, і з іх — 8 пенсіянераў. Няўжо нельга было знайсці рашэнне для гэтых васьмі? — жанчына не прыхоўвае абурэння.

Галоўная цяжкасць — адсутнасць доўгатэрміновай падтрымкі.  — Дапамога ёсць толькі на пачатку. А потым — жыві як хочаш. А як жыць чалавеку ў 70 гадоў пасля турмы ў чужой краіне? — задаецца пытаннем былая палітзняволеная і падкрэслівае, што ў такім узросце людзі не могуць канкурыраваць на рынку працы.

— Што мы можам? Падмесці, памыць падлогі… Але і на гэта ўжо не заўсёды ёсць сілы і здароўе. Пасля турмы гэта яшчэ і стрэс.

Алена Гнаўк таксама звяртае ўвагу на тое, што праблема шырэйшая.

— Да мяне звяртаюцца людзі 55+. Яны ўжо цяпер у вельмі цяжкім становішчы, некаторыя фактычна ў галечы. Паводле яе, без сістэмнага падыходу сітуацыя будзе толькі пагаршацца. — Гэта не пра раскошу. Гэта пра элементарнае — маленькае жыллё, мінімальную падтрымку, — тлумачыць яна.

Нягледзячы на цяжкасці, жанчына не губляе надзеі і працягвае гаварыць пра праблему адкрыта, звяртаючыся да беларускіх структур у эміграцыі. 

— Гэта пытанне ўсё роўна давядзецца вырашаць.

Слухайце аўдыё!

эж

Алену Гнаўк перавялі ў калонію для зняволеных з некалькімі судзімасцямі

26.10.2023 11:02
Алена Гнаўк падчас следства трымала галадоўку, шмат дзён правяла ў карцары і ШЫЗА, ад чаго займела праблемы са здароўем. 

Дачка палітзняволенай Алены Гнаўк выехала ў Польшчу з трыма дзецьмі. Ідзе збор сродкаў на дапамогу

27.05.2024 07:15
Аляксандра Семянюк, дачка палітзняволенай пенсіянеркі Алены Гнаўк, з'ехала з Беларусі з трыма дзецьмі.