Хажыкоўскае возера — гэта возера ў Хойніцкім павеце Паморскага ваяводства, яно займае плошчу прыблізна 1363,8 гектара. Максімальная глыбіня — 30 метраў.
Вёска Хажыковы — калыска польскага паруснага спорту. У 1919 годзе тут было заснавана Таварыства сяброў паруснага спорту, якое ў 1922 годзе пераўтварылася ў Хойніцкі парусны клуб — найстарэйшы ў Польшчы. Яго першым кіраўніком быў Ота Вайланд, помнік якому стаіць перад сядзібай клуба.
Шматгадовы кіраўнік Хойніцкага паруснага клуба Кшыштаф Пэстка расказвае, чаму менавіта Хажыкоўскае возера стала калыскай гэтага віду спорта.
— Пра існаванне Хойніцкага паруснага клуба я даведаўся ў 1970-х гадах, калі працаваў на гэтым возеры рыбаком падчас школьных і ўніверсітэцкіх канікул. Я задаваўся пытаннем, чаму было абранае менавіта гэтае месца, бо ў гэтым раёне былі і іншыя прыгожыя мястэчкі, у тым ліку Чухаў, з возерам практычна ў цэнтры горада. Пасля таго, як я даведаўся пра гісторыю гэтага рэгіёна, пачуў гісторыі людзей, якія фармавалі гэтую гісторыю, я прыйшоў да высновы, што насамрэч прычына была адна: лідар. Лідар, які прыцягваў іншых да сябе. Той, хто бачыў парусны спорт на Захадзе, падарожнічаў па свеце, быў зачараваны яхтамі і белымі ветразямі на вадзе, а вярнуўся дадому ў Хойніцы і сказаў: «Слухайце, пара паруснікам плаваць і на Хажыкоўскім возеры». Спачатку былі прымітыўныя лодкі, байдаркі з ветразямі, рыбацкія лодкі, пераробленыя на паруснікі, а з часам пачалі зʼяўляцца парусныя яхты, прывезеныя аднекуль з Еўропы, а потым мясцовыя жыхары пачалі самі будаваць лодкі, шыць ветразі, і вось так усё і пайшло.
На возеры праводзяцца розныя мерапрыемствы па парусным спорце, у тым ліку спаборніцтвы, рэгаты і конкурсы марской песні. Тут працуюць школы паруснага спорту, а таксама арганізуюцца спартыўныя трэніровачныя лагеры.
Трэнер юніёрскай зборнай па парусным спорце Міраслаў Ляскоўскі падкрэслівае, што надворʼе заўсёды спрыяе плаванню, нават, калі няма ветру, патрэбнага для паруснага спорту.
— Пры ветры мы можам адпрацоўваць такія прыёмы, як балансаванне на лодцы і гэтак далей. Калі вецер неспрыяльны, мы выходзім на ваду і робім тэхнічныя элементы, такія як накрыццё лодкі, рух і адчуванне лодкі, і тады нам зусім не патрэбны вецер. Адчуванне лодкі — гэта практыкаванне на балансаванне, якое дазваляе спартсмену адчуць, калі лодка нахіляецца, наколькі яна нахіліцца, каб пазбегнуць перакульвання, а затым выкарыстоўваць максімальны крэн для выканання тэхнічных элементаў. А перакульванні зʼяўляюцца часткай паруснага спорту. Нельга дасягаць поспеху без рызыкоўнага плавання, дзе здараюцца перакульванні. Гэта частка паруснага спорту.
Ідэальны ўзрост, каб пачаць сваю прыгоду з парусным спортам — 6-7 гадоў. Вядома, не кожнае дзіця будзе дасягаць поспеху, але навыкі напэўна застануцца, гаворыць Міраслаў Ляскоўскі.
— Галоўная мэта, напэўна, пераканаць дзіця, а не бацькоў, бо ў дзіцяці павінна быць жаданне і рашучасць займацца плаваннем. У нас у Хойніцкім парусным клубе ёсць група пяці, шасці- і сямігадовых дзяцей. Мы нават нядаўна назвалі групу пяцігадовых дзяцей парусным дзіцячым садком. І мы сапраўды пачынаем з асноў, гэта значыць, мы гуляем на беразе, дзеці даведваюцца пра кірунак ветру, потым яны заходзяць на паруснікі на сушы, а потым першыя заняткі па азнаямленні з вадой. Яны робяць свае першыя крокі на лодцы. Мы бяром пад увагу надворʼе, каб яно не адбівала ў дзяцей жаданне плаваць. А зімой мы займаемся ў залі, гэта значыць практыкаваннямі на агульнае развіццё, каб дзеці былі максімальна падрыхтаваныя. І басейн, што азначае азнаямленне з вадой у басейне, каб кожнае дзіця магло плаваць. Калі мы хочам дасягнуць поспеху, а мы дасягаем яго ўжо больш за дзесяць гадоў, то гэтая сістэма, гэтая піраміда, павінна выглядаць менавіта так. Вядома, не ўсе дзеці заўсёды будуць спартыўнымі. Будуць дзеці, якія пазней будуць плаваць дзеля задавальнення, але пад нашай апекай яны абавязкова навучацца гэтаму вельмі добра.
Трэнер Міраслаў Ляскоўскі з уласнага досведу гаворыць, што поспех — гэта не толькі талент. Галоўнае — стараннасць, сістэматычны падыход і працяглая праца. Гэта прыводзіць да таго, што спартсмены дасягаюць свайго спартыўнага ўзроўню.
Хажыкоўскае возера — гэта не толькі парусны спорт. На возеры размешчаны некалькі гарадоў (Лукоме, Каперніца, Функа, Стары Млын, Малыя Сворнэгаце) з пляжамі, варыянтамі пражывання і харчавання, а таксама пракатам абсталявання для водных відаў спорту.
Хажыкоўскае возера знаходзіцца ў буфернай зоне Нацыянальнага парку «Тухольскія бары», а таксама ў Заборскім ландшафтным парку. Сапраўднай жамчужынай зʼяўляецца даліна ракі Кулава.
Мясцовыя запрашаюць у Кашубскі дом народных рамёстваў, які быў пабудаваны ў 2005 годзе на падмурку былой пачатковай школы. Унутры ёсць выставачныя залы (турысты могуць даведацца пра традыцыі, культуру і гісторыю рэгіёна) і розныя майстар-класы. У будынку таксама знаходзіцца турыстычны інфармацыйны пункт. Хойніцы ганарацца, у тым ліку, Рыцарскім брацтвам герба Тур, якое займаецца рэканструкцыяй позняга Сярэднявечча (XV стагоддзе).
ав
слухайце аўдыё