У 32-гі раз у Польшчы прайшла Алімпіяда па беларускай мове для старшакласнікаў, арганізаванай Варшаўскім універсітэтам. Гэты конкурс стаў жыццёва важнай традыцыяй для падтрымкі беларускага грамадства і культуры ў Польшчы і за мяжой. Старт у Алімпіядзе мае важнае значэнне для развіцця моўных навыкаў ды ўмацавання сваёй тоеснасці, казалі ўдзельнікі.
У Варшаве прайшоў сёлетні фінал Алімпіяды па беларускай мове для вучняў сярэдніх школ. Алімпіяду арганізавала Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту пры падтрымцы Міністэрства нацыянальнай адукацыі. Гэта сведчыць пра тое, што Алімпіяда стала важнай з’явай, кафедра адчувае сваю адказнасць за захаванне традыцыі, сказала ад'юнкт кафедры і каардынатарка Алімпіяды Вольга Трацяк.
— 32 гады — гэта вялікая адказнасць і традыцыя. Ёсць пачуццё таго, што мы робім для падтрымкі беларускасці ў Польшчы для беларускай меншасці ў Польшчы, але і для беларусаў з Беларусі — гэта таксама важная справа.
Віншаванні пераможцам таксама прыслала міністр адукацыі Польшчы Барбара Навацка, яе ліст прачытаў намеснік дырэктара дэпартаменту развіцця ды інавацыі Міністэрства адукацыі Польшчы.
— Падтрымка Алімпіяды па беларускай мове — вялікі гонар для мяне. Я шчыра віншую маладых людзей, якія вырашылі праверыць свае здольнасці ў сёлетняй алімпіядзе. Паважаныя лаўрэаты, прызёры, фіналісты, — такія людзі, як вы, якія вылучаюцца сваёй цікаўнасцю, запалам і ініцыятыўнасцю, зʼяўляюцца для мяне асаблівай крыніцай гонару як для міністра адукацыі.
Лаўрэатамі конкурсу сталі 12 чалавек са школ у Беластоку, Гайнаўкі ды Бельска Падляшскага. Адзін з іх Даніла Дашкоў, які перакананы, што беларусы павінны браць удзел у гэтай Алімпіядзе.
— Я прымаў удзел у Аліміпіядзе, бо я чуў пра гэта ад свайго брата, які таксама раней удзельнічаў. Я лічу, што гэта быў мой абавязак як беларуса прыняць удзел. Было складана, але я падцягнуў мой узровень мовы. Я лічу, што гэта вялікае для мяне дасягненне.
Настаўніца Марыя Здрайкоўская Ліцэй №2 у Беластоку зазначыла, што трэба цяжка працаваць, каб удзельнічаць у Алімпіядзе.
— Пра Алімпіяду беларускай мовы ведаюць у першую чаргу тыя вучні, якія маюць дачыненні з беларускасцю, на Падляшшы. Не ўсе дзеці хочуць таксама, не ўсе адчуваюць сябе моцным. Трэба шмат працы ў гэта ўкласці, самастойнай працы. Заўсёды поспех радуе настаўнікаў, дырэктара школы. У нашым ліцэі мы вельмі падтрымліваем нашых вучняў ды ганарымся іх поспехамі.
Гонарам было ўдзельнічаць у Алімпіядзе зазначыла адна з дзвюх пераможцаў Сафія Самкова, дзякуючы арганізатарам.
— Я хачу падзякаваць усім, хто зрабіў Алімпіяду магчымай, хто дазволіў нам быць тут і працягваць традыцыю. Для мяне гэта была навука пра сваю культуру і мову, каб паглыбляць веды і знаходзіць людзей для якіх важная беларуская культура, каб падтрымліваць у сабе любоў да роднага.
Перамога ў Алімпіядзе дае перавагі пры паступленні ў ВНУ, кажа колішні пераможца Мікалай Здрайкоўскі.
— Удзел у Алімпіядзе мне дапамог паступіць у Варшаўскі ўніверсітэт, і таксама атрымаць стыпендыю дзякуючы званню лаўрэата Алімпіяды. Цяпер калі я мог выбіраць дадатковыя прадметы, я ўзяў адзін прадмет з Кафедры беларусістыкі.
У сваю чаргу Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту запрашае ўдзельнікаў Алімпіяды па беларускай мове на навучанне, зазначае адʼюнкт кафедры Вольга Трацяк.
— Удзельнікі Алімпіяды прыходзяць да нас вучыцца, але вельмі рэдка. Гэта наш боль. Мы ўвогуле фенаменальны кірунак навучання і вельмі цікавы. Нідзе ў Польшчы няма такой спецыялізацыі — беларуская філалогія з вывучэннем ангельскай мовы, толькі ў Варшаўскім універсітэце. Таксама мы адзіная за межамі Беларусі самастойная кафедра беларусістыкі ў свеце.
Алімпіяды па беларускай мове праводзяцца з 1994-га году з мэтай распаўсюджвання ведаў у галіне беларускай літаратуры, мовы, культуры, фальклору і грамадазнаўства, а таксама вывучэння польска-беларускіх літаратурных, лінгвістычных і культурных сувязяў.
Юры Ліхтаровіч