У польскіх гарадах узровень шуму дасягае небяспечнага ўзроўню. Інстытут акустычнай экалогіі (Instytut Ekologii Akustycznej) падрыхтаваў справаздачу на гэтую тэму. Напрыклад, у Варшаве каля вокнаў кватэр фіксавалі нават 120 дэцыбелаў. Гэта як рок-канцэрт – піша «Forsal».
Напрыклад, у Шчырку жыхары скардзяцца на матацыклістаў, якія ганяюць нават ноччу. Мясцовыя ўлады просяць змяніць закон і ўвесці кантроль шуму, як у Чэхіі — з дапамогай спецыяльных прыбораў. Паводле экспертаў, такі шум павышае ўзровень стрэсу, артэрыяльны ціск і пагаршае здароўе. У Польшчы ён можа прыводзіць да 5,5 тысяч заўчасных смерцяў у год.
Еўрапейская Камісія ўжо некалькі гадоў крытыкуе Польшчу за недастатковыя дзеянні, а суд ЕС пацвердзіў, што нормы не выконваюцца. Норма паводле закону — 68 дэцыбелаў удзень і 45 уначы. Яны часта парушаюцца. Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе не больш за 53 дэцыбелы шуму. Паводле ацэнак, больш за мільён палякаў пастаянна пакутуюць ад раздражнення з-за шуму, а сотні тысяч маюць праблемы са сном.
Эксперты падкрэсліваюць: шум — другое па шкоднасці пасля забруджанага паветра. Ён каштуе эканоміцы дзясяткі мільярдаў злотых у год. Пры гэтым, толькі адзін польскі горад — Кельцы — мае сістэмную стратэгію барацьбы з шумам. Спецыялісты заклікаюць улады ўвесці агульнанацыянальную палітыку, ствараць «ціхія зоны» і строга кантраляваць узровень шуму. Пакуль жа, як адзначаюць аўтары дакладу, гэтая праблема застаецца па-за належнай увагай.
нг