Анета Прымака-Онішк — польская пісьменніца і аўтарка гістарычных рэпартажаў «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы» і «Камяні павінны былі паляцець» — адкрыла найноўшую гісторыю беларусаў Беласточчыны не толькі жыхарам рэгіёна, але і шырокай польскай грамадскасці. Яе кнігі сталі сапраўднымі бэстсэлерамі ў Польшчы. У сваёй творчасці пісьменніца даследавала, сярод іншага, адносіны паміж меншасцю і большасцю ў часы ваенных ліхалеццяў на прыкладзе беларусаў і палякаў памежнага рэгіёна.
Нягледзячы на наяўнасць розных этнічных і нацыянальных меншасцяў пасля вайны, польскае грамадства ідэнтыфікавала сябе як монаэтнічнае. Гэта пачало мяняцца толькі пасля падзення камуністычнага рэжыму, а сітуацыя яшчэ больш ускладнілася з наплывам вялікай колькасці эмігрантаў і ўцекачоў з Украіны і Беларусі.
Пытаемся ў пісьменніцы Анеты Прымакі-Онішк, ці гатовыя палякі да разумення сябе як немонаэтнічнага грамадства. Рэтраспектыўна гэтаму пытанню прысвечаная і творчасць нашай гераіні:
— Часткова так. Напрыклад, мае кнігі не з’явіліся ў пустэчы. Яны з’явіліся менавіта таму, што такая патрэба ёсць, што вялікая частка людзей бачыць: гісторыя пра Польшчу як пра монанацыянальную дзяржаву — непраўдзівая. Мы дзесьці ўсе перамяшаныя.
Ёсць такая рэпарцёрка з Гданьска — Магдалена Гжэбалкоўская, якая кажа, што мы ўсе «дварнякі». Яна сама з Гданьска, дзе, здавалася б, больш жыла ў польскай ідэнтычнасці, але там заўсёды былі блізкія і нейкія нямецкія карані. А потым раптам высвятляецца, што бабуля была з-пад Львова і ў маладосці яна насамрэч размаўляла па-ўкраінску.
Так што мы ўсе перамяшаныя, і для многіх людзей гэта значна больш праўдзівая, шчырая гісторыя, якую яны хочуць слухаць. З уласнага досведу я таксама бачу, што на аўтарскія сустрэчы — у Варшаве, Кракаве, Уроцлаве — прыходзяць людзі, якія проста хочуць даведацца больш.
— Цікава, што адначасова мы бачым у Польшчы два працэсы. З аднаго боку, грамадства пачынае ўспрымаць сябе як больш шматэтнічнае. З іншага — расце колькасць людзей, якія не з’яўляюцца карэнным насельніцтвам — бачым велізарную хвалю эміграцыі, уцекачоў або палітычнай міграцыі з Беларусі — гэта ўжо сотні тысяч, нават мільёны людзей. Як гэта ўскладняе працэс, пра які вы гаворыце, а магчыма, яны дапаўняюць адзін аднаго?
— Мне здаецца, што ўсё гэта вельмі неаднароднае. Безумоўна, тое, што ёсць уцекачы і мігранты, прыводзіць да таго, што яны становяцца своеасаблівымі «казламі адпушчэння». Гэта гісторыя, вядомая свету. Іх вельмі часта выкарыстоўваюць палітыкі, у тым ліку мясцовыя палітыкі — дакладней, выкарыстоўваюць саму тэму мігрантаў.
З аднаго боку, паводле даследаванняў, грамадства падзеленае прыкладна напалову. На жаль, гэтыя прапорцыі, здаецца, схіляюцца ў горшы бок. Але частка людзей разумее: уцекачы і мігранты — гэта людзі, якія або ўцякаюць ад вайны, або шукаюць лепшага жыцця. І без іх наша краіна, асабліва Варшава, дзе мы цяпер размаўляем, проста не магла б функцыянаваць. Калі б усе ўкраінцы і беларусы з’ехалі, Варшава б спынілася, Польшча б спынілася. Людзі гэта бачаць, у тым ліку ў эканамічным сэнсе.
Але нават сёння мне давялося пачуць дзве ці тры выпадковыя размовы, у якіх з’яўляліся папулісцкія, даволі пустыя аргументы кшталту: «яны тут разбэсціліся». Што гэта значыць? Што размаўляюць на сваёй мове на вуліцы ў Польшчы? Гэта і ёсць «разбэсціліся»? Або: «яны забіраюць у нас працу».
Так што настроі напружаныя і вельмі розныя. З аднаго боку, мы паступова прызвычайваемся. Некаторыя кажуць — хаця, магчыма, гэта мая інфармацыйная бурбалка: «Божа, нарэшце ў Польшчы можна жыць, бо тут з’явілася сапраўдная разнастайнасць». Але, безумоўна, нацыяналізм расце, і палітыкі гэтым карыстаюцца. На кожных выбарах мы бачым усё больш галасоў, аддадзеных за нацыяналістаў.
— У сваёй творчасці вы даследуеце адносіны меншасці і большасці. Узнікае пытанне, якое перагукваецца з назвай адной з вашых кніг: ці бачыце вы сёння пагрозу таго, што ў Польшчы — магчыма, не цяпер, але праз некалькі гадоў — можа паўтарыцца сітуацыя, калі «камяні зноў паляцяць» у той ці іншы бок? Ці польскае грамадства ўжо мае імунітэт пасля досведу вайны, міжваеннага перыяду, каб да гэтага не дапусціць? Калі ўлічваць і тое, што Польшча — частка заходняга свету, уваходзіць у еўраатлантычныя структуры, у НАТА, у Еўрапейскі саюз. Ці спрацуюць абарончыя механізмы? Як вы гэта бачыце?
— Сёння вельмі цяжка нешта прагназаваць — як, зрэшты, заўсёды. Прагназаванне — гэта крыху варажба на кававай гушчы. Мы дакладна не жывём у вакууме, і тое, што адбываецца ў свеце, вельмі моцна ўплывае на нас. Працэсы, якія адбываюцца ў нас, — частка значна шырэйшых працэсаў. Так было заўсёды.
Другая сусветная вайна — усё, што адбывалася тады ў Еўропе, — гэта быў вецер, якому цяжка было супрацьстаяць. Хоць і тады было шмат людзей, у тым ліку ў Германіі, якія бачылі пагрозу і ўмелі рабіць высновы. Але гэтага было недастаткова, каб спыніць страшную хвалю, якая прыйшла.
Сёння, мне здаецца, гульня ўсё яшчэ працягваецца. Мы не ведаем, што будзе далей, не ведаем, што адбудзецца. Мы глядзім на ўсход, найперш на Украіну, бо ад гэтага шмат у чым залежыць тое, што будзе з намі.
Мне здаецца, нельга сказаць адназначна, чым усё скончыцца. Ёсць шмат людзей, якія кажуць: «Ой, усё страшна нагадвае тое, што было перад Другой сусветнай вайной, і гэта скончыцца трагедыяй». Але гульня яшчэ ідзе, а ніхто не ведае будучыні.
Адзінае, што мы можам рабіць, — гэта рабіць сваю справу. Я глыбока веру, што мінулае — гэта своеасаблівы ключ да разумення сучаснасці. І адзінае, што магу рабіць я, бо менавіта гэтым займаюся, — злучаць факты, распавядаць пра гэта людзям, гаварыць пра гэта з дзецьмі, са сваімі дзецьмі, каб яны таксама бачылі, што адбываецца, і ўмелі рабіць высновы.
Проста рабіць сваю справу і спрабаваць супрацьстаяць таму, што сёння выклікае трывогу, што сёння страшнае. На лёс свету заўсёды ўплываюць і рэчы, якія немагчыма прадбачыць. Часам дрэнныя, але часам і добрыя.
Цяжка быць аптымістам, але быць песімістам таксама няма сэнсу. Трэба проста рабіць сваю справу. Польскае грамадства паказвае, што ў крытычныя моманты можа быць мудрым і сталым.
Сёння вельмі важная роля крытычнага мыслення. Акрамя таго, што гісторыя нібыта паўтараецца, у нас ёсць інтэрнэт, масавая камунікацыя, штучны інтэлект — усё гэта для нас новае. Мы яшчэ не ведаем, як гэта будзе працаваць і як паўплывае на нас як на супольнасць. Але дакладна ведаем: здольнасць да крытычнага мыслення сёння надзвычай важная.
І гэта тое, што мы можам рабіць — для сябе і для свайго атачэння. Каб не быць песімістамі. Каб зрабіць усё магчымае, каб свет стаў лепшым. І я спадзяюся, што так і будзе.
Эдуард Жолуд
Слухайце аўдыё!