Беларуская Служба

Да XVIII стагоддзя беларусаў называлі «бацвінякі». Крыху гісторыі беларускай кухні

06.05.2026 16:01
Расказвае Таццяна Бародкіна, якая жыве паводле дэвізу, што жыццё можа быць цяжкае, але павінна быць заўсёды смачнае.
Аўдыё
  • Гутарка з Таццянай Бародкінай пра беларускую кухню.
 .
Таццяна Бародкіна.Фота: Беларуская служба Польскага радыё/Наталля Грышкевіч

Таццяна Бародкіна  беларуская журналістка, папулярызатарка традыцыйнай кухні. Цяпер яна жыве ў Польшчы, у свабодны час бясплатна вядзе заняткі ў Беларускім універсітэце залатога веку, прысвечаныя гатаванню ежы і гісторыі, з гэтым звязанай. Як з'явілася яе цікаўнасць да беларускай кухні?   

— Я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, калі пачала цікавіцца рэцэптамі. Было цікава  чаму бабуля так гатуе, а сяброўка бабулі  так, а матуля  інакш. Потым вучылася на журфаку БДУ, дзе быў выкладчык беларускай мовы, у якога, каб атрымаць лепшую адзнаку, чым тройка, трэба было нешта яшчэ рабіць. Таму я ездзіла ў экспедыцыі, збірала фальклор, а бабулькі ва ўсіх вёсках смачна гатавалі і частавалі. Я прывозіла рэцэпты. Пазней я пачала працаваць на беларускім тэлебачанні, з’явіліся дочкі, я пачала лепш гатаваць, вывучаць, ездзіць у камандзіроўкі. Прыязджаеш на Палессе  там адным частуюць, прыязджаеш у Віцебскую вобласць  назва іншая, але тое ж самае. Прыйшлося ісці ў бібліятэку, разбірацца, чаму такія розніцы. А пасля выкладання майго курсу студэнтам сталага веку я зразумела, што ў мяне назбіраўся матэрыял на цэлую кнігу. Яны цікавіліся, задавалі пытанні, а я думала “Маці Божая, яны ж усе старэйшыя за мяне, яны ўсё ведаюць даўным-даўно”. Не, пыталіся, вочы гарэлі, як у дзяўчат сямнаццацігадовых.

— Вы прыводзілі словы сваёй бабулі, што жыццё можа быць цяжкае, але павінна быць заўсёды смачнае...

— Так, гэта словы маёй бабулі. Гэта мой дэвіз, асабліва ў эміграцыі. Як цяжка б не было, але смачна павінна быць заўжды.

— Існуе стэрэатып па беларускай кухні, маўдяў, гэта бульба, бульба і яшчэ раз бульба. Вы стараліся яго разбурыць, ці сапраўды аснова беларускай кухні  гэта бульба?

— Мае першыя заняткі былі прысвечаны дабульбяному перыяду. Да XVIII стагоддзя беларусаў называлі “бацвінякі”. Не было ў нас бульбы, елі зусім іншую ежу. У савецкія часы беларусаў называлі “бульбашы”, а да XVIII стагоддзя  “бацвінякі”. А калі бульба распаўсюдзілася (дарэчы, не дзякуючы Пятру І, і раней, чым на расійскіх землях), мы насамрэч вельмі шмат сталі гатаваць бульбы, гэта наш улюбёны караняплод, мы ядзім найбольш на свеце бульбы. Але беларускую кухню памылкова ўсе ведаюць як “сялянскую” кухню  дранікі, зацірка і г.д. А існуе вялікі пласт шляхецкай кухні, пра якую мала ведаюць, а пра магнацкую? Такая гісторыя, столькі ўсяго было магнацкага! І апельсіны елі, дзякуючы Боне Сфорцы столькі італьянскага ў нас з’явілася! Напалеон, прахадзіўшы праз нашы землі, пакінуў шмат французскага, гэтыя рэцэпты потым прыходзілі на магнацкі стол. Кухар магнатаў прыносіў дадому рэцэпт, шляхта потым спрашчала, потым  да сялянскага стала.

— Вы спалучаеце гісторыю з кулінарыяй. Гэта цікава беларусам, якія, як правіла, слаба ведаюць сваю гісторыю.

— Так, я падрыхтавала вывераныя рэцэпты, як гатавалі нашы продкі. Гэта рэцэпты сялянскай, шляхецкай і магнацкай кухні, таксама гарадской кухні, выдзялялася ў нас і карчомная (габрэйская) кухня. І да кожнага рэцэпта была гісторыя  як з’явіліся на нашых землях зразы, чаму такая назва. І да кожнага рэцэпта была гісторыя. Так што мы смакавалі гісторыю. І мае студэнткі натхнілі мяне напісаць кулінарную кнігу. Пакуль што я зрабіла кулінарныя паштоўкі.

Размаўляла Наталля Грышкевіч