Таццяна Бародкіна — беларуская журналістка, папулярызатарка традыцыйнай кухні. Цяпер яна жыве ў Польшчы, у свабодны час бясплатна вядзе заняткі ў Беларускім універсітэце залатога веку, прысвечаныя гатаванню ежы і гісторыі, з гэтым звязанай. Як з'явілася яе цікаўнасць да беларускай кухні?
— Я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, калі пачала цікавіцца рэцэптамі. Было цікава — чаму бабуля так гатуе, а сяброўка бабулі — так, а матуля — інакш. Потым вучылася на журфаку БДУ, дзе быў выкладчык беларускай мовы, у якога, каб атрымаць лепшую адзнаку, чым тройка, трэба было нешта яшчэ рабіць. Таму я ездзіла ў экспедыцыі, збірала фальклор, а бабулькі ва ўсіх вёсках смачна гатавалі і частавалі. Я прывозіла рэцэпты. Пазней я пачала працаваць на беларускім тэлебачанні, з’явіліся дочкі, я пачала лепш гатаваць, вывучаць, ездзіць у камандзіроўкі. Прыязджаеш на Палессе — там адным частуюць, прыязджаеш у Віцебскую вобласць — назва іншая, але тое ж самае. Прыйшлося ісці ў бібліятэку, разбірацца, чаму такія розніцы. А пасля выкладання майго курсу студэнтам сталага веку я зразумела, што ў мяне назбіраўся матэрыял на цэлую кнігу. Яны цікавіліся, задавалі пытанні, а я думала “Маці Божая, яны ж усе старэйшыя за мяне, яны ўсё ведаюць даўным-даўно”. Не, пыталіся, вочы гарэлі, як у дзяўчат сямнаццацігадовых.
— Вы прыводзілі словы сваёй бабулі, што жыццё можа быць цяжкае, але павінна быць заўсёды смачнае...
— Так, гэта словы маёй бабулі. Гэта мой дэвіз, асабліва ў эміграцыі. Як цяжка б не было, але смачна павінна быць заўжды.
— Існуе стэрэатып па беларускай кухні, маўдяў, гэта бульба, бульба і яшчэ раз бульба. Вы стараліся яго разбурыць, ці сапраўды аснова беларускай кухні — гэта бульба?
— Мае першыя заняткі былі прысвечаны дабульбяному перыяду. Да XVIII стагоддзя беларусаў называлі “бацвінякі”. Не было ў нас бульбы, елі зусім іншую ежу. У савецкія часы беларусаў называлі “бульбашы”, а да XVIII стагоддзя — “бацвінякі”. А калі бульба распаўсюдзілася (дарэчы, не дзякуючы Пятру І, і раней, чым на расійскіх землях), мы насамрэч вельмі шмат сталі гатаваць бульбы, гэта наш улюбёны караняплод, мы ядзім найбольш на свеце бульбы. Але беларускую кухню памылкова ўсе ведаюць як “сялянскую” кухню — дранікі, зацірка і г.д. А існуе вялікі пласт шляхецкай кухні, пра якую мала ведаюць, а пра магнацкую? Такая гісторыя, столькі ўсяго было магнацкага! І апельсіны елі, дзякуючы Боне Сфорцы столькі італьянскага ў нас з’явілася! Напалеон, прахадзіўшы праз нашы землі, пакінуў шмат французскага, гэтыя рэцэпты потым прыходзілі на магнацкі стол. Кухар магнатаў прыносіў дадому рэцэпт, шляхта потым спрашчала, потым — да сялянскага стала.
— Вы спалучаеце гісторыю з кулінарыяй. Гэта цікава беларусам, якія, як правіла, слаба ведаюць сваю гісторыю.
— Так, я падрыхтавала вывераныя рэцэпты, як гатавалі нашы продкі. Гэта рэцэпты сялянскай, шляхецкай і магнацкай кухні, таксама гарадской кухні, выдзялялася ў нас і карчомная (габрэйская) кухня. І да кожнага рэцэпта была гісторыя — як з’явіліся на нашых землях зразы, чаму такая назва. І да кожнага рэцэпта была гісторыя. Так што мы смакавалі гісторыю. І мае студэнткі натхнілі мяне напісаць кулінарную кнігу. Пакуль што я зрабіла кулінарныя паштоўкі.
Размаўляла Наталля Грышкевіч