У Польшчы ўсё больш адчуваецца дэфіцыт кіроўцаў гарадскіх і турыстычных аўтобусаў, што ўжо ўплывае на працу транспарту і можа ўскладніць паўсядзённае жыццё многіх людзей. Пра гэта піша "Gazeta Wyborcza".
Паводле выдання, у 222 паветах Польшчы ўжо зафіксаваны недахоп кіроўцаў аўтобусаў, а ў 10 рэгіёнах сітуацыя ацэньваецца як асабліва сур’ёзная. Пры гэтым ні ў адным павеце няма лішку спецыялістаў гэтай прафесіі.
Праблема назіраецца і ў маштабах усёй Еўропы: у 2023 годзе з рынку знікла каля 105 тысяч кіроўцаў, а да 2028 года дэфіцыт можа вырасці да 275 тысяч.
Асноўная прычына — старэнне кадраў. Толькі 3% кіроўцаў у Еўропе маладзейшыя за 25 гадоў, а да 2033 года на пенсію могуць выйсці больш за 1,2 млн прадстаўнікоў гэтай прафесіі.
Эксперты папярэджваюць: гэта можа прывесці да росту цэнаў на білеты, скарачэння сеткі маршрутаў і праблем насельніцтва з доступам да працы, школ і медычных паслуг.
эж