Беларуская Служба

Без іпатэкі і без арэнды: як беларускія эмігранты ў Познані вырашылі жыллёвае пытанне

12.05.2026 07:00
“Давай дамовімся: калі не атрымаецца, мы не сап'ёмся і будзем жыць далей”.
Аўдыё
  • Як беларускія эмігранты ў Познані вырашылі жыллёвае пытанне.
 :   .
Ілюстрацыйны здымак: Недзе ў Познані. Фота Паўла Залескага.

Алена і Сяргей — эмігранты з Беларусі, якія пасля пераезду ў Польшчу сутыкнуліся з тыповай для многіх праблемай — дарагім жыллём і немагчымасцю купіць уласную кватэру. Замест іпатэкі яны абралі нестандартны шлях — удзел у сацыяльнай праграме “Кватэра да рамонту” у Познані. У выніку яны атрымалі кватэру ад горада і самі зрабілі ў ёй поўны рамонт. Сёння яны дзеляцца сваім досведам, які можа быць карысны іншым.

Карэспандэнт: Алена і Сяргей прыехалі ў Польшчу пасля падзей 2020 года ў Беларусі. Яны — маладая сям’я, і, як многія іншыя эмігранты, спачатку здымалі жыллё. Але праз нейкі час іх сям’я павялічылася — нарадзіўся хлопчык, і перад маладой сям’ёй паўстала новая задача: пашырыць жылплошчу.

І сёння мы за круглым сталом у іх кватэры, якую яны атрымалі дзякуючы сацыяльнай праграме ў Познані. Як згадвае Алена — хацелася шмат і адразу.

Алена: Хацелася адразу забіць двух зайцаў: палепшыць сваё фінансавае становішча і адначасова палепшыць жыллёвыя ўмовы. Першапачаткова мы планавалі атрымаць іпатэку, каб штомесячны плацеж быў не вышэйшы за арэнду і каб жыллё было больш камфортнае — з некалькімі пакоямі.

Карэспандэнт: Значыць, першапачатковыя планы з іпатэкай былі скіраваны на тое, каб набыць новае жыллё?

Алена: Альбо набыць у заменным фондзе. Але паколькі Познань — вялікі горад і кошты на жыллё даволі высокія, мы пачалі шукаць старыя камяніцы ў прыгарадзе, бо разумелі, што ў нас абмежаваныя фінансавыя магчымасці. Таксама разглядалі невялікія гарады, дзе жыллё таннейшае.

Карэспандэнт: І што, з гэтым нічога не атрымалася?

Алена: Мы звярнуліся да кансультанта па іпатэцы і атрымалі першае вялікае расчараванне. Нам сказалі, што мы не можам разлічваць ні на якую суму іпатэкі. А сваіх грошай у нас было занадта мала, каб нешта набыць. Тады пачалі шукаць альтэрнатыўныя варыянты: напрыклад, лецішча, у якім можна было б жыць. Глядзелі нават кінутыя дамы ў гарах і ў мясцовасцях з дрэннай інфраструктурай. Хацелася, каб было танна і каб там можна было жыць.

Карэспандэнт: Вам нехта дапамагаў у гэтых пошуках?

Алена: Мы ўжо пражылі ў Польшчы тры гады і маглі самі арыентавацца, чыталі па-польску і шмат інфармацыі бралі з інтэрнэту. На той момант я ўжо добра арыентавалася ў рынку нерухомасці па ўсёй Польшчы. Я рабіла запыты да штучнага інтэлекту — кшталту “самае таннае жыллё”, “у якіх гарадах”, а потым глядзела на мапе, якая там інфраструктура, ці ёсць школы, колькі жыхароў. Некаторыя месцы мне падабаліся, і я шукала іх у Google Maps.

Аднойчы мне трапілася інфармацыя пра сацыяльную праграму “Кватэра да рамонту”. Паводле ўмоў, трэба было зрабіць рамонт у старой кватэры, але нельга было яе набыць. І мы падумалі, што тых грошай, якія ў нас ёсць, павінна хапіць на такі варыянт.

Карэспандэнт: І на якіх умовах вы цяпер жывяце ў гэтай кватэры?

Алена: Гэта кватэра належыць гораду, знаходзіцца ў старой частцы Познані, у старой камяніцы. Калі мы яе атрымалі, яна была цалкам зруйнаваная. Трэба было рабіць усё: столь, падлогу, сцены, праводзіць усе камунікацыі — газ, электрыку, сантэхніку. Працы было вельмі шмат, але мы павінны былі заплаціць толькі за рамонт. Арэнднай платы няма, ёсць толькі камунальныя паслугі. Мы атрымалі спіс абавязковых работ і тэрмін, у які іх трэба было выканаць.

Карэспандэнт: А згодна з умовамі, якія вы падпісалі, можаце калі-небудзь набыць яе ва ўласнасць?

Алена: У дамове нічога не прапісана наконт выкупу кватэры. Але калі мы пагаджаліся на ўдзел у праграме, мы разлічылі, што кошт рамонту акупіцца прыкладна за чатыры–пяць гадоў. Умова пражывання — на неабмежаваны тэрмін. Мы можам жыць тут да канца жыцця, а потым ёсць магчымасць перадаць жыллё дзецям і ўнукам. Адзінае абмежаванне — фінансавае: калі даходы перакрочаць пэўную мяжу (што малаверагодна), мы страцім права на сацыяльную кватэру.

Карэспандэнт: У вас абодвух беларускія пашпарты. Ці былі праблемы з удзелам у праграме?

Алена: Праблемы былі хутчэй псіхалагічнага характару, а не адміністрацыйныя. На той момант у праграме ўдзельнічалі і эмігранты з часовым і сталым побытам.

Сяргей: Так, удзельнічалі і палякі, і беларусы, і ўкраінцы. Абмежаванняў па пашпартах я не заўважыў.

Карэспандэнт: Як прайшоў рамонт і наколькі гэта было дорага?

Алена: Усе сілы і ўсе грошы. Было цяжка, бо мы не будаўнікі. Што маглі — рабілі самі, але больш складаную працу аддавалі спецыялістам.

Сяргей: Электрыку, сантэхніку, газавае абсталяванне рабілі спецыялісты. А шпаклёўку, фарбаванне, падлогу — самі.

Карэспандэнт: І колькі вам абышоўся рамонт?

Сяргей: Каля 130 тысяч злотых. Частку грошай мы атрымалі ў спадчыну, частку зарабілі ўжо тут.

Карэспандэнт: Цяпер, пасля ўсяго перажытага, як лічыце — слушна паступілі?

Алена: Цяпер мы вельмі задаволеныя, але гэта вельмі індывідуальна. Было складана, бо мы тут без родных. І псіхалагічна цяжка — уклалі апошнія грошы, а ўласнасці як такой не маем.

Сяргей: На маю думку, перад пачаткам трэба вельмі добра разлічыць фінансавыя магчымасці, каб не атрымаць сітуацыю, калі не паспееш зрабіць рамонт у тэрмін і ўсё страціш. І яшчэ важна, што рамонт робіш не так, як хочаш, а па спісе патрабаванняў.

Алена: Я ўсё ж называю гэта авантурай. Гэта не для кожнага. Падчас рамонту мы шмат размаўлялі з людзьмі, і многія не гатовы ўкладваць грошы ў кватэру, якая ім не належыць. Гэта моцны псіхалагічны фактар. Таму я не магу адназначна раіць гэтую праграму ўсім.

Мы пагадзіліся на гэтыя ўмовы, але дамовіліся паміж сабой: калі нешта не атрымаецца, мы не “зламаемся” і не зробім нічога дрэннага, а будзем жыць далей. Вось так мы сябе настройвалі.

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце далучаны гукавы файл