Беларуская Служба

Фабрыка фальшывых дыпломаў. Падрабязнасці скандалу з Collegium Humanum

13.05.2026 15:30
«VIP-студэнты» атрымлівалі дыпломы MBA пасля некалькіх тыдняў, а часам нават некалькіх дзясяткаў хвілін «навукі».
     Varsovia  Collegium Humanum
Універсітэт бізнесу і прыкладных навук «Varsovia» раней Collegium HumanumPhoto: Panek, CC BY-SA 4.0 , via Wikimedia Commons

Камп'ютарная сістэма ацэньвання экзаменаў MBA ў Collegium Humanum прысуджала ўсім адзнаку «А» незалежна ад таго, як яны здалі тэст. Паводле пракуратуры, лепшыя студэнты нават не павінны былі здаваць гэты «экзамен», паведамляе «Gazeta Wyborcza», якая атрымала доступ да абвінаваўчага заключэння ў скандале з Collegium Humanum.

З 2022 года Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро і пракуратура ў горадзе Катавіцы праводзяць расследаванне, якое сканцэнтраванае на практыцы гандлю дыпломамі, што дазваляла кандыдатам атрымліваць выгадныя пасады ў наглядальных радах дзяржаўных прадпрыемстваў.

Паводле выдання, абвінавачванні ўжо выстаўлены 84 асобам. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні ў агульнай складанасці 407 злачынстваў. Ключавым доказам у справе зʼяўляюцца паказанні былога рэктара ўніверсітэта Паўла Ч., які пасля арышту ў 2024 годзе вырашыў супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі і апісаў механізм карупцыі ў ВНУ.

Паводле газеты, карані скандалу сягаюць 2016 года, калі тагачасная парламенцкая большасць унесла папраўкі ў Закон аб кіраванні маёмасцю дзяржаўнай казны. Паводле іх, дыплом магістра дзелавога адміністравання (Master of Business Administration) стаў адным са шляхоў да ўступлення ў наглядальныя рады дзяржаўных кампаній.

«Gazeta Wyborcza» апісвае сістэму камуфляжу, прызначаную для таго, каб схаваць той факт, што «VIP-студэнты» не наведвалі заняткаў або не валодалі неабходнымі ведамі. Універсітэт пазначаў у дакументах фальшывыя ранейшыя даты, каб імітаваць поўны двухсеместравы курс навучання. Насамрэч дыпломы можна было атрымаць пасля некалькіх тыдняў, а часам нават за некалькі дзясяткаў хвілін наведвання заняткаў.

Таксама існавалі сістэмныя спрашчэнні адносна экзаменаў: выпускныя тэсты паўтараліся і «студэнты» часта атрымлівалі пытанні з гатовымі адказамі перад экзаменам. У крайніх выпадках дыпломы выдаваліся без праверкі ведаў, а пасля пераводу заняткаў на дыстанцыйнае навучанне падчас пандэміі COVID-19 гэтая працэдура стала яшчэ прасцейшай. У некаторых выпадках студэнты атрымлівалі залік без здачы экзамену.

аз