З пачатку мая страцілі сапраўднасць умоўныя ліцэнзіі больш чым 200 лекараў з краін, якія не ўваходзяць у склад ЕС — чытаем у выданні «Rzeczpospolita». Гэтыя медыкі не прадставілі сертыфікатаў аб валоданні польскай мовай на ўзроўні В1. У некаторых бальніцах з'явіўся недахоп персаналу.
Лекары, якія атрымалі так званую ўмоўную ліцэнзію (PWZ — Prawo Wykonywania Zawodu (права выконваць прафесію)) у Польшчы падчас пандэміі COVID-19 і пазней, калі пачалася вайна ва Украіне, павінны былі да канца красавіка прадставіць сертыфікат аб валоданні польскай мовай. Для тых, хто не змог своечасова падаць дакумент, рэгіянальныя медыцынскія палаты пачалі ануляваць ліцэнзіі.
Найбольш замежнікаў, якія да гэтага часу страцілі ліцэнзіі на практыку ў Польшчы, працавалі ў Мазовіі — 107 чалавек. Таксама магчымасці працаваць страцілі 26 лекараў у Вармінска-Мазурскім ваяводстве, 19 на Падляшшы, 16 у Люблінскім ваяводстве, 15 у Сілезіі, восем у Ніжняй Сілезіі, пяць у Вялікапольскім ваяводстве і чатыры ў Малапольскім ваяводстве. Усяго да 12 мая было анулявана 208 ліцэнзій (PWZ).
Як заявіў у нядаўнім інтэрв'ю газеце «Rzeczpospolita» прэзідэнт Вышэйшай медыцынскай рады Лукаш Янкоўскі, агулам пытанне можа закранаць да 1000 замежных лекараў.
Страта ліцэнзій замежнымі лекарамі можа стварыць праблему для правінцыйных бальніц, якія наймалі лекараў з Украіны.
— У нас пастаянны дэфіцыт лекараў; мы далёкая правінцыя, і знайсці лекара практычна немагчыма, — сказала «Rzeczpospolita» Малгажата Кормаш, выконваючая абавязкі дырэктара бальніцы ва Устшыках Дольных.
Тым часам, па словах прафесара Марыюша Кленцкага з Міністэрства аховы здароўя, гэта асобныя выпадкі, а не сістэмная праблема. 28 красавіка, за два дні да канца тэрміну падачы сертыфікатаў аб валоданні польскай мовай, парламентарыі ўнеслі прапанову падоўжыць тэрмін дзеяння ліцэнзій яшчэ на год (без неабходнасці пацвярджаць валоданне польскай мовай). Аўтар прапановы дэпутат Кшыштаф Баярскі кажа, што некаторыя лекары не паспелі здаць моўныя іспыты, паколькі сістэма правядзення моўных іспытаў была перагружанай.
нг