У выданні «Gazeta Wyborcza» Міхал Альшэўскі (Michał Olszewski) апісвае напад дзесяці бандытаў на траіх падлеткаў-украінцаў, якое мела месца ў Варшаве. 16-гадовы Арцём быў дастаўлены ў бальніцу з пераломам чэрапа, яго сябра бандыты хацелі скінуць з моста, трэцяму хлопцу зламалі нос. Іх пабілі за тое, што яны ўкраінцы.
Аўтар каментарыя піша, што ў Еўропе няма дзяржавы, дзе да ўкраінскіх бежанцаў ставіліся б так дрэнна, як у Польшчы. Аб гэтым сведчаць дадзеныя паліцыі, якая пад канец мінулага года паведамляла, што колькасць злачынстваў, матываваных нянавісцю да ўкраінцаў, рэзка вырасла. Яны сталі зручнай цэллю нападаў, паколькі іх, з аднаго боку, шмат, а з іншага боку, яны практычна пазбаўленыя права голасу, сацыяльнага і палітычнага прадстаўніцтва.
У сваю чаргу, частка палітычнага класа, якая пабудавала сваю папулярнасць на нянавісці да ўкраінцаў, падагрэла ксенафобію ў грамадстве, а цяпер адказвае на яе яшчэ большай нянавісцю. Так накручваецца катастрафічная грамадская спіраль, наступствам якой стаў напад на падлеткаў у Варшаве.
Аўтар нагадвае, што заклікі журналістаў яшчэ да прэзідэнта Дуды і прэм’ер-міністра Туска, каб яны звярнуліся да ўкраінцаў у Польшчы з канкрэтным жэстам салідарнасці, засталіся без адказу.
— Гэта і не дзіўна, бо прабіты чэрап Арцёма для палякаў менш важны, чым чэрапы ахвяр Валынскай разні, на якіх палітыкі могуць будаваць палітычны капітал. Мне, паляку, вельмі сорамна з гэтай прычыны», — падсумоўвае аўтар.
нг
PS Паліцыя затрымала бандытаў. Арцём перанёс аперацыю. Яго бабуля Люба напісала, што ў яго вельмі баліць галава. А яна хацела б зірнуць у вочы тым, хто яго пабіў і сказаць, што дзяцей нельга біць — ні польскіх, ні ўкраінскіх, ні чачэнскіх, ніякіх.