Тры польскія арганізацыі, якія гуртуюць спецыялістаў у галіне аховы здароўя, падрыхтавалі агульныя рэкамендацыі прафілактычных дзеянняў. Гэта так званая «Дзясятка здароўя», якая нагадвае насельніцтву пра важнейшыя прынцыпы захавання добрага здароўя ад дзяцінства да позняй старасці.
У наш час з-за вялізнай даступнасці інфармацыі праблемай бывае не адсутнасць ведаў, а інфармацыйны хаос і празмерна шмат звестак, якія часам бываюць супярэчлівымі. Асабліва гэта датычыць розных рэкамендацый у галіне аховы здароўя і здаровага ладу жыцця. І таму медыкі вырашылі ўзяць справы ў свае рукі і падрыхтаваць агульныя рэкамендацыі, пацверджаныя медычнымі даследаваннямі. Тры нацыянальныя медыцынскія таварыствы ў Польшчы сумесна распрацавалі так званую «Дзясятку здароўя» — набор асноўных прафілактычных рэкамендацый па паляпшэнні здароўя насельніцтва ў рамках адукацыйнай і прафілактычнай медыцынскай дзейнасці.
Мэта гэтага спісу — прадставіць асноўныя дзеянні ў галіне аховы здароўя і прафілактычных прынцыпаў, якія могуць спрыяць паляпшэнню якасці жыцця і зніжэнню рызыкі хранічных захворванняў. «Дзясятка здароўя» ўтрымлівае важнейшыя прынцыпы, выкананне якіх спрыяе прафілактыцы найбольш сур'ёзных захворванняў.
— Калі жыць паводле гэтых прынцыпаў, мы можам абараніць свой арганізм, сярод іншага, з дапамогай здаровага харчавання, добрага сну і кантролю вагі, артэрыяльнага ціску, узроўню халестэрыну і глюкозы», — кажа прафесар Галіна Сенкевіч-Яраш (Halina Sienkiewicz-Jarosz), абраны прэзідэнт Польскага неўралагічнага таварыства. — Гэта клопат пра рацыянальную дыету, пра тое, каб мець дастатковую фізічную актыўнасць. Неабходна таксама клапаціцца пра сваё псіхалагічнае здароўе, гэта значыць, навучыцца спраўляцца са стрэсам. Акрамя таго, мы рэкамендуем цалкам адмовіцца ад алкаголю і не курыць цыгарэт. Ёсць таксама іншыя важныя фактары. Так што нам ёсць што рабіць. На маю думку, самае важнае тое, што калі мы будзем жыць згодна з гэтымі дзесяццю правіламі, клапаціцца пра сваё здароўе, мы можам зменшыць рызыку небяспечных захворванняў – кардыялагічных, анкалагічных і неўралагічных.
— Лад жыцця адказвае за дзве траціны нашага здароўя, — адзначае прафесар Марэк Герлётка (Marek Gierlotka), старшыня Польскай кардыялагічнай асацыяцыі. — Калі б мы жылі паводле гэтых дзесяці правіл, у нас не было б ніякіх фактараў рызыкі захворванняў, тады верагоднасць, што ў нас здарыцца інсульт, інфаркт або анкалогія, панізілася б на дзве трэціны. Такім чынам, за больш чым дзве трэціны інфарктаў, інсультаў і анкалагічных захворванняў адказваюць менавіта гэтыя фактары рызыкі і наш стыль жыцця. Каб прадухіліць гэтыя хваробы, трэба паступаць паводле прынцыпаў, якія названыя ў нашай «Дзясятцы здароўя».
Прафесар Пётр Руткоўскі (Piotr Rutkowski) з Польскага анкалагічнага таварыства заклікаў выкарыстоўваць магчымасці сучаснай медыцыны для прафілактыкі захворванняў.
— Прышчэпкі прадухіляюць шматлікія захворванні, у тым ліку яны дазваляюць пазбегнуць некаторых анкалагічных захворванняў. Варта ўспомніць пра вакцынацыю супраць віруса ВПЧ (вірус папіломы чалавека — рэд.) — яна ў нас бясплатная. Трэба сказаць, што не ўсюды яна бясплатная, а жыхарам Польшчы пашанцавала — яны могуць карыстацца бясплатнай вакцынай. Акрамя таго, варта яшчэ раз згадаць пра магчымасць карыстацца прафілактычнымі абследаваннямі, якія ў нас таксама бясплатныя і агульнадаступныя. На жаль, напрыклад, толькі адна трэцяя жанчын у Польшчы карыстаецца магчымасцю зрабіць мамаграфію.
Эксперты заклікалі таксама ўлады і наймальнікаў клапаціцца пра тое, каб школьнікі і дарослыя мелі доступ да карыснай, неапрацаванай ежы ў школах і на працоўных месцах.
А што ўваходзіць у «Дзясятку здароўя»? Гэта:
— рэгулярная фізічная актыўнасць
— здаровае і рацыянальнае харчаванне
— кантроль масы цела і артэрыяльнага ціску
— адмова ад стымулятараў, такіх як тытунь і алкаголь
— рэгулярныя прафілактычныя аналізы і візіты ў лекара
— клопат пра псіхалагічнае здароўе і адпачынак
— вакцынацыя
— па меры магчымасці, зніжэнне ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя (напрыклад, забруджанага паветра)
— навучанне бяспецы і першай дапамозе
— прасоўванне здаровага ладу жыцця ў сям'і
IAR/нг