Беларуская Служба

Каця Андрэева: Я не была гатовая да гэтых страт

23.05.2026 16:44
Былая палітзняволеная журналістка, гаворыць пра боль, падтрымку блізкіх, надзею на вяртанне.
Аўдыё
 , https:www.polskieradio.pl396
Каця Андрэева, https://www.polskieradio.pl/396 Фота Паўла Залескага,

Пра досвед зняволення, вяртанне да свабоды і спробы зноў сабраць сваё жыццё. У размове Каця Андрэева, былая палітзняволеная журналістка, гаворыць пра боль, падтрымку блізкіх, надзею на вяртанне да журналістыкі і тое, што дае сілы рухацца далей.

— Каця, мы толькі што з вамі праслухалі, як прэзентавалі кнігу “Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020”. Якое ў вас уражанне, што вы адчуваеце?

— Я адчуваю, па-першае, радасць, што бачу твары маладых беларусаў і беларусак, якія сабраліся тут. Але, пры ўсім пры тым, я адчуваю боль, бо шмат каго з аўтараў і аўтарак гэтага зборніка ведаю. І з некаторымі дзяўчынамі са «справы студэнтаў» я нават разам сядзела ў турме. Таму чытаць фрагменты іх успамінаў, якія праектаваліся на экране, — гэта вельмі балючы досвед. Я адразу пазнала сітуацыі, якія там апісваліся, і гэта былі даволі траўматычныя моманты.

Але я таксама думаю, што вельмі важна пра гэта казаць і не забываць. Маладыя беларусы за мяжой могуць за гэты час выгнання напрацаваць досвед, веды, кампетэнцыі, якія спатрэбяцца, калі мы вернемся ў вольную Беларусь. Гэты час можа быць карысным, а не толькі часам роспачы, настальгіі і рэфлексій. Так, такое таксама можа быць, але ён не павінен быць бясплодным. Пасля сённяшняй сустрэчы ў мяне ёсць адчуванне, што ёсць надзея.

— Мне добра запомніліся вашы апошнія словы на судзе, калі вы адкрыта сказалі, што вы беларуска, што хочаце казаць праўду і жыць у свабоднай краіне… Ці за гэтыя гады ў зняволенні вы не страцілі таго, пра што казалі тады?

— Канешне, імкненне да вольнасці і любоў да працы ў мяне не сталі меншымі. Я была гатовая заплаціць за журналісцкую працу, якую выконвала ў 2020 годзе і раней, сваёй асабістай свабодай. Але я не была гатовая заплаціць усімі тымі траўмамі і стратамі, якія прыйшлі разам з гэтым досведам.

Гэта і страты для маёй сям’і, і праблемы са здароўем, з якімі сутыкнуліся мае родныя. Гэта і свабода майго мужа, бо фактычна ён заплаціў уласнай бяспекай за свае перакананні і працу журналіста-фрылансера: ён быў асуджаны на чатыры гады нібыта «за дыскрэдытацыю Беларусі» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», хаця ўсё гэта было сфальсіфікавана ад пачатку да канца.

Гэта была помста спецслужбаў Лукашэнкі не толькі за тое, што ён заставаўся ў Беларусі і не маўчаў, але і за тое, што быў адным з нямногіх журналістаў, хто сабе дазваляў гаварыць. Я ім ганаруся і вельмі чакаю яго на волі. Спадзяюся, што  працэсы, запушчаныя разам з амерыканскім бокам, дазволяць вызваліць не толькі яго, але і ўсіх журналістаў і палітвязняў — якіх, паводле праваабаронцаў, ужо больш за 900 чалавек.

Для мяне вялікім натхненнем і жаданнем вярнуцца да працы будзе момант, калі я пабачу чарговую партыю вызваленых. Гэта дае мне сілы і надзею.

— Каця, вы плануеце вярнуцца ў прафесію?

— Я ўжо нават зрабіла першае інтэрв’ю са сваёй сяброўкай Настай Лойкай, з якой мы былі вызвалены ў адзін дзень. Гэта атрымалася зрабіць на тэлеканале «Белсат», дзе я працавала да затрымання.

Спадзяюся, што вярнуся да працы, як толькі атрымаю ўсе неабходныя дакументы для легалізацыі — тады афіцыйна змагу вярнуцца ў прафесію. І вельмі спадзяюся, што побач ужо будзе мой муж.

Журналістыка — гэта тое, што нас яднае не толькі прафесійна, але і па-чалавечы. Ён для мяне не толькі каханы чалавек, але і сябар, і паплечнік. Яго меркаванне заўсёды важнае для мяне. Паўнавартасна вярнуцца ў прафесію я змагу, калі ён будзе побач. А пакуль гэта толькі першыя спробы. Але журналістыка — частка маёй ідэнтычнасці. Я заўсёды была і застаюся журналісткай, як і беларускай, дзе б ні жыла.

— А як вам даецца інтэграцыя ў новае жыццё на свабодзе?

— Пакуль са складанасцю. Першыя тыдні здавалася, што ўсё вельмі лёгка: шмат сяброў, шмат падтрымкі. Але праз нейкі час пачынаеш усведамляць, што ты ўжо на волі, і гэта не часова, а надоўга, і трэба будаваць жыццё далей.

Свет пры гэтым таксама змяніўся — і, на жаль, не заўсёды ў лепшы бок. Складана і тое, што мая сям’я застаецца ў Беларусі. Але я думаю: калі я змагла не здацца ў турме, значыць, змагу адаптавацца і цяпер.

— А што было самым складаным у турме для вас?

— Самым цяжкім было пазбаўленне спатканняў з сям’ёй і пастаянны ціск. Адміністрацыя калоніі свядома пазбаўляла мяне магчымасці бачыць блізкіх.

Таксама моцным ударам стала другое абвінавачванне — у «здрадзе дзяржаве». Насамрэч гэта «здрада» заключалася толькі ў тым, што я сумленна выконвала сваю журналісцкую працу і не хавала грамадска значную інфармацыю.

Зараз я не магу раскрыць усе падрабязнасці, бо мая сям’я застаецца ў Беларусі, і ёсць рызыкі з-за справы з грыфам «сакрэтна». Але я спадзяюся, што хутка сітуацыя зменіцца і Беларусь стане свабоднай, і тады мы зможам расказаць больш пра гэты досвед.

Асабліва балючым было і тое, калі Беларусь стала суагрэсам у вайне Расіі супраць Украіны. Было сорамна адчуваць сваю фармальную прыналежнасць да гэтай дзяржавы. Пры ўсім маім патрыятызме гэта было вельмі цяжкае ўнутранае перажыванне.

Павел ЗАЛЕСКІ

 

Андрусь Прага паказаў спектакль, які ён паставіў у камеры на Валадарцы (ФОТА)

21.05.2026 10:07
Паказ быў прымеркаваны да Дня палітвязняў у Беларусі, усталяваны ў дзень смерці Вітольда Ашурка 21 мая.

У Варшаве ўшануюць памяць Юркі Моніча ды іншых барацьбітоў за незалежнасць Беларусі

22.05.2026 12:52
Былая палітзняволеная Людміла Краўчанка адзначае, што сённяшнія беларускія палітвязні працягваюць справу змагароў за незалежнасць пачатку ХХ стагоддзя.