Беларуская Служба

Павел Севярынец: Такія старонкі, як 2020 год, не перагортваюцца

26.05.2026 12:30
Чаму Святлана Ціханоўская — гэта цуд для Беларусі? Чаго хочуць нашы ворагі? Якое святло прынясуць беларусы народам Еўропы? — пра гэта і не толькі ў нашым аўдыё.
Аўдыё
  • Павел Севярынец:“Будучыню Беларусі я бачу светлай”

У студыі Беларускай службы Польскага радыё Павел Севярынец — чалавек, які ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціў таму, каб Беларусь стала вольнай і дэмакратычнай, а першы свой палітычны вырак атрымаў яшчэ ў 1998 годзе.

  «Беларусы — геніі»

Павел падзяліўся назіраннямі пра тое, што ён убачыў за пяць месяцаў на волі, што яго ўразіла і захапіла.

— Уразіла і захапіла колькі новых людзей, які настрой і якія здольнасці ў людзе і наколькі пасля гэтага гарту 2020-га года, выраслі, наколькі яны выраслі. Беларусы выраслі ва ўсіх сэнсах — і ў палітычным, і ў ментальным, і ў культурным. Цяпер гэта практычна нацыя іншага кшталту. Да 2020-га шмат хто спаў, шмат здольных людзей, геніяў не выбіралі палітыку, разумеючы, што там можа дзяўбануць токам. Але пасля таго, як усе акунуліся, кранула кожнага — раскрыліся. Беларусы — геніі. Раскрыліся вельмі класна і я бачу, што ўзровень беларускай нацыі ён — проста на парадак вышэй. У 2020-м годзе гэта было супер, была зіхоткая вяршыня, але на вяршынях не жывуць. Зараз мы адышлі назад, тут і досвед паразаў і расчараванне. Але базава мы пераскочылі на парадак той узровень, які мы бачылі да 2020 года.

 «Святлана Ціханоўская — гэта цуд для Беларусі»

Ёсць тыя, хто лічыць, што дэмакратычныя структуры варта распускаць, што яны нічога не робяць. Але Павел з гэтым не згодны.

— Да 2020-га года мы практычна не мелі такіх палітычных структураў, якія б карысталіся такім аўтарытэтам за мяжой. Па вялікім рахунку голас Беларусі атаясамліваўся з Лукашэнкам. І тут з’яўляецца Святлана Ціханоўская. Гэта проста цуд. «Папялушка» якая стала Каралевай. Гэта сама па сабе гісторыя класная. А калі дадаць да гэтага як Святлана Ціханоўская вырасла за гэты час, як яна віртуозна зараз валодае дыпламатычнымі прыёмамі, як яна абараняе інтарэсы Беларусі на міжнароднай арэне. Гэта проста — клас. І гэта трэба берагчы і трэба шанаваць. Выпадковага ў гэтым жыцці нічога няма. Калі не будзе Святланы Ціханоўскай, то будзе чуваць толькі голас Лукашэнкі.

Ці можна зрабіць лепш? Канечне можна. Але для гэтага трэба ўсім разам працаваць на Беларусь. Лепш запаліць у жыцці хоць адну свечку, чым усё жыццё праклінаць цемру.

 «Мы павінны шанаваць кожнага чалавека»

У чарговы раз некаторыя зноў загаварылі пра тое, што варта здымаць санкцыі і весці перамовы з Лукашэнкам. Хтосьці нават загаварыў пра вяртанне да «нармальнасці». Але Павел Севярынец так не лічыць.

— Такія старонкі, як 2020 год, не перагортваюцца. І варта разумець ці былі мы гатовыя да перамен. Пакуль мы гатовыя адсоткаў на 70–80, але гэтыя 20–30 адсоткаў нам трэба прайсці. У тым ліку і па ўзроўню палітычнай культуры.

Мы, беларусы, у такім уразлівым становішчы, што павінны шанаваць кожнага чалавека. Варта падходзіць да кожнага такога чалавека, варта пераконваць, калі не атрымліваецца аргументамі, то ўласным прыкладам. Для сябе я вырашыў, што буду гаварыць добрае і толькі добрае. Для нас зараз пытанне стаіць рубам: ці мы разам, ці нас не будзе.

 «Будучыню Беларусі я бачу светлай»

Тым не менш, у будучыню нашай краіны Павел глядзіць з аптымізмам.

— Будычыню Беларусі я бачу светлай. Усё, што зараз адбываецца ў свеце, вакол Беларусі, мы можам выкарыстаць як перагной для кветак. Беларусы вартыя лепшай будучыні. Беларусы гэта народ, які Бог тысячы гадоў сам выхоўваў у сэрцы Еўропы як святло. І я думаю, што гэтае святло не загасне і заззяе для іншых народаў Еўропы. Мы будзем тымі, хто падымае бел-чырвона-белы сцяг як сцяг святла.

Падрыхтавала Аксана Колб