Беларуская Служба

Палякі святкуюць Дзень маці. Ці цяпер стала цяжэй выхоўваць дзяцей, чым у часы нашых бабуль і дзядуль?

26.05.2026 16:21
Хацелася б сказаць жанчынам, што мацярынства — гэта цудоўна, яно прыносіць велізарнае задавальненне, але трэба быць шчырымі — бывае вельмі цяжка.
Аўдыё
  • Ці цяпер стала цяжэй выхоўваць дзяцей, чым у часы нашых бабуль і дзядуль?
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com / FotofreaksKL

Свята маці — гэта адно з самых папулярных свят на свеце, прысвечаных мацярынству. Што цікава, толькі ў Польшчы ўшаноўваюць мацярынства 26 мая. У іншых краінах Дзень маці адзначаецца ў іншыя тэрміны. А гутарка пра мацярынства, пра ўклад жанчын у будучыню нацыі заўсёды дарэчы, незалежна ад свят. Асабліва цяпер, калі дзяцей з кожным годам нараджаецца ўсё менш і менш.

Ці стаўленне грамадства да мацярынства стала больш негатыўным? Ці цяпер стала цяжэй выхоўваць дзяцей, чым у часы нашых бабуль і дзядуль? У нас жа ёсць усё: пральныя машынкі, пыласосы, кухонныя камбайны, дзіцячыя садкі, яслі, праграма «800+» і так далей. З гэтым пытаннем мы звярнуліся да старшыні фонду «Мама на арэлях» (Mama na huśtawce) Сандры Хаус-Енджэйчак (Sandra Haus-Jędrzejczak). Сама назва фонду пацвярджае, што мацярынства сёння — гэта амерыканскія горкі — часам узлёты, часам падзенні.

— З аднаго боку, у нас ёсць розныя бытавыя прылады, неверагодны выбар аксесуараў для дзяцей, для маці, якія павінны нам аблегчыць жыццё. Але, з іншага боку, з-за хуткага развіцця тэхналогій і сацсетак мы таксама можам лёгка параўноўваць сябе з іншымі маці. Мы можам чытаць пра тое, чаго іншыя маці чакаюць ад сябе, ад іншых і чаго грамадства чакае ад нас. Таму, на жаль, сацыяльны ціск на маці значна, значна большы, чым быў раней. Акрамя таго, назіраецца таксама аслабленне сямейных сувязяў. Мы ўжо не жывем побач з нашымі бацькамі, бабулямі і дзядулямі. Як кажуць, каб выхаваць дзіця, патрэбная цэлая вёска. А гэтай вёскі нам цяпер не хапае. Такім чынам, з аднаго боку, у нас шмат выгод, але з іншага боку, для маці зараз нялёгкія часы.

І маці сталі вельмі свядомымі, яны шмат чытаюць, рыхтуюцца да родаў, а нават да зачацця, часта ў іх вялікія тэарэтычныя веды, але бывае, што рэальнасць аказваецца зусім іншай. Дзесьці я сустрэлася з такім меркаваннем, што маладой маці з псіхалагічнага пункту гледжання прасцей было пакінуць дзіця тысячы гадоў таму адно ў пячоры, каб пайсці шукаць харчаванне, чым цяпер пакінуць маленькае дзіця з няняй або ў яслях.

 У гэтым ёсць вялікая доля праўды, бо з псіхалагічнага пункту гледжання мы больш свядомыя. Мы ведаем значна больш, разумеем дзіцячую псіхіку, небяспекі, мы ведаем тэорыі прывязанасці і разумеем наступствы, калі, напрыклад, пакінуць дзіця з неадпаведным чалавекам. Мы бачым, што ўсе свае наступствы, у тым ліку негатыўныя. З іншага боку, калі пакінуць дзіця з кімсьці адказным і блізкім, гэта можа быць вельмі пазітыўным для яго развіцця. Але гэты страх існуе ўнутры нас. У нас няма доступу да ўсебаковых псіхалагічных ведаў, мы нешта ведаем, але гэта фрагментарныя веды, часцей за ўсё з інтэрнэту. У нас няма поўнай інфармацыі, і ў выніку страх часта большы, чым павінен быць на самой справе.

Хацелася б сказаць жанчынам, што мацярынства — гэта цудоўна, яно прыносіць велізарнае задавальненне, але трэба быць шчырымі — бывае вельмі цяжка. І калі раней жанчыны больш чулі пра пазітыўныя бакі, дык цяпер часцей яны чуюць пра тое, наколькі мацярынства жахлівае. А праўда, як звычайна, дзесьці пасярэдзіне.

— Добра, што цяпер гавораць таксама пра негатыўныя аспекты мацярынства, бо многія маці ўсё яшчэ саромеюцца, напрыклад, сваіх негатыўных эмоцый, свайго страху, сваёй прыгнечанасці, і яны часта адчуваюць сябе кінутымі з гэтымі негатыўнымі эмоцыямі. Той факт, што мы ўсё больш гаворым пра адмоўныя бакі, з'яўляецца вельмі пазітыўнай тэндэнцыяй. Пры гэтым, як вы сказалі, залатая сярэдзіна — найлепшая. Нельга казаць, што мацярынства толькі цудоўнае або толькі страшнае, трэба проста паказваць рэаліі. Мацярынства можа быць сапраўды цудоўным, самай неверагоднай прыгодай у жыцці, але гэта не значыць, што яно лёгкае. З іншага боку, самыя важныя рэчы ў жыцці часта не даюцца лёгка. Мацярынства вельмі развівае нас, часта ўмацоўвае нашу псіхіку, сапраўды шмат дае нам, мы нават можам стаць лепшымі людзьмі, таму яно насамрэч каштоўнае.

Сёння жанчыны хочуць рэалізаваць сябе ў розных сферах — не толькі як маці, але і як супрацоўніцы. Або перш за ўсё, як супрацоўніцы, бо, на жаль, грошы кіруюць светам. Ці не таму мацярынства страціла сваю прывабнасць, бо за яго не плацяць? 800 злотых  гэта мала.

 Грамадства падштурхоўвае нас да прафесійнага развіцця, да амбіцый, да кар’еры. І пры гэтым мы павінны быць ідэальнымі маці, прысвячаць шмат часу дзіцяці. І гэты дуалізм вельмі стамляе, цяжка сумясціць гэтыя ролі. Нават трэба шчыра сказаць, што гэта немагчыма  немагчыма развіваць кар'еру на 100 адсоткаў і быць дома з дзецьмі на ўсе 100 адсоткаў. Таму мы павінны змірыцца з тым, што гэта немагчыма і выбраць тое, што для нас важна: ці хочам працягваць кар'еру, ці хочам застацца дома. Канешне, ёсць яшчэ і эканамічнае пытанне, якое ўскладняе справу, але важна старацца не слухаць, чаго ад нас патрабуе грамадства, а рабіць тое, што для нас найважнейшае.

У Польшчы ёсць фінансавая дапамога на дзяцей (800+), ёсць дэкрэтны адпачынак, але адносна рэдка маладыя мамы працуюць на няпоўную стаўку. Няма такой традыцыі. Скажам, у заходніх краінах  у Германіі, Швейцарыі  жанчыны вельмі часта пераходзяць на частку стаўку пасля вяртання з дэкрэту.

 Гэта пытанне фінансаў: нават калі можна перайсці на няпоўны працоўны дзень, праблема ў тым, ці можа сям'я ўтрымліваць сябе на гэты заробак. Але варта адзначыць, што ў Польшчы ёсць багатыя праграмы актыўнага бацькоўства, праграма «800+». Дэкрэтны водпуск усё яшчэ адзін з самых працяглых у Еўропе, трэба гэта цаніць, бо ў іншых краінах маці павінны вяртацца на працу праз два-чатыры месяцы, альбо нават зусім не атрымліваюць платнага дэкрэту. Год з дзіцём — гэта сапраўды шмат, і гэта варта цаніць. Нават калі маці вяртаецца на працу, яна не знікае з жыцця дзіцяці, нават 15 хвілін, паўгадзіны ці гадзіна ў дзень, прысвечаныя дзіцяці, гэта добра. А нават значна лепш, чым, напрыклад, маці, якая не вярнулася на працу, «сядзіць» з дзіцём, але адчувае сябе сумнай, незадаволенай, хоча ўсё кінуць і збегчы. Што з таго, калі яна цэлы дзень з дзіцём, але насамрэч адсутнічае думкамі? Такім чынам, нават кароткі, але інтэнсіўны час каштоўны для развіцця дзіцяці.

Размаўляла Наталля Грышкевіч