Беларуская Служба

«Tour de Pologne». Вядомая траса самай прэстыжнай велагонкі ў Польшчы

31.05.2026 13:14
Нягледзячы на тое, што да пачатку сёлетняга «Tour de Pologne» засталося яшчэ некалькі тыдняў, заўзятары ўжо могуць падрыхтавацца да адной з найважнейшых веласіпедных падзей сезона. У аўторак, 26 мая, былі апублікаваныя падрабязнасці поўнага маршруту гонкі.
Аўдыё
Ілюстрацыя Didier/Pixabay/CC0

«Tour de Pologne» — найважнейшая шматэтапная велагонка ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і адзіная падзея такога рангу ў Польшчы, уключаная ў элітны каляндар UCI WorldTour. Гадамі яна прыцягвае на польскія дарогі найбуйнейшых зорак свету, спалучаючы спартыўныя спаборніцтвы вышэйшага ўзроўню з прасоўваннем найпрыгажэйшых рэгіёнаў краіны.

Гісторыя нацыянальнай гонкі пачалася ў верасні 1928 года па ініцыятыве Варшаўскай асацыяцыі веласіпедыстаў і штодзённай газеты «Przegląd Sportowy». На працягу дзесяцігоддзяў мерапрыемства, тады вядомае як «Гонка вакол Польшчы», мела аматарскі статус. Прарыў адбыўся ў 1993 годзе, калі арганізацыю мерапрыемства ўзяў на сябе алімпійскі віцэ-чэмпіён Чэслаў Ланг. Дзякуючы яго працы, гонка атрымала паўнавартасны прафесійны статус, а ў 2005 годзе была павышана да прэстыжнага UCI ProTour (цяпер UCI WorldTour).

Траса 83-цяй велагонкі «Tour de Pologne» будзе складаць больш за 1100 кіламетраў. Гонка стартуе 3 жніўня ў Гдыні і фінішуе 9 жніўня ў Вялічцы. Маршрут быў афіцыйна прадстаўлены на гэтым тыдні.

Дырэктар гонкі Чэслаў Ланг расказвае, што чакае велагоншчыкаў.

 Старт у Гдыні, а потым праз Паморскае, Заходне-Паморскае, Любушскае ваяводствы, Сілезія, Ніжняя Сілезія, Малапольшча мы даедзем да Вялічкі. Фінішы будуць у такіх гарадах як Кашалін, Шчэцін, Зялёная Гура, Карпач, Коцеж, Букавінка. І ў Вялічцы індывідуальная гонка на час.

Этапы з першага па трэці ў асноўным прызначаны для спрынтараў. Заключным этапам будзе гонка на час. Аднак этапы з чацвёртага па шосты, прызначаныя для «горных гоншчыкаў», павінны быць самымі складанымі.

— Менавіта тады павінна быць найбольшая нагрузка,  раскрывае Чэслаў Ланг.  Кожны з іх будзе складаным. Траса ідзе праз Карпач, мы ведаем, як ён выглядае. Гэта месца, дзе пелатон разрываецца. На канцы трасы нечаканы момант, там паяўляецца вузкая траса, там нават найлепшыя прафесіяналы сходзілі з трасы, бо не былі ў стане ехаць. Таму гэта будзе такая нечаканасць. І такім каралеўскім, на маю думку, месцам будзе Букавіна.

«Tour de Pologne» вяртаецца ў Паморскае ваяводства. На першым этапе пелатон праедзе праз родны горад Чэслава Ланга, дзе ён нарадзіўся ў 1955 годзе. Гэта будзе для мяне сентыментальнае падарожжа, падкрэсліў дырэктар гонкі ў эфіры Eurosportu.

— Вельмі сентыментальны ўчастак для мяне, і я думаю для маіх сяброў, для маіх знаёмых, для ўсіх, з кім я вучыўся ў школе, дзе я вырас, што я мог бы зрабіць для іх нешта прыемнае. Я арганізоўваю «Tour de Pologne» ужо 34 гады. Я пачаў з невядомай гонкі, гонкі, пра якую ніхто не ведаў. Вядома, мы ведалі пра яе ў Польшчы, але яна заўсёды была ў цені Гонкі міру, таму што гэта было даваеннае мерапрыемства, таму пасляваенныя ўлады не вельмі цікавіліся ёю, але яе арганізоўвалі народныя спартыўныя калектывы. І яна заўсёды недзе існавала, але ў нейкай трэцяй ці чацвёртай катэгорыі. Аднак, каб давесці гэтую гонку да таго ўзроўню, які яна мае зараз, гэта значыць сусветнай гонкі, патрабавалася шмат працы, дыпламатыі і г.д. Такім чынам, усе тыя гады, якія я прызначыў на стварэнне гэтай гонкі, каб дасягнуць гэтага ўзроўню, склалі больш за 30 гадоў. Але цяпер у нас ёсць імпрэза, можна сказаць, вяршыні. Гэтак жа, як у французаў ёсць «Tour de France», ці ў італьянцаў  «Giro d'Italia», у нас ёсць «Tour de Pologne». Вядома, характар іншы, гонка карацейшая, і ў нас няма такіх гор, але ў нас таксама ёсць характар, гэтая гонка прыносіць новых зорак, новыя таленты. І я вельмі рады, што ў гэтым годзе змагу праехаць па зоне Чэслава Ланга. Гэта ўчастак, дзе я нарадзіўся, дзе я вырас, дзе я вучыўся, дзе я пачаў сваю спартыўную карʼеру, дзе я навучыўся свайму рамяству.

Тыднем раней, з 24 па 26 ліпеня, адбудзецца 4-ая жаночая велагонка «Tour de Pologne». Зноў жа ў Люблінскім рэгіёне.

— Люблінская трохдзёнка вельмі цікавая. Мы дадалі крыху гор, крыху новых этапаў, бо пачынаем з Тамашава, а фінішуем у Замосці. Пакажам усё цудоўнае Расточча. Пазней з Уладавы ў Любэртаў, таксама вельмі прыгожая траса. Гэта горад майго калегі Януша Пажака, з якім мы праехалі мноства гонак, і ён там вельмі моцна папулярызуе велагоначны спорт. Арганізоўвае роварныя рэйды, у якіх прымаюць удзел тысячы раварыстаў. Такі вельмі роварны горад. Далей з Яноўца да Любліна, дзе будзе фінал.

У мінулым годзе выйгралі італьянка Кʼяра Кансоні і амерыканец Брэндан Макналці.
Цяпер «Tour de Pologne»  гэта не проста спартыўнае мерапрыемства, гэта нацыянальная традыцыя, якая штогод піша новыя, захапляльныя раздзелы ў гісторыі сусветнага веласпорту.

ав