Падтрымаць палітыка заклікаюць таксама і ў Польшчы, згадваючы яго высілкі на карысць добрасуседскіх адносін паміж палякамі і беларусамі.
Вядомы беларускі палітык і грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч апынуўся ў складанай сітуацыі. 25 лістапада мінулага года палітыку была зроблена аперацыя, пасля праведзена тамаграфія, якая паказала, што правая шыйная артэрыя была закрытая тромбам на 80 працэнтаў. Падчас аперацыі здарыўся ацёк мозгу і пачаліся доўгія месяцы лячэння.
Жонка Аляксандра Мілінкевіч Іна Кулей апублікавала 26 мая пост пра стан здароўя Аляксандра Мілінкевіча і звярнулася з просьбай аб дапамозе.
— Як і многія з вас, мы не можам вярнуцца на Радзіму. Наш дом у Берштах пасля вобшукаў апячатаны, заведзена крымінальная справа. Мы не атрымліваем ні беларускіх, ні польскіх пенсіяў і жывем толькі на тое, што можам зарабіць самі. Калі мы былі здаровыя і працавалі ўдвух, нам хапала на дастойнае жыццё. Цяпер усё змянілася. Арэнда жылля, аплата рэабілітацыйнага цэнтру, лекі, транспартныя выдаткі, каб штодня дабірацца да мужа ў шпіталь, — усё гэта ўжо выходзіць за межы нашых магчымасцяў. Таму я звяртаюся да вас, сябры, з просьбай аб дапамозе.
У той жа дзень увечары Bysol паведаміў, што за няпоўныя суткі на рэабілітацыю Аляксандра Мілінкевіча сабрана больш за 20.тысяч долараў, або 62% ад неабходнай сумы. 28 мая Іна Кулей напісала пра закрыццё збору, патлумачыўшы гэта тым, што патрэбная сума сабрана.
Пра цяперашні стан здароўя Аляксандра Мілінкевіча і салідарнасць беларусаў мы запыталіся ў Іны Кулей.
— Стан здароўя можна акрэсліць як цяжкі. Аляксандр ляжачы хворы, які змагаецца з бактэрыямі. Ён у свядомасці, усё разумее, усім цікавіцца. Зараз пачынаецца больш сур'ёзная рэабілітацыя, каб запрацавалі рухі. Вельмі важна, каб ён спачатку мог сесці сам, а потым ужо можа быць і нават устаць на ногі. Гэтым займаюцца спецыялісты рэабілітолагі, і яны падыходзяць да гэтага паступова. Пакуль што з іх дапамогай, ён можа гэта зрабіць.
— Я сама працавала ў Камітэце Салідарнасці і ведаю, што беларуская салідарнасць нешта надзвычайнае. Бо беларусы вельмі адгукаюцца на чужы боль і, можна сказаць, лічаць яго сваім. Таму, дапамога для нас не стала нечаканасцю, але стала вельмі прыемнай і сардэчнай падзеяй, і мы проста ў захапленні ад таго, як гэта было хутка, і наколькі беларуская і польская супольнасць адгукнуліся.
— Я скажу, што гэта таксама вельмі важна для Аляксандра. Бо ён сам чытаў і мы яму таксама чыталі тыя словы, якія пісалі людзі, што рабілі ахвяраванні. Гэта найлепшая матывацыя для чалавека, які зараз змагаецца за сваё здароўе.
Дарэчы, праявы салідарнасці былі не толькі з боку беларусаў. 7 чэрвеня вядомы польскі журналіст Міхал Патоцкі на старонках штодзёнкі «Dziennik Gazeta prawna» апублікаваў зварот: «Польшча, клапаціся пра сваіх саюзнікаў. Дапамажы Аляксандру Мілінкевічу», у якім згадвае пра шматгадовую дзейнасць беларускага палітыка па наладжванні добрасуседскіх адносін.
— Гэта пытанне памяці пра саюзнікаў польскай дзяржавы. Аляксандр Мілінкевіч быў такім саюзнікам польскай дзяржавы. Калі ён быў актыўным лідарам беларускай апазіцыі, Польшча ставіла перад сабой мэтай дапамогу дэмакратызацыі Усходняй Еўропы, дапамогу ў вызваленні ад расійскіх уплываў. Мілінкевіч быў саюзнікам у той час польскай Усходняй палітыкі. Амбітныя дзяржавы павінны памятаць пра саюзнікаў, калі ёсць такая патрэба, нашы саюзнікі павінны ведаць, што Польшча за імі стаіць. Да таго ж тут ёсць гуманітарны аргумент.
Тое, што здарылася са спадаром Мілінкевічам, гэта таксама нагода, каб звярнуць увагу на лёс іншых беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны па палітычных прычынах і застаюцца цяпер без пенсій і сродкаў да жыцця. Іна Кулей перакананая, што беларусам сталага ўзросту, якія апынуліся ў Польшчы ў палітычным выгнанні, патрэбная дапамога ад іх другой Радзімы.
— Я лічу, што гэта вельмі слушная рэч, таму што людзі сталага веку, якія вымушаныя былі пакінуць Радзіму, якія прыехалі сюды ў Польшчу, яны ў большасці сваёй мусяць працаваць на тое, каб зарабіць на арэнду кватэры, на сваё пражыванне, на харчаванне, увогуле, на нармальнае жыццё. Беларускія ўлады не вельмі спяшаюцца рабіць трансфер пенсій з Беларусі сюды ў Польшчу. Я ведаю прыклады людзей, у якіх атрымалася гэта зрабіць, але гэта адзінкі. Вельмі важна, каб не толькі моладзь, але і людзі сталага ўзросту таксама мелі магчымасць вучыцца, праявіць сябе, заснаваць бізнес, каб людзі сталага веку таксама адчувалі сябе ў сваёй другой краіне ўпэўнена.
Журналіст Міхал Патоцкі распавёў, што ўжо была рэакцыя на яго зварот. Ён спадзяецца, што гэта спрычыніцца да таго, што Аляксандру Мілінкевічу будзе аказана дапамога з боку польскай дзяржавы.
Юры Ліхтаровіч